Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга цалкам адмаўляцца ад савецкіх назваў вуліц, бо частка зь іх — нашыя»


Помнік Леніну ў Лідзе, абліты фарбай. Архіўнае фота
Помнік Леніну ў Лідзе, абліты фарбай. Архіўнае фота

Ці насьпеў час дэкамунізацыі ў Беларусі праз зьмену назваў вуліцаў?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Ігар Карней.

Глод: Каардынатар руху «За Свабоду» ў Менскай вобласьці Віталь Амяльковіч ініцыяваў збор подпісаў за перайменаваньне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Подпіс можна паставіць на сайце Zvarot.by.

У звароце падкрэсьліваецца, што «менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча, у якім засядала Рада Случчыны і дзе было прынятае гістарычнае рашэньне аб пачатку змаганьня супраць наступаючых на беларускія землі войскаў расейскай Чырвонай арміі»: «Лічым, што такое перайменаваньне паспрыяе патрыятычнаму выхаваньню ў незалежніцкім духу жыхароў Слуцка — першага горада ў нашай краіне, які збройнай сілай змагаўся за незалежнасьць Беларусі», — сказана ў пэтыцыі.

На гэты час ужо сабрана 550 подпісаў. Іх перадалі ў Слуцкі райвыканкам. Але збор подпісаў — гэта толькі частка вялікай кампаніі. Улады цішком быццам бы правялі грамадзкія слуханьні. Але ініцыятараў справы на іх не запрасілі, не паведамілі пра час і месца іх правядзеньня. Яны былі праведзеныя невядома дзе і невядома як. Таму актывісты абскардзілі у аблвыканкаме парадак правядзеньня слуханьняў і зараз чакаюць адказу з вышэйшай інстанцыі. Задача ініцыятараў зьмены назвы вуліцы як мінімум дабіцца шырокага грамадзкага абмеркаваньня перайменаваньня.

У Менску актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі зьбіраюць подпісы за наданьне праспэкту Дзяржынскага імя вядомага беларускага дзеяча Адама Станкевіча. Сёлета адзначаецца 100 гадоў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, і новая назва праспэкту стала б добрым падарункам да юбілею.

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Павал Севярынец кажа, што ў сталіцы шмат вуліц, якія патрэбна перайменаваць. Але Хрысьціянская дэмакратыя ўзялася за можа быць самы цяжкі варыянт — праспэкт Дзяржынскага, паколькі КДБ будзе стаяць за свайго заснавальніка да сьмерці.

Тапанімія беларускіх вуліцаў адлюстроўвае стратэгію ўладаў цягам апошніх 50-60 гадоў.

Тапанімія беларускіх вуліцаў адлюстроўвае стратэгію ўладаў цягам апошніх 50-60 гадоў, адзначаюць экспэрты. У ёй тры асноўныя групы: Айчынная вайна, гісторыя і культура Расеі, савецкі камунізм. Напэўна, гэта наклала свой адбітак і на сьвядомасьць гараджан, хаця, відавочна, што ня ўсе зь іх ведаюць, адкуль паходзіць тая ці іншая назва. Прыкладам, ёсьць плошча Казінца і вуліца Казінца, але няшмат знойдзецца тых, хто ведае, што гэта быў за дзяяч.

Перавагу ў Менску паводле колькаснага складу пэўных групаў вуліц дасьледчыкі тлумачаць асаблівасьцямі гісторыі, працягласьцю савецкага пэрыяду ды палітычнымі мэтамі ўладаў, якія шукалі легітымізацыю або ў дапамозе Масквы, або во «гераічнай барацьбе з фашызмам».

Апошнім часам менскі гарвыканкам дае гістарычныя назвы вуліцам і завулкам у новым мікрараёнах. Так, зьявілася вуліца Паўліны Мядзёлкі — у гонар беларускай акторкі, пісьменьніцы і пэдагога, першай выканаўцы ролі Паўлінкі. Завулак каля вуліц Астроскіх і Тышкевічаў, названых у гонар шляхетных родаў Вялікага Княства Літоўскага, назавуць у гонар яшчэ аднаго роду — завулкам Ельскіх.

Але ж у Менску захоўваецца багата камуністычных назваў, у тым ліку вуліц, названых у гонар дзеячаў са спрэчнай роляй у беларускай гісторыі. А вось вуліц, названых у гонар славутых беларусаў, няма. Напрыклад, няма вуліцы Рыгора Барадуліна, а вуліца Караткевіча названая ў гонар не пісьменьніка, а падпольшчыка. Вуліца імя Васіля Быкава ёсьць толькі на ўскрайку пасёлку Ждановічы.

Узьнікае пытаньне: чаму нам не ўзяць прыклад з украінцаў, якія не баяцца адмаўляцца ад савецкай спадчыны?

Карней: Час для дэкамунізацыі, дэсаветызацыі Беларусі настаў яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму. І думаю, што ўсё ішло б у гэтым кірунку, каб не ўсталяваньне ў сярэдзіне 1990-х фактычна прасавецкай улады — Аляксандар Лукашэнка пэрманэнтна паўтарае, якой трагедыяй для яго асабіста стаў развал СССР.

Ад часоў БССР на мапе краіны мала што зьмянілася — вуліцы гарадоў «упрыгожваюць» прозьвішчы савецкіх партыйцаў, чэкістаў, ваенаначальнікаў, бальшыня якіх да гэтай мясцовасьці ня маюць ніякага дачыненьня. Тады як годныя імёны ліцьвінскіх ваяроў, першаасьветнікаў, літаратараў, навукоўцаў — сапраўдных герояў Беларусі — калі дзесьці і ўсплываюць, то ў лепшым выпадку на задворках.

Гэта ня толькі сьведчаньне саўковасьці, колькі элемэнтарнай неадукаванасьці.

Гэта ня толькі сьведчаньне саўковасьці, колькі элемэнтарнай неадукаванасьці. Плюс плебейскае жаданьне выканкамаўскіх клеркаў перастрахавацца — чым менш ініцыятывы, тым спакайней. Бо сёньня легалізуеш Быкава ці Вайніловіча, а заўтра сам апынесься на вуліцы, і ўжо ня важна, зь якой назвай. Прыклад перайменаваньня праспэктаў Скарыны і Машэрава ў Менску — лішняе таму пацьверджаньне, што аўтарытэтаў для Лукашэнкі няма ні ў адной гістарычнай эпосе.

Няма патрэбы заглыбляцца ў вядомыя прыклады, як напачатку 1990-х праходзіла дэсаветызацыя ў краінах Балтыі ці нядаўна ва Ўкраіне. Але, думаю, мала хто ў Беларусі ведае, як змагаліся з савецкай мінуўшчынай у Сярэдняй Азіі. Пры канцы 2016-га я пабываў ва Ўзбэкістане і шчыра быў зьдзіўлены адсутнасьцю хоць якога напаміну пра «савецкую рэспубліку».

Нягледзячы на тое, што нядаўна памерлы першы кіраўнік Узбэкістану Іслам Карымаў быў у кагорце самых аўтарытарных лідэраў сьвету, менавіта ён адным зь першых на постсавецкай прасторы ажыцьцявіў маштабную чыстку пастамэнтаў: зь іх паскідвалі партыйных і камуністычных дзеячаў, гарадам і паселішчам вярнулі гістарычныя назвы, вуліцы ў імя бальшавіцкіх кіраўнікоў перайменаваныя ў гонар уласных герояў.

Нават помнікі савецкім воінам замененыя комплексамі ў нацыянальным стылі, дзе дамінантай скульптурная выява «Маці ў смутку», а ўздоўж усталяваныя мэталічныя кнігі з прозьвішчамі загінулых. Дарэчы, на афіцыйным узроўні выкарыстоўвацца выключна тэрміналёгія «Другая ўсясьветная вайна», ніякая ні «айчынная».

Кульмінацыяй барацьбы з савецкай спадчынай — знос бронзавага Леніна ва ўрадавым квартале: замест правадыра пралетарыяту на п’едэстал усталявалі сымбалічны «глёбус Узбэкістану». Цяпер галоўным брэндам нацыі — палкаводзец, імпэратар Амір Цемур (Тамерлан). Ягоныя выявы паўсюль, ад сувэніраў да помнікаў.

Апроч таго, у цэнтры сталіцы ўзьведзены музэй-мэмарыял памяці ахвяраў рэпрэсіяў узбэцкага народу, асноўная частка экспазыцыі прысьвечаная сталінскаму тэрору. Гэта тое, што пры існуючым рэжыме ў Беларусі не абмяркоўваецца нават на ўзроўні тэарэтычнай магчымасьці.

Альгарытм Карымава даволі просты: як найхутчэй адысьці ад зьвязанасьці з маскоўскім цэнтрам, укласьці ў сьвядомасьць людзей, што яны самастойныя, незалежныя і свабодныя.

Таму і ў беларускім выпадку надзвычай важна акрэсьліць грамадзянскую пазыцыю — народ Беларусі ня хоча далейшай кансэрвацыі ў савецкім мінулым, які прынёс жыхарам ня меней гора, чым любая іншая акупацыя.

Гурневіч: Беларусь мела на дэкамунізацыю 25 гадоў і ўсе інструмэнты ў руках. Гэта ж ня тое, што нейкі цэнтар у Маскве забараняў гэта рабіць. Проста для ўлады зьмена назваў вуліца і пляцаў была непатрэбная, бо на гэтым яна будавала свой міт постсавецкай улады, якая непарыўна зьвязаная з традыцыяй БССР. Толькі трошкі Машэраў замінае, бо Машэраў ва ўсіх апытаньнях, яшчэ напачатку прэзыдэнтуры Лукашэнкі, яго абыходзіў.

Большасьць назваў, тое, што яны засталіся, вядома, бярэцца са звычайнага невуцтва. Чалавек інтэлігентны, які думае, павінен разумець, што даваць назву вуліцы ці плошчы ў сваім горадзе ці вёсцы ў імя чалавека, які быў катам Беларусі, зьнішчаў яе — пярэчыць лёгіцы. Дастаткова прачытаць кніжку Генрыха Далідовіча пра гісторыю БНР-БССР, напісаную ў 90-я гады, каб паглядзець, як многія з гэтых савецкіх чыноўнікаў альбо апаратчыкаў, у гонар якіх сёньня названыя беларускія вуліцы, зьнішчалі Беларусь. Яна была ім ненавісная. Мясьнікоў, у гонар якога названая вуліца ў цэнтры горада, Сьвярдлоў — гэта людзі, якія не хацелі ўвогуле чуць пра Беларусь! Яны заміналі, яны і да Леніна зьвярталіся, да Сталіна: не думайце толькі ніякай Беларусі засноўваць. А сёньