Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку — апытаньне, потым — танкі?


У 1990 — 1991-гадах адбыліся падзеі, якія тады здаваліся выпадковымі — але сёньня лягічна кладуцца ў нашу найноўшую гісторыю.

На плошчу Леніна перад Домам ураду выйшаў чалавек з плякатам «Я буду прэзыдэнтам БССР». Ягонае прозьвішча я памятаю — але ня ў ім справа; да гэтага пікету ён ніякім чынам не «засьвяціўся» і зьнік з палітычнага поля гэтак жа раптоўна, як і зьявіўся. Прастаяў ён на плошчы некалькі дзён, некаторыя дэпутаты і журналісты падыходзілі да дзівака — гаварыў ён скамечана і ніякай праграмы ў яго не было. Дэпутаты паціскалі плячыма: пра прэзыдэнцтва ў 1990 годзе ўвогуле не ішла гаворка — ні ў Вярхоўным Савеце, ні ў СМІ.

падзеі, якія тады здаваліся выпадковымі — але сёньня лягічна кладуцца ў нашу найноўшую гісторыю

На дэбаты ў парлямэнце пікет дзівака ў тыя дні не паўплываў ніяк, а вось журналісты ўхапіліся за арыгінала (усё ж нешта новае, а то толькі руцінныя абмеркаваньні законапраектаў), і некаторыя газэты пра яго напісалі. Практычна ўсе — у іранічным тоне, кшталту — «Будучы прэзыдэнт выйшаў на пікет». Ну, пасьмяяліся.

У хуткім часе пра прэзыдэнцкія амбіцыі заявіў жыхар Канады, які называў сябе графам. Тут ужо пачаліся разгорнутыя інтэрвію, граф выказваў свае ацэнкі палітычнай сытуацыі, даваў парады і ўраду, і Народнаму Фронту.

Пра прэзыдэнцкія амбіцыі графа пісалі і афіцыйныя, і незалежныя выданьні. Пісалі, як правіла, у такім жа самым іранічным тоне, як і пра папярэдняга «кандыдата ў прэзыдэнты».

Але адначасна ў грамадзкую сьвядомасьць закладалася думка, што прэзыдэнцтва, як інстытут улады, у Беларусі можа існаваць.

А праз нейкі час у Канстытуцыйную Камісію Вярхоўнага Савета паступіў праект «прэзыдэнцкага» разьдзелу. І, нягледзячы на супраціў дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія пайшлі нават на байкатаваньне галасаваньня Асноўнага закону — у сакавіку 1994 году Беларусь зрабілася прэзыдэнцкай.

Вярнуся ў 1990 год. Тады ў некаторых дзяржаўных выданьнях зьявіліся рэйтынгі папулярнасьці і даверу палітыкам ды грамадзкім дзеячам. У тым, што ў іх фігуравалі старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей і ягоны першы намесьнік Станіслаў Шушкевіч, старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч і лідэр БНФ Зянон Пазьняк, першы сакратар ЦК КПБ Малафееў, народны дэпутат СССР пісьменьнік Васіль Быкаў ды народны дэпутат дэпутат БССР, мітрапаліт Філярэт — не было нічога нечаканага. Кожны зь іх, ці займаў ключавую дзяржаўную пасаду, ці ўзначальваў палітычную арганізацыю альбо канфэсію, ці, як Быкаў, быў маральным аўтарытэтам.

Спачатку яна, ідэя, можа падацца нелягічнай і нават абсурднай — галоўнае, каб яе паўтаралі, тады яна паступова абсурднай ужо не выглядае

Дзіўнаватым (ва ўсялякім разе, для мяне) было зьяўленьне там дырэктара саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну дэпутата Аляксандра Лукашэнкі.

Ня тое каб ён быў зусім непрыкметнай фігурай — якраз прыкметнай, ля мікрафону ён выступаў часта і па якіх заўгодна пытаньнях (у той час з Авальнай залі вяліся прамыя радыётрансьляцыі і людзі дэпутатаў ведалі). Аднак можна было назваць мінімум два дзесяткі дэпутатаў ня менш актыўных і ня менш вядомых — як з камуністычнага лягера, гэтак і з Апазыцыі БНФ і з так званых «незалежных». Да таго ж, яны, у адрозьненьні ад Лукашэнкі, удзельнічалі ў распрацоўцы законапраектаў і прадстаўлялі іх у парлямэнце —але ў апытаньні патрапіў менавіта Лукашэнка.

І тут мушу зрабіць істотнае ўдакладненьне: як я даведаўся пазьней, у пэўных выпадках не саміх рэспандэнтаў прасілі назваць асобаў, а — выбраць з прапанаваных. Іншымі словамі — сьпіс фармавалі ініцыятары апытаньня, «нечакана» увёўшы туды аднаго з шэраговых дэпутатаў.

Цяпер пра маніпуляваньне грамадзкай думкай нам вядома значна болей, чым чвэрць стагодзьдзя таму. Уключыце ў апытаньне «За каго б вы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?» побач зь вядомымі палітыкамі прозьвішча невядомага чалавека, публікуйце гэта ў прэсе, паўтарайце гэта паўгоду, год, два гады — і ён, так ці інакш, набудзе агульнанацыянальную вядомасьць. А далей, пры жаданьні — справа паліттэхналёгіяў.

Тое ж самае тычыцца і ідэяў. Спачатку яна, ідэя, можа падацца нелягічнай і нават абсурднай — галоўнае, каб яе паўтаралі, тады яна паступова абсурднай ужо не выглядае, замацоўваецца ў грамадзкай сьвядомасьці і — калі нехта вельмі і вельмі гэтага захоча, і калі згаданы «гэты» валодае магутнымі рэсурсамі — ідэя можа рэалізавацца. Асабліва калі ідэя падмацаваная бронетанкавымі карпусамі (праўда, тут шматварыянтнасьць: у Крым былі ўведзеныя ня танкі, а падразьдзяленьні спэцназу і, як прызнаўся Пуцін, анэксіі папярэднічала не адкрытае, а закрытае сацыялягічнае «дасьледаваньне»).

Вось чаму апытаньне ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» наконт уваходжаньня Віцебску ў склад РФ зусім не выглядае бяскрыўдным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG