Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ён проста ня можа па-іншаму


У свой час мне даводзілася бачыць баявых афіцэраў у цывільнай абстаноўцы. Не, я не пра «людзей у цывільным», а пра тых, хто камандаваў баявымі часткамі ў Аўганістане. Камандаваў сьмела, у поўнай ступені выяўляючы якасьць, якая лічыцца галоўнай для камандзіра — здольнасьць падпарадкоўваць людзей сваёй волі. Сьведчаньнем гэтага былі баявыя ордэны, па два-тры ў кожнага.

Але ў невайсковай, мірнай, звычайнай абстаноўцы гэтыя людзі выглядалі нягегла, часам нават камічна і закамплексавана — куды толькі падзелася харызма?

Дэмакратыя, неабходная свабоднаму чалавеку як паветра — сьмерць для таго, хто спавядае аўтарытарызм.

Не, яны не зьмяніліся, яны проста трапілі ў асяродзьдзе, да жыцьця ў якім былі непрыстасаваныя, дзе ледзь ня кожны крок — ад размовы ў новай кампаніі да афармленьня нейкай паперкі ў домакіраўніцтве — патрабаваў ад іх, здавалася, вялізных псыхалягічных высілкаў. Я ў войску марыў пра дзень, калі здыму пагоны (і нават, што ўжо хаваць, праколваў дні ў календары) — а для іх выхад на «гражданку» быў катастрофай. Выхад нават не на пэнсію — а проста ў адпачынак («У адпачынку не магу дачакацца, калі вярнуся ў частку» — казаў мне камандзір суседняй батарэі). Цывільны асяродак для такіх быў варожым — як паветра для рыбы.

Дэмакратыя, неабходная свабоднаму чалавеку як паветра — сьмерць для таго, хто спавядае аўтарытарызм.

З самага першага дня нашага знаёмства з дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам, вясной 90-га, заўважыў у ім імкненьне падаўляць. Падаўляць псыхалягічна ў размове ў кампаніі, у дыскусіі на сэсіі. Бадай што адзіным чалавекам, перад якім Лукашэнка ніякавеў і псыхалягічна якому саступаў — быў Пазьняк (магчыма, менавіта таму на выбарах у 1994 годзе, калі нашы каманды выпадкова перасекліся, здаецца, у Горках, — ён катэгарычна адмовіўся ад прапановы правесьці дыскусію з Пазьняком у адной аўдыторыі).

Перамогу ў шахматным матчы браў не распрацоўкай шматкрокавых камбінацый, а дошкай па галаве праціўніка.

Зрэшты, прага да лідэрства — плюс для палітыка. Але ў выпадку з Лукашэнкам гэта было ня тая мэта, якая дасягаецца сілай аргумэнтаў, здольнасьцямі, настойлівасьцю — хаця здараліся ў ягоных выступах, на пачатку дэпутацкай дзейнасьці, і слушныя аргумэнты, былі ў Лукашэнкі і здольнасьці, і настойлівасьць, і выглядала б неаб’ектыўным гэта не прызнаць. Але праўда і тое, што, як правіла, дасягаў ён сваіх мэтай ціскам — у розных формах. Ці, прасьцей кажучы, перамогу ў шахматным матчы браў не распрацоўкай шматкрокавых камбінацый, а дошкай па галаве праціўніка.

Аляксандар Лукашэнка — аўтарытарны тып палітыка. Такі будзе слухаць вашыя словы пра падзел ўладаў, пра свабоду СМІ, пра правы чалавека — і нават, магчыма, пагодзіцца. Але — зробіць па-свойму. Ён проста ня ўмее, не навучаны быць іншым.

І таму для такога кіраўніка свабода і дэмакратыя — супрацьпаказаныя ў якой заўгодна порцыі. Нават у мізэрнай. Не, у мізэрнай пацярпець ён, канешне, можа, але нядоўга.​

Цяпер мы бачым, што зусім нядоўга.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG