Што такое «Белы легіён»
Незарэгістраваная арганізацыя «Белы легіён» была заснаваная на пачатку 1990‑х гадоў чальцамі моладзевага крыла зьліквідаванага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).
У 90-я гады колькасьць чальцоў «Белага легіёну» не перавышала 200 чалавек. Яны бралі ўдзел у штогадовых спартовых зборах і летніках у розных кутках Беларусі. Мэтай арганізацыі абвяшчалася абарона незалежнасьці Беларусі, якая апынулася пад пагрозай праз падпісаньне саюзных дамоваў з Расеяй.
Чальцы арганізацыі ўдзельнічалі ў маніфэстацыі «Марш Свабоды» 17 кастрычніка 1999 году, якая скончылася сутычкамі зь міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Тады 20 тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы Менску, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых палітыкаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку акцыі 53 міліцыянты атрымалі пашкоджаньні.
На пачатку 2000-х гадоў арганізацыя аб’явіла аб спыненьні свайго існаваньня за фармулёўкай «адсутнасьць грамадзкай неабходнасьці ў баявой арганізацыі нацыяналістаў, бо небясьпекі сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь больш не існуе». Пасьля гэтай заявы арганізацыя фактычна спыніла сваю публічную дзейнасьць.
Пазьней, дзякуючы ініцыятыве аднаго з заснавальнікаў, Сяргея «Бульбы» Чыслава, «Белы Легіён» пачаў дапамагаць украінскаму войску. Невядома, колькі сяброў налічвае арганізацыя ў 2022-м годзе, сам Чыслаў нярэдка выступае вайсковым экспэртам у беларускіх незалежных СМІ і ўкраінскай прэсе.
Былы лідэр «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў, які цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі, пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды інфармацыю, пададзеную Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, што сярод затрыманых колішніх актывістаў арганізацыі — «прафэсійныя баевікі».
«Афіцэры, якіх яны затрымалі, — прафэсіяналы? Нагнятаньне гістэрыі! Ім цяпер патрэбная карцінка... У тым ліку і КДБ, каб не выглядаць дэбіламі за джып на мяжы ды г. д.»
Што да паказанай КДБ зброі, Сяргей Чыслаў сказаў:
«Зброя — ці то муляжы, ці то вучэбная. Страйкбольныя прывады хіба ня трапілі ў кадар? Міраслаў [Лазоўскі] на відэа заўважна хітае галавой — «Не» — калі адчыняюць багажнік машыны з АК. Подласьць і паскудзтва. Ганьба такім «афіцэрам».
Што да супрацоўніцтва з УНА -УНСО, Сяргей Чыслаў сказаў, што дамовы пра супрацоўніцтва зь імі ніколі не было.
«УНА-УНСО даўно пакалолі на часткі, і апошнія кавалкі ўвайшлі ў ПС-фармат. Мы — арганізацыя, якая фармальна не існуе, то як пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю? Калі прыватныя кантакты хто мае, то мае... Дагавору аб супрацоўніцтве ніколі не было».
Таксама Сяргей Чыслаў заклікаў да салідарнасьці:
«Цяпер ня час лёзунгаў. Але прашу братоў-беларусаў праявіць максымальную салідарнасьць! Бо на месцы Лазоўскага можа аказацца абсалютна любы з нас!»
У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі пачалі крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ). У КДБ заяўляюць, што затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале зь Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале зь Дзьмітрыем Дашкевічам — усяго 26 чалавек.
Вядома, што сярод затрыманых былі былыя і цяперашнія супрацоўнікі сілавых структураў Беларусі.