Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая маса цела лічыцца нармальнай?


Павышаная маса цела зьяўляецца сапраўднай эпідэміяй нашых дзён. Гэта зьвязана з шэрагам уласьцівых сучаснаму сьвету наагул і беларускаму ў прыватнасьці, абставін.

Зьяўляецца вялікая колькасьць людзей, якія працуюць як фрылансэры (пазаштатна) або дома, у выніку чаго зьніжаецца іх фізычная актыўнасьць. Расьце колькасьць людзей, якія карыстаюцца аўтамабілямі. Мае месца празьмернае захапленьне кампутарам зь сядзячым, маларухомым ладам жыцьця. Многія з нас, працуючы ўдалечыні ад дому, ня могуць на абед ужываць хатнюю ежу і таму вымушаны карыстацца рэстараннай, якая, каб быць таннай і калярыйнай, складваецца зь вялікай колькасьці тлучшу і лёгказасваяльных вугляводаў.

Усё гэта прывяло таксама і да парушэньня нармальных харчовых паводзін, многія людзі сталі так званымі «кавалачнікамі» — не садзяцца за стол, каб паесьці як сьлед, а на хаду глытаюць кавалкі ежы, часта таксама высокакалярыйныя.

Але ёсьць яшчэ адна праблема, якая зьвязана ня з вонкавымі абставінамі, але з нашымі ведамі пра нармальную вагу. Справа ў тым, што часта нам здаецца, што наша вага знаходзіцца ў норме, што няма пра што турбавацца. Хаця насамрэч, калі выкарыстаць простыя вагі, можа высьветліцца, што гэта зусім ня так. Як даведацца — ці нармальная ў нас маса цела?

Для гэтага звычайна выкарыстоўваецца вельмі простая
формула, якая дазваляе разьлічыць гэтак званы Індэкс масы цела — масу цела (у кіляграмах) трэба падзяліць на рост у квадраце (у мэтрах). У залежнасьці ад атрыманай лічбы можна зрабіць высновы аб масе цела: 18,4 і меней — нізкая маса цела, 18,5 — 24,9 — норма.

Зьвярніце, калі ласка, увагу на тое, што паміж атлусьценьнем і нормай сёньня выдзяляюць так званую празьмерную масу цела, якая таксама, як і атлусьценьне, мае нэгатыўны ўплыў на стан сардэчна-судзіннай сыстэмы і мэтабалізм і значна павышае верагоднасьць інсульту або інфаркту міякарда.

Празьмерная маса цела можа быць памяркоўнай — Індэкс масы цела ў такім выпадку складзе 25,0 — 27,0, а таксама высокай ступені — 27,1 — 29,9.

Лічыцца, што ў чалавека зь Індэксам масы цела 30,0 і болей мае месца атлусьценьне.

Такім чынам, на наш погляд, кожны сучасны культурны чалавек павінен ведаць свой Індэкса масы цела, бо, на першы погляд, можа здавацца, што атлусьценьне ці празьмерная маса цела адсутнічаюць, а насамрэч яны маюць месца і патрабуюць умяшаньня, бо значна пагаршаюць стан здароўя і павялічваюць рызыку ўзьнікненьня шэрагу вельмі небясьпечных сардэчна-судзінных хвароб кшталту інфаркту міякарда.

Таму мы катэгарычна, у якасьці практычнай парады, раім — дазнайцеся шляхам простых вымярэньняў і разьлікаў свой Індэкс масы цела, і, каля ёсьць празьмерная вага або атлусьценьне, зразумейце, што гэта настойлівы сыгнал сур’ёзна заняцца сабой.

А вось пра тое, што можна зрабіць у такім выпадку, — у нашых далейшых артыкулах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG