Затрыманаму ў ноч на 11 сакавіка ў Бабруйску Максіму Лубінскаму прысудзілі 5 сутак адміністрацыйнага арышту, Вользе Аўдзейчык — штраф у 2 базавыя велічыні.
Таксама міліцыя выклікала затрыманую 12 сакавіка кіраўніцу аддзяленьня прафсаюза РЭП і актывістку АГП Галіну Сьмірнову на складаньне новага пратаколу, хоць раней ёй далі позву ў суд 15 сакавіка.
Тым часам бабруйская міліцыя дапытвае затрыманых Максіма Буйніцкага, Яўгена Глаголева-Васьковіча, Інгу Судзілоўскую.
Суд над берасьцейцам Уладзімерам Асінчанкам перанесены на 10 гадзін раніцы 17 сакавіка, бо сёньня ня было сьведкаў-міліцыянтаў па яго справе. Уладзімер Асінчанка быў затрыманы 10 сакавіка і да сёньня знаходзіўся ў пастарунку. Цяпер ён адпушчаны да суду. Яго вінавацяць у расклейцы ўлётак з заклікам на масавую акцыю.
У Аршанскім раённым судзе ў час разгляду справы журналітскі Кацярыны Бахвалавай падсуднай стала кепска, яе вывялі з залі суду. У час працэсу яна прасіла вады, тлумачыла, што не магла есьці ў ізалятары праз санітарныя ўмовы.
Празь некалькі хвілін Бахвалаву вярнулі ў залю суду, працэс працягнулі.
Бахвалаву вінавацяць у непадпарадкаваньні законным дзеяньням міліцыі.
Журналістку «Белсату» Кацярыну Бахвалаву аштрафавалі на 690 рублёў
«Гэта кошт свабоднай журналістыкі ў Беларусі», — заявіла Кацярына і падзякавала за салідарнасьць.
Журналістцы Бахвалавай — штраф 690 рублёў
Сумарны штраф склаў 690 рублёў — 5 базавых велічыняў за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» і 25 базавых — за парушэньне заканадаўства аб СМІ. Яна зьбіраецца абскарджваць прысуд.
Асуджаны актывіст з Дрыбіна Андрэй Юркоў
2-е сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі даў судзьдзя Мікалай Драгуноў.
Васьковіча, якога міліцыя змагла «правільна» забраць толькі з трэцяга разу, затрымалі да наступнага дня, адабралі тэлефон. Цяпер яго вязуць у ізалятар. Пра гэта ён пасьпеў распавесьці жонцы.
Паўла Севярынца пачынаюць судзіць у Воршы — яго завялі ў залю суду, міліцыя спачатку без тлумачэньняў не пускала ў залю журналістаў, маці і жонку абвінавачанага, ягонага адваката. Празь некалькі хвілін усіх прапусьцілі, нічога не растлумачыўшы. Міліцыя таксама не дазваляла перадаць Севярынуц ваду, пакуль адвакат не заявіў гучны пратэст.
Паўла Севярынца пакаралі 15 суткамі арышту.
У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 13 сакавіка былі асуджаныя Віктар Рубцоў і Максім Філіповіч. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць дэкрэта № 3, які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.
Віктар Рубцоў атрымаў 14 сутак арышту.
Максім Філіповіч — 13 сутак. Яго самога на судзе не было. Сувязі зь ім няма. 11 сакавіка падчас акцыі пратэсту ў Пінску Максіма Філіповіча спрабавалі затрымаць людзі ў цывільным.
33-гадовы блогер з Гомеля Максім Філіповіч стаў вядомы пасьля актыўнага асуджэньня «дармаедзкага» дэкрэту № 3, ахвярай якога стаў ён сам.
«Зараз асаблівы ціск будзе скіраваны на журналістаў»: суды над актывістамі і блогерамі ў Берасьці
У Ленінскім судзе Берасьця 13 сакавіка адбылося 8 працэсаў над удзельнікамі масавых акцыяў. Найбольшы прысуд сёньня — 15 сутак арышту, некаторыя справы перанесьлі на іншыя дні.
У Бабруйску Аляксея Раманава адпусьцілі да хаты да працягу суду 14 сакавіка. Інкрымінуюць дробнае хуліганства, але міліцыянты блытаюцца ў паказаньнях, таму судзьдзя не змагла вынесьці прысуд і адклала да заўтра. Юрась Грынявецкі і Максім Буйніцкі правядуць ноч у ізалятары. Грынявецкі, якога трымалі дзень і будуць трымаць ноч, жыве адзін зь непаўналетнім дзіцем. Буйніцкаму інкрымінуюць арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Інга Судзілоўская і Галіна Сьмірнова дагэтуль застаюцца недзе на допытах.
Сьпіс затрыманых: больш за 100 чалавек
Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў сьпіс затрыманых і асуджаных у сувязі з акцыямі пратэсту апошніх дзён. На момант публікацыі ў сьпісе 101 чалавек, сьпіс абяцаюць абнаўляць, калі становяцца дакладна вядомымі новыя факты затрыманьняў і судоў.
Некаторыя ў сьпісе ўжо атрымалі штрафы, некаторыя — адміністрацыйныя арышты, астатнія затрыманыя да судоў або атрымалі позву на суд. У сьпісе людзі зь Менску, Бабруйску, Баранавічаў, Берасьця, Воршы, Гомелю, Горадні, Лунінца, Магілёва ды іншых гарадоў.