Антанёўская бабуля Марыя Кеда, якая жыцьцё пражыла ў Налібоцкй пушчы, вучыла:
Угледзіш гадзіну — забі. Дараваныя табе будуць семдзесят пяць грахоў.
Баюся гадзіны. І забіваць баюся.
Ня бойся. Бо калі не заб’еш, дададуцца табе дванаццаць грахоў.
За што дададуцца?
Бо гадзіна каго-небудзь абавязкова ўкусіць. А ты яго выратаваць не захацела...
Не засвоіла бабуліну навуку. Усё жыцьцё ад гадзінаў уцякаю. Ідучы ў лес, зьвяртаюся да іх, дэкляруючы, што дрэннага ім не зраблю. Наўзамен прашу мне на вочы не трапляць.
Згадала гэта, калі давялося заблякаваць «сяброў» з ФБ. Даведалася: празь зьвесткі з мае стужкі яны здольны ўджаліць іншых.
Гадкае адчуваньне! Быццам забіла гадзіну.
Альжбета Кеда
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org