Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства ананімных пацярпелых


Алена Германовіч
Алена Германовіч

У таварыстве ананімных алькаголікаў кажуць, што алькаголіка можа зразумець толькі другі алькаголік. Напэўна, гэтая тэза тычыцца і ананімных пацярпелых.

І такое ёсьць! Прынамсі, я за час сваёй працы пазналася з сотняй ананімных сяброў ананімнага таварыства, якое гуртуе пацярпелых ад жорсткасьці і бяздушнасьці беларускай улады, нашага родненькага рэжыму, які і спарадзіў вось гэта ўсё, ананімнае згуртаваньне тых, хто ў вочы ня бачыў і ня ўбачыць адзін аднаго, нікога ўвогуле з гэтага згуртаваньня. Аднаго хіба можна ўбачыць — у люстэрку, а цалкам — не. Дэвіз таварыства ведаюць усе, нават дашкольнікі, ён усім зразумелы, ад малака маці: «Мы ўсе баімся!». Гэты дэвіз, слоган я чула мільён разоў ужо. І калі чую чарговы раз, то арганізм уключае абарончую функцыю, будуе такі жалезабэтонны плот, празь які не пераскочыць ні слова інфармацыі, ніводны «жалезабэтонны» аргумэнт на карысьць таго, каб я схапіла свой меч і адчайна кінулася ў бой — бараніць тых, хто баіцца, хто нават імя сваё не называе, што там прозьвішча. Як быццам злыя духі адразу ж схопяць яго імя-прозьвішча, і нашлюць на носьбіта ўсе пякельныя жахі сьвету гэтага і таго.

Мы ўсе баімся!». Гэты дэвіз, слоган я чула мільён разоў ужо.

Неяк днямі я сачыла за зборам подпісаў у адным з райцэнтраў (зразумела, я не скажу, менавіта ў якім, трымаючыся правілаў ананімнага таварыства). Аднаму мінаку вельмі карцела паставіць подпіс за адмену таго дэкрэту аб «дармаедзтве», але «ён баяўся» — здарова, брат наш! Мужчына азіраўся па баках, на марознай вуліцы не было нікога, апроч нас. Нарэшце ўзяў прапанаваную асадку і хуценька расьпісаўся, прашаптаўшы: «Мяне хоць не пасадзяць?». «Першую партыю тых, хто падпісаўся, ужо расстралялі на мінулым тыдні ў лесе за адным горадам», — змрочна прашаптала я. Той скасавурыўся, нічога не адказаў, і ледзь не подбегам кінуўся ад нас, зьнік паміж шэрымі «хрушчобамі», як і не было яго.

Адзін прыяцель, з аднаго райцэнтру пераслаў мне паведамленьне, якое яму пераслалі знаёмыя з адной вёскі. Сэнс там быў такі: «Ратуйце, людзі!», а падрабязнасьці такія: каровы дохнуць, заробкі сохнуць, дырэктар сволач, аграном пабудаваў дом за калгасныя грошы, бухгалтар падрабляе ведамасьці, брыгадзір крадзе камбікорм і корміць уласных парсюкоў, вакол прыгнёт і бязладзьдзе, хутка будзем траву грызьці, дапамажыце, няма моцы цярпець ужо, прышліце якога карэспандэнта, заўтра. Я пішу: «Еду!». Але праз гадзіну прыходзіць іншае паведамленьне: «Калі ласка, просім — ня едзьце, мы перадумалі, мы яшчэ пацерпім!». Цяпер гэтыя апошнія тры словы сталі маім унутраным мэмам. Гэта як водгук на пароль: «Мы ўсе баімся!» — Мы яшчэ пацерпім!».

Прыяцелька падышла неяк, і бянтэжылася, і саромелася, і азіралася, і ўздыхала. Пачала здалёк: «Эх, каб ты магла даехаць да (аднаго райцэнтру)». А чаму не магу? Туды ж ходзяць цягнікі! Сяду ды паеду. «Там жа такое робіцца, на заводзе, там людзі плачуць, іх прыгнятаюць, заробкі парэзалі, прымушаюць працаваць у тры зьмены, у мяне там прыяцелька працуе, моцна пакутуе!». Кажу — дык дай кантакт прыяцелькі. У той вочы зрабіліся — як галоўкі тых сыроў, што робяць на тым заводзе, дзе працуюць ананімныя пацярпелыя: «Не, не, ты мяне ня так зразумела, яна ня можа табе нічога сказаць, яна моцна баіцца! І іншыя, яна казала, ня скажуць — бо яны баяцца!». «Ну то „мы яшчэ пацерпім“», — вышчарыў зубы ўнутраны мэм.

