Рассельгаснагляд адклаў візыт сваіх адмыслоўцаў у Беларусь, асьцерагаючыся «правакацыйных дзеяньняў зь беларускага боку», паведамляе прэс-служба расейскага ведамства.
«Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе прыняла рашэньне аб пераносе тэрмінаў візыту спэцыялістаў службы ў Рэспубліку Беларусь, які быў заплянаваны на люты 2017 году. Падобнае рашэньне Рассельгаснагляд быў вымушаны прыняць у сувязі з існуючымі асьцярогамі шэрагу інспэктараў наконт магчымых правакацыйных дзеяньняў зь беларускага боку. Візыт адкладзены да стабілізацыі сытуацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама адзначаецца, што пра наведваньне расейскімі спэцыялістамі месцаў захоўваньня і вытворчасьці расьліннай прадукцыі ў Беларусі дамовіліся на перамовах, якія прайшлі паміж намесьнікам кіраўніка Рассельгаснагляду Юліяй Швабаўскене і дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Піскуном 7 лютага.
«Заплянаваны візыт павінен быў праясьніць сытуацыю з рэзкім павелічэньнем аб’ёмаў паставак падкарантыннай прадукцыі зь Беларусі ў Расею, а менавіта: морквы ў 2,6 раза, яблыкаў у 1,5 раза, капусты пэкінскай у 3,3 раза, грыбоў у 1,4 раза, цыбулі рэпчатай у 32 раза, бульбы ў 2,2 раза ў параўнаньні з 2015 годам», — паведамляе Рассельгаснагляд.
9 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што «на просьбу беларускага боку ўводзіць нагляд за прадукцыяй ад пункту перасячэньня адміністрацыйнай мяжы да месца рэалізацыі».
8 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што ў студзені на мяжы спынены ўвоз зь Беларусі ў Расею больш як 40 партыяў малочнай і мясной прадукцыі беларускага паходжаньня.
З 6 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі, а таксама некаторых з Магілёўскай вобласьці. Сярод прычын называліся падазрэньні ў тым, што беларускія прадпрыемствы прадаюць у Расею мяса ўкраінскага паходжаньня.
3 лютага Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзіяў Масквы да беларускіх прадуктаў і нават паабяцаў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельнаснагляду Сяргея Данкверта за «нанясеньне шкоды дзяржаве».