Стэрэатып пра тое, што беларускага кіно няма, разьвянчаць можна, спаслаўшыся хаця б на свабодаўскую падборку пяці выдатных сучасных дакумэнталак. Тым ня менш, прывабныя граныя стужкі сустракаюцца ня так часта. Сярод прадукцыі «Беларусьфільму» шукаць амаль бессэнсоўна, таму на першы плян выходзяць незалежныя творцы. Праўда, на якасьць іхных работ, што звычайна ствараюцца зь невялікім бюджэтам, але моцным энтузіязмам, істотна ўплывае недахоп альбо грошай, альбо прафэсіяналізму, альбо таленту. У гэтай індустрыі вымушана пануе кароткі мэтар; папулярны сёньня мамблкор у нашых шыротах праз спрашчэньне формы спрашчае і сэнс: некаторыя аўтары прыходзяць у кінэматограф, ня маючы што сказаць. Але ўсё ж такі яно круціцца, і сярод беларускага мастацкага кіно знойдзецца свая пяцёрка «але». Некалькі вартых увагі беларускіх мастацкіх фільмаў выбрала наша аўтарка Кася Лавіч.
«Душы мёртвыя» Віктара Красоўскага
Тэатральны драматург Віктар Красоўскі зьяўляецца аўтарам двух кароткамэтражных фільмаў — «Вартаўнік» і «Душы мёртвыя». Зімой гэтыя работы вас не сагрэюць і вечаровай пацехай ня стануць: безжыцьцёвы антураж, «халодныя» памяшканьні, навіслая змрочнасьць ствараюць адпаведную атмасфэру для маральных катастроф звычайных людзей. Хоць я ня скідваю з рахунку «Вартаўніка», у падборку хочацца ўпісаць усё ж больш тэхнічна і драматургічна дасканалую карціну «Душы мёртвыя».
Філігранны сацыяльны фільм пра інвалідаў выходзіць далёка за межы свайго жанру. Гісторыя быццам простая — паўгадзіны мы назіраем за непрыкметнымі сцэнамі з жыцьця вытворчага прадпрыемства, дзе працуюць інваліды. Камэра адрэпэтавана, бяз склеек (прывітаньне «Бёрдману») пераходзіць, як Чычыкаў, ад аднаго пэрсанажа да другога — і прэсныя сцэны складваюцца ў адзінае цэлае. Начальнік канторы ўяўляецца сябрам кожнага, а ў выніку просіць намесьніка замяніць «непаўнавартасных» супрацоўнікаў «нармальнымі» такім чынам, каб павысіць прадукцыйнасьць і захаваць ільготы па падатках. І тады пачынаюць працаваць шматлікія адсылкі (асноваўтваральная, вядома ж, у назьве), цытаты і сымбалі, уплеценыя ў карціну.
«Душы мёртвыя» атрымалі галоўную ўзнагароду сярод мастацкіх фільмаў на апошнім кінафэсьце «Бульбамуві» і сталі найлепшай мастацкай работай Нацыянальнага конкурсу кінафэстывалю «Лістапад». Натуральна, іншага сцэнарыю быць не магло, бо карціна Віктара Красоўскага — сапраўды, узважанае, сур’ёзнае, цэльнае мастацкае выказваньне.
«Граф у апэльсінах» Улады Сяньковай
Стварэньне поўнамэтражнай карціны Ўлады Сяньковай стала магчымым дзякуючы краўдфандынгу. Рэжысэрка разьмясьціла на плятформе boomstarter.ru заклік да фінансаваньня, у якім сярод іншага было напісана:
«Ёсьць людзі, якія проста любяць кіно. Не сэрыялы (хоць некаторыя сёньня добрыя), ня ролікі з youtube, ня фільмы, а менавіта Кіно. Мы робім кіно. Для вас. Пра вас. Навекі». Гэты піетэт перад сапраўдным мастацтвам Кіно спрацаваў, хоць мы ведаем, што надзеі на краўдфандынгавыя плятформы апраўдваюцца далёка не заўсёды.
«Граф у апэльсінах» — гэта гульня з формай, са стылем, з магчымасьцямі візуалізацыі двухдзённай гісторыі, што здараецца з групай маладых людзей. Знаёмая актуалія — доўгая дарога ад станцыі электрацягнікоў у бок дачнага доміка. Шлях, які пераадольвае кампанія, аказваецца таго вартым, бо выходныя ў беларускай глушы прыносяць маладым людзям пэўныя выпрабаваньні і быццам зьмяняюць іх спрошчаны сьветапогляд.
Вернік Белы, няўпэўненая ў сабе Мідзу, яе антыпод прыгажуня Нюша, патрыятычны Алесь, звычайны разгільдзяй Ігар — шчырыя сябры. Гэты касьцяк, іх прыгоды, што зьвязаныя са зьнікненьнем малодшай сястры Ігара, іх стасункі зь мясцовымі гапаватымі таварышамі ілюструюць сучаснае пакаленьне. Вобразнасьць, нават парадыйнасьць, іскрамётныя сцэны, паказальныя дыялёгі, пэўная кліпавасьць, імкненьне да «стыльна» выбудаванай мізансцэны, насычанасьць тэматычнага «пункціру» — усё гэта засланяе ня выцягнутую драматычнасьць.
Дарэчы, паводле апошніх навінащ «Граф у апэльсінах» атрымаў спэцыяльны прыз на Фэстывалі Ўсходнеэўрапейскага кіно ў Котбусе (Нямеччына).
«Хранатоп» розных аўтараў пад куратарствам Андрэя Кудзіненкі
Я наўмысна выкладаю ў пяцёрку не канкрэтны зборнік, а ідэю ўвогуле. Рэжысэр Андрэй Кудзіненка, вядомы фільмамі «Акупацыя. Містэрыі», «Розыгрыш», «Масакра», замест таго, каб здымаць уласнае кіно, прыдумаў жанр «твітэр-сэрыялу», стварыў «Хранатоп» і стаў пазыцыянаваць гэта як усебеларускі праект. Аднайменная арт-група зьняла сем навэлаў, якія ўвайшлі ў першы альманах — ён, дарэчы, атрымаў галоўны прыз конкурсу «Омнібус» на расейскім фэстывалі «Кінашок» у 2015 годзе.
І пайшло-паехала: Андрэй Кудзіненка стаў рэгулярна зьбіраць аўтараў на так званыя акцыі кшталту «Хранатоп 2.0» ці «Хранатоп 4.0», падчас якіх ствараліся (і ствараюцца) кароткія фільмы, а лепшыя зьбіраліся ў асобныя альманахі. На беларускіх кінафэстывалях мінулага году так і не адбыліся, на жаль, прэм’еры зборнікаў «Танатас і Эрас» і «Чорны квадрат», да чаго прывяла забарона Міністэрства культуры дэманстраваць кароткамэтражку «Яешня па-беларуску» з «Танатаса».
Шматгалосны «Хранатоп» — гэта сучасная беларуская мітатворчасьць. Аўтары працуюць з інтуіцыяй, выхопліваюць з памяці вобразы, зьвяртаюцца да агульнага падсьвядомага і ў выніку ствараюць калярытныя, трапныя сучасныя «казкі». Гэта можа разглядацца як камэнтар на рэчаіснасьць, як вольная гульня з генэтычнай культурнай спадчынай, як пэўны кінэматаграфічны фарс, але галоўнае: падчас прагляду кожнага зборніка «Хранатопу» ты ясна ўсьведамляеш, што глядзіш менавіта беларускае кіно.
«Рускі» Віктара Асьлюка
У маёй памяці адбіўся першы прагляд «Рускага», асабліва сцэна, у якой адзінокая постаць павольна пераадольвае прастору праз моцны вецер і сонечныя пералівы. Сусьветны спакой, веліч прыроды, здольная аглушыць цішыня — чакай бяды.
Кароткамэтражная мастацкая карціна найвядомейшага беларускага дакумэнталіста Віктара Асьлюка — аматара, дарэчы, беларускай літаратуры — зьнятая па матывах аповесьці Максіма Гарэцкага «На імпэрыялістычнай вайне». Ідзе Першая сусьветная, але ў фільме яна прысутнічае не батальнымі сцэнамі, ня гукамі стрэлаў, не народнай галечай, а ў якасьці фатуму. Вайна, якая проста маецца на ўвазе, пераварочвае зразумелыя паняцьці з ног на галаву.
На нэўтральнай тэрыторыі сустракаюцца браты-славяне з варожых арміяў — беларус з расейскай і ўкраінец з аўстрыйскай. Яны ўдвох, вакол толькі бяздушная прырода і шэрае неба, ніхто ня можа засьведчыць іх сустрэчу — ствараецца пэўны абсалют, дзе агаляюцца чалавечыя якасьці і ўплыў навакольля, дзе для слоў і ўчынкаў няма перашкодаў, дзе ўсё «стэрыльна». Вайскоўцы пераадолелі недавер, беларус апусьціў зброю — пасядзелі разам, выпілі гарэлкі, памаўчалі (бо што тут скажаш?) і сталі разыходзіцца. Украінец засьпяваў на нямецкай мове...
Нялёгка вызначыць, што важней: братэрства альбо ваенныя лёзунгі, дзе мяжа чалавечнасьці і на якім моманце яна сутыкаецца з прапагандай? Аповесьць Максіма Гарэцкага і фільм Віктара Асьлюка аказаліся надзвычай актуальнымі, калі сучаснасьць разам з «выбухам» ва Ўкраіне паставіла тыя ж пытаньні.
«Мой брат» Нэлы Васілеўскай
Гэтая гісторыя быццам па-за часам. Аўдавелы мужчына прывозіць маленькага сына да сястры ў вёску, «скідвае баляст» і зьяжджае. Хлопчык аказваецца ў чужым для сябе месцы, кожны дзень чакае вяртаньня бацькі, пасылае паветраныя пацалункі фатаздымку маці і марудна прызвычайваецца да сваёй новай сям’і — цёткі і стрыечнага брата. У гэты цяжкі для пакінутага дзіцяці пэрыяд менавіта стасункі з братам становяцца вызначальнымі. Маці шкадуе пляменьніка і часам аддае яму больш пяшчоты, чым уласнаму сыну, які таксама адчувае сябе кінутым і пачынае раўнаваць. З кожным днём ён бачыць ці то сны, ці то скажоную рэальнасьць, ці то фільмы Таркоўскага, дзе дэманізуецца супернік брат і натуральна эратызуецца вобраз маці. У выніку, ён вырашае забіць свайго брата (не хвалюйцеся, не заб’е).
Дзіўная карціна — простую жыцьцёвую гісторыю яна расказвае мовай пачуцьцяў, вобразнасьці дзіцячых страхаў, сумяшчэньня зямнога жыцьця са сьветам уяўленьняў. Незаўважна рэжысэрка выводзіць на першы плян аб’ёмныя перажываньні то аднаго, то другога брата — абодва яны адчулі на сабе цяжар адзіноты і за стасункамі з дарослымі наўрад ці зразумелі, што адзін для аднаго зьяўляюцца самымі блізкімі ва ўсім сьвеце.
Нэла Васілеўская адпрацавала і драматургію, і кінамову, і віртуознае сумяшчэньне рэальнага з ірэальным. Камэрная гісторыя трох людзей у архаічным антуражы ўвогуле не згадала пра сацыяльны кантэкст, а сканцэнтравалася на тым, што ў чалавека ўнутры.
А бацька так і не вярнуўся.