Мне сорамна, канечне. Як жа так — я адмаўляюся дапамагчы людзям у іх горы. Сумленьне ела мае думкі поедам, прымушала нешта вырашыць, зрабіць, дапамагчы. Павінна ж быць нейкае выйсьце. Напрыклад, я магу паехаць у той райцэнтр, канечне, ананімна. Магу апрануцца ў плашч-невідзімку, кажуць, ёсьць такія, з сучаснымі тэхналёгіямі. Магу пракрасьціся нейкім чынам на вытворчасьць, схавацца там пад станком (канвэерам, сталом, у складзе, урэшце, пад скрынкамі з галоўкамі сыру), дачакацца ночы — і правесьці апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы. Можа, раптам пад нейкай бочкай з малаком, нейкім канвэерам я знайду запіску, прыклееную гумкай, з пералікам бяды і гора, што напаткала працаўнікоў. Ці надпісы крывёй на сьценах у падсобцы. Ці пералічу ўсе галоўкі сыру, зробленага за адну зьмену, нейкім чынам даведаюся (хаця гэта наўрад) колькасьць працаўнікоў у цэху, і з дапамогай калькулятара вылічу, што так, сапраўды, работнікі перапрацоўваюць нормы. Потым пранікну ў бухгалтэрыю, адмычкай адчыню дзьверы, выкраду разьліковыя рахункі там. У кабінэце дырэктара раптам убачу, за фіранкай, прылады катаваньня тых няшчасных, якім, па іх словах, «выкручваюць рукі», прымушаючы падпісваць паперы, што яны згодныя працаваць два дні на тыдзень, згодныя, і нават просяць адмовіцца ад прэмій і надбавак на ўвесь год, і сфатаграфую гэта, канечне.

У таварыстве ананімных алькаголікаў, кажуць, што алькаголіка можа зразумець толькі другі алькаголік. Напэўна, гэтая тэза тычыцца і ананімных пацярпелых

Ці пайду іншым шляхам — з адкрытым забралам. Пакіну свайго Расінанта за дзьвярыма, а сама зь мячом і крыкам, як сапраўдны ingenioso hidalgo, ускочу ў кабінэт дырэктара: «Прызнавайцеся! Ці праўда вы тут катуеце рабочых, ці праўда ня плаціце ім, прымушаеце працаваць у тры зьмены?!». Дырэктар паглядзіць на мяне, як той псыхатэрапэўт на пацыентку ў фільме Б’ёрна Рунге «І наступіць заўтра», грэбліва так, і скажа толькі адно слова, дасьць мне камэнтар, адзіны-магчымы ў дадзенай сытуацыі: «Не!». Ён можа нават выкліча якіх работнікаў, якія апусьцяць галовы і паўтораць за ім рэхам: «Не, не, не. Не было такога!». — А ў мяне такое было, калі ў кабінэце дырэктара тыя, хто раней ананімна скардзіліся, казалі ў вочы: «Не было такога, мы ўсім задаволеныя». Было такое, што раз выклікалі на вуліцу, патэлефанавалі з зашыфрованага нумару, сунулі ў руку паперку, і зьбеглі, што я нават колеру курткі не запомніла. Там было, напэўна, зьмененым почыркам, ці левай рукой напісана, які гад дырэктар, і пералічаны ўсе яго «злачынствы», і яшчэ «прыміце меры». Ні подпісу, ні даты. Вы скажаце — цю. 21 стагодзьдзе на двары, чаго не напісаць «у інтэрнэт»? Кажуць жа — па IP можна вылічыць. Паперка надзейней. Галоўнае — хутка зьбегчы. Добра, што хоць назву прадпрыемства напісалі. Дрэнна, што кіраўніцтва потым усё-такі пасадзілі. Дрэнна для кіраўніцтва :)

У таварыстве ананімных алькаголікаў, кажуць, што алькаголіка можа зразумець толькі другі алькаголік. Напэўна, гэтая тэза тычыцца і ананімных пацярпелых. Мусіць, прыйдзецца мне ўсё-ткі заняцца тым заводам. Паеду, найперш уладкуюся туды на працу, павару сыр месяцы два-тры, агледжуся, што там ды як...

Баюся толькі, што як збліжуся з тымі, хто баіцца, запішуся духоўна ў іх таварыства, — і таксама пачну трусіцца і калаціцца, каб «адпавядаць»... А як жа тады новы прыгожы здымак, які я зрабіла адмыслова вось для блогу? Тады ж нельга будзе «сьвяціцца»? Не. Я так ня згодная!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG