Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 простых спосабаў абмежаваць ужываньне цукру


Сёньня ўжо агульнавядома, што цукар можа прыносіць чалавеку сур’ёзныя праблемы са здароўем. Цукар адыгрывае ключавую ролю ў разьвіцьці такіх цяжкіх захворваньняў, як хваробы сэрца, рак і дыябэт.

Доктар мэдыцыны Фрэнк Ліпман на сайце sharecare.com нагадвае, што наш арганізм мае патрэбу ў пэўнай колькасьці цукру і прапануе восем простых спосабаў, як можна зьменшыць яго спажываньне.

1. Ежце рэгулярна

Трэба есьці тры разы на дзень і мець яшчэ два невялікія прыёмы ежы. У тых, хто харчуецца нерэгулярна, узровень цукру ў крыві падае, яны адчуваюць голад і, хутчэй за ўсё, выбіраюць салодкія закускі.

2. Выбірайце натуральныя прадукты

Чым менш ежа апрацаваная і чым бліжэй яна да сваёй першапачатковай формы, тым менш цукру ў ёй утрымліваецца. Прадукты ў натуральнай форме, у тым ліку, садавіна і гародніна, як правіла, ствараюць менш праблем з абменам рэчываў для нармальнага арганізму, асабліва калі захоўваць разнастайнасьць рацыёну.

3. Ежце, каб кантраляваць цягу да ежы

Сьняданак зь бялкоў, тлушчаў і фітанутрыентаў ідэальна падыходзіць для пачатку дня. Гэта могуць быць і фруктовыя кактэйлі. Тыповы сьняданак з вугляводаў і салодкіх або крухмалістых прадуктаў зьяўляецца горшым варыянтам, паколькі вы будзеце мець цягу да ежы ўвесь дзень. Добры сьняданак мае важнае значэньне для прадухіленьня такой цягі.

Спрабуйце ўключаць бялок і / або тлушч у кожным прыём ежы. Гэта дапамагае кантраляваць узровень цукру ў крыві.

Дадавайце спэцыі. Каляндра, карыца, мушкатовы арэх, гвазьдзіка і кардамон натуральным чынам падсалодзяць вашу ежу і паменшыць жаданьне есьці.

4. Паклапаціцеся аб сваім целе і розуме

Рухайцеся. Займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі, танцамі або ёгай. Кожны рух дапаможа паменшыць напружаньне, павялічыць вашу энэргію і зьменшыць патрэбу ў цукры.

Высыпайцеся. Калі мы стамляемся, мы часта выкарыстоўваем цукар для здабыцьця энэргіі, каб процідзейнічаць зьнясіленьню.

Не забывайце, што патрэба ў салодкім можа мець эмацыйны характар. Ня бойцеся гэта прызнаваць.

5. Не трымайце салодкія закускі дома і ў офісе

Ідэя простая — цяжка перакусіць тым, чаго няма! І не замяняйце цукар на штучныя замяняльнікі цукру. Гэтага недастаткова, каб зьменшыць вашу цягу да салодкага.

6. Вучыцеся чытаць этыкеткі

Чым даўжэй сьпіс інгрэдыентаў, тым больш верагодна, што будзе ўключаны і цукар. Выбірайце прадукты з найменшым утрыманьнем цукру на порцыю (адна чайная лыжачка цукру эквівалентная прыкладна 4 г). Памятайце, што вытворцы гуляюць з тэрміналёгіяй: агава, кукурузны сыроп, кукурузны цукар, дэкстроза, мёд, трысьняговы цукар, крышталі трысьнёгу, канцэнтраваныя садавінныя сокі, карычневы цукар і іншае — усё гэта цукар.

7. Трэба бачыць цукар за маскіроўкай

Памятаеце, што большасьць са «складаных» вугляводаў, якія мы спажываем — такіх як хлеб, абаранкі і макаронныя вырабы, насамрэч ня вельмі складаныя. Гэтыя прадукты, як правіла, адрозьніваюцца высокай ступеньню ачысткі і, адпаведна, дзейнічаюць у арганізьме дакладна так як і цукар, і іх варта пазьбягаць.

8. Напалохайце сябе

Сёньня ёсьць сур’ёзныя падставы казаць, што ў выніку шматгадовай практыкі мы маем цукровую залежнасьць, якую можна назваць нават наркаманіяй. Адзін са спосабаў пачаць новае жыцьцё бяз цукру, гэта зьмяніць сваё стаўленьне да яго. Лічыце яго продаж незаконным абаротам наркотыкаў, цёмнай сілай, якую варта пазьбягаць, і рэчывам, спажываньне якога прыводзіць да фізычнай гібелі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG