Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць найлепшых харчовых камбінацый для страты вагі


Калі вы хочаце скінуць вагу, то, паводле дыетолягаў, для гэтага могуць прыдацца не асобныя дыетычныя прадукты, але іх камбінацыі. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Эліс Мільлер.

Аўтарка заклікае ўключыць гэтыя «магутныя пары» ў свой рацыён, каб даўжэй не адчуваць голаду, спажываць менш калёрый і спальваць лішнія тлушчы.

Сушы і зялёны чай

Сушы-бар — гэта тое месца, дзе варта браць ежу для пахудзеньня. Лепш за ўсё выбіраць сушы з багатымі на Амэгу-3 тунцом і ласосем і, калі можна, зь цёмным, а ня белым рысам. Запіце сушы кубкам зялёнага чаю, які, паводле вынікаў многіх дасьледаваньняў, дапамагае расшчапляць тлушчы ў арганізьме.

Бутэрброд з авакада і яйкамі

Такі лусьцень — гэта добры спосаб для запуску хуткай страты вагі, перш за ўсё раніцай. Адно дасьледаваньне паказала, што сьняданак зь яйкамі дапамагае даўжэй захаваць пачуцьцё сытасьці (да 36 гадзін!). Спалучэньне яйка з кавалкам цэльназерневага тосту забясьпечыць прыліў энэргіі. Расьлінная клятчатка дапаможа страваваньню на працягу ўсяго дня. А да такога бутэрброда варта дадаць порцыю багатага на здаровыя тлушчы авакада, якія дапамогуць змагацца з голадам. Да таго ж авакада ўмацоўвае сэрца і імунную сыстэму.

Суп і салат

Пачынайце абед з супу, пажадана зь вялікай колькасьцю нізкакалярыйнай гародніны. Адно дасьледаваньне паказала, што калі вы зьясьце трохі супу перад асноўнай стравай, вы спажывяце на 20 адсоткаў менш калёрый за абедам. Да супу варта дадаць салат са шпінатам. Зеляніна мае ў сабе шмат вады, якая дапаможа вам стрымліваць пачуцьцё голаду. У салат варта дадаваць яйка. Дасьледаваньні паказваюць, што яйкі дапамагаюць вашаму арганізму засвойваць вітаміны з сырой гародніны.

Аўсянка і гарэхі

Такі клясычны сьняданак — разумны і лёгкі спосаб пачаць свой дзень правільна. Багатая на клятчатку аўсянка можа дапамагчы супакойваць шматлікія запаленчыя працэсы, зьвязаныя з атлусьценьнем. А калі вы дадасьце ў аўсянку міндаль або фісташкі — вы атрымаеце падвойную дозу валакна. І гэты дуэт пасьпяхова змагаецца з пачуцьцём голаду і дапамагае даўжэй захаваць пачуцьцё сытасьці.

Вострая курыца і фасоля

Трыо бабоў, курыцы і перцу зьяўляецца ідэальным выбарам для сяброўскай вячэры. Уключэньне большай колькасьці бялку ў рацыён можа дапамагчы вам спальваць больш калёрый і, адпаведна, лягчэй страціць лішнюю вагу. Выбірайце найменш калярыйныя курыныя грудкі і фасолю цёмнага колеру. Спалучэньне мяснога бялку з бабовым дапаможа вам схуднець і спаліць лішні халестэрын. І трэба памятаць, што некаторыя злучэньні ў перцы паскараюць мэтабалізм і зьніжаюць апэтыт.

Вада і маліны

Для лёгкай паўдзённай закускі вельмі падыходзіць жменя сьвежых малінаў. Маліны салодкія — а гэта натуральны шлях ня есьці цукар. Калі вы будзеце есьці маліны зь вялікай колькасьцю вады, гэта дапаможа вам лепш засвоіць усе расьлінныя валокны гэтых ягад. Бонус — гэтая камбінацыя таксама спрыяе пахудзеньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG