Гледзячы на «маршы дармаедаў», я згадаў, як у 2007 годзе ў вёсцы Варняны Астравецкага раёну страйкавалі мэханізатары.
І ня проста страйкавалі, а выйшлі на цэнтральны пляц. Мэханізатары пратэставалі супраць заніжаных заробкаў, але найперш — супраць свавольства старшыні калгасу (СПК па-сучаснаму), які ня толькі звальняў незаконна, але нават дазваляў сабе біць работнікаў.
Гэта вельмі рэдкі выпадак, каб сяляне страйкавалі, ды яшчэ ў часы «росквіту» лукашэнкаўскай Беларусі.
Я спытаўся, чаму людзі не напішуць скаргу ў пракуратуру? Тым больш столькі сьведкаў зьбіцьця аднаго з мэханізатараў. «Што вы! Яны ж з пракурорам сябруюць! Яшчэ горш будзе». — «Дык адпраўце ліст у абласную пракуратуру». — «Не! Ліст перахопяць на пошце ў Астраўцы!». — «Дык адпраўце ганца адразу ў Менск». Паўза. «А раптам не даедзе?..».
З аднаго боку, неверагодная запужанасьць, нават ня верылася што ўсё адбываецца ў ХХІ ст. Зь іншага боку — жэст адчаю і адначасова мужнасьці. Тое, што для гораду было б прахадной малацікавай тэмай, у вёсцы вымагала проста неверагоднай адвагі! Але тэма горад не зацікавіла.
Да мэханізатараў больш ніхто не прыехаў, а самі работнікі ўрэшце былі вымушаныя шукаць працу ў іншых гаспадарках і нават у іншых раёнах.
А цяпер уявіце, што ў Варняны прыехаў бы хтосьці з АГП, БНФ, «Руху за Свабоду» ці іншай грамадзка-палітычнай ініцыятывы. Наняў бы юрыста і дапамог мэханізатарам вырашыць праблему. Пагалоска пра супэргерояў-ратавальнікаў пайшла б і па ўсім раёне і шырэй!
Замест тысяч улётак і налепак — праца двух юрыстаў.
Цяпер амаль уся Беларусь — тыя самыя варнянцы. Людзі, якія ня ведаюць, да каго кінуцца па дапамогу са сваім бясьсільлем перад бюракратычным ціскам дзяржавы.
Яшчэ за месяц да пачатку антыдармаедзкіх акцый старшыня РЭПу (прафсаюз работнікаў радыё-электроннай прамысловасьці) Генадзь Фядыніч прапанаваў у тэлепраграме «Белсата» ўсім зацікаўленым палітычным сілам аб'яднацца вакол РЭПу ў справе падрыхтоўкі пратэстаў. Бо менавіта рэпаўцы ўжо тады рабілі асноўную арганізацыйную працу «ў полі» на Гомельшчыне. «Але ж тады прафсаюз будзе галоўным змагаром, — зазначае вядоўца праграмы Ўладзімер Мацкевіч. — А кожны прэтэндуе на тое, што ён галоўны». Генадзь Фядыніч: «Мы пайшлі б за любой партыяй і рухам, калі б былі канкрэтныя прапановы».
І вось празь месяц нечакана для ўсіх Гомель упершыню за многія гады зьбірае на цэнтральнай плошчы людзей.
Сваю думку пра РЭП я агучыў адразу пасьля гомельскага мітынгу. Маўляў, прафсаюзы робяць тое, што мусіла рабіць апазыцыя яшчэ гадоў пятнаццаць таму. І тады б без усялякіх налепак ланцужковым тэлеграфам пагалоска пра супэргерояў-апазыцыянэраў разносілася б па ўсёй краіне.
Я атрымаў камэнт ад прэсавай сакратаркі АГП Алены Красулінай, якая пачала словамі: «Ня трэба блытаць работу праваабаронцаў і палітыкаў. Палітыкі — распрацоўваюць і прапануюць альтэрнатыўную праграму разьвіцьця краіны».
Я думаў, што палітыкі яшчэ і змагаюцца за галасы выбарнікаў.
Не бяды, што прафсаюзы зблыталі з праваабаронцамі. «Прафсаюзы робяць сваю частку работы, палітыкі/палітычныя партыі — сваю», — удакладняе Алена Красуліна.
Выходзіць, палітык ня той, у каго дазвол ад дзяржавы ў выглядзе рэгістрацыі партыі. А той, хто заваёўвае галасы будучых выбарнікаў, дапамагаючы людзям вырашаць іх праблемы.
Бо мы жывем у аўтарытарнай краіне, дзе ўлада дае дазвол ці недазвол на рэгістрацыю палітычнай партыі. Дзе манапалізаванае дзяржавай ТВ, дый наагул распаўсюд інфармацыі пад кантролем. Таму любыя адсылкі да прыкладаў Эўропы ці ЗША ня маюць ніякага сэнсу. Маўляў, там канкуруюць ідэі.
Палітык — чалавек магчымага. І каб у Беларусі пачалі канкураваць, напрыклад, ідэі лева-цэнтрыстаў з ідэямі правых кансэрватараў, трэба ўсім зацікаўленым разам зрабіць, каб дэмакратычная сыстэма нарэшце зьявілася. А для гэтага ўжо трэба працаваць ня толькі галавой, але рукамі і нагамі. Як гэта робяць незалежныя прафсаюзы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.