«На жаль, добрыя навіны нашым літоўскім партнэрам ня вельмі патрэбныя. Або, скажам так, ніякая навіна пра Беларускую АЭС ня будзе для іх дастаткова добрай».
Так начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык пракамэнтаваў заяву кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса адносна SEED-місіі МАГАТЭ, якая цяпер працуе ў Беларусі.
Ён адзначыў, што ў беларускім МЗС яшчэ на мінулым тыдні прагназавалі рэакцыю літоўскага боку.
«За суткі да прэс-канфэрэнцыі кіраўніцтва місіі МАГАТЭ, не чакаючы яе высноваў, не даючы шанцу выказацца экспэртам, якія сёньня занятыя падрыхтоўкай выніковых дакумэнтаў, літоўскі бок робіць усё, каб дэзавуіраваць высновы і саму місію Агенцтва.
На гэтым фоне характэрна, што падставай для выказваньня спадара Лінкявічуса стаў нейкі ліст Генэральнага дырэктара МАГАТЭ, які ім не прыводзіцца і не цытуецца. Нельга ж лічыць цытатай спасылку на нейкіх „прадстаўнікоў МАГАТЭ“, якія, са слоў літоўскага боку, пацьвердзілі нейкія апасеньні Вільні ў дачыненьні да фармату місіі», — сказаў Мірончык.
Паводле прадстаўніка беларускага МЗС, літоўскі міністар «апаніруе беларускаму боку, які нібыта заяўляў, што фармат місіі вызначаецца ня ёю, а Агенцтвам».
«Насамрэч мы камэнтавалі не фармат місіі, а адказвалі на пытаньне аб пэрсанальным складзе экспэртаў», — сказаў Мірончык.
Ён адзначыў, што літоўскі бок «выкарыстоўвае просты прыём: абвяргае заявы, якія сам прыпісвае апанэнтам».
«На нашу думку, усе павінны паважаць аўтарытэт і меркаваньне міжнародных структур, якія прафэсійна працуюць па гэтым напрамку. Давайце дамо экспэртам МАГАТЭ і беларускім спэцыялістам спакойна скончыць сваю працу. Упэўнены, што заўтра яны адкажуць на ўсе пытаньні», — сказаў прадстаўнік МЗС Беларусі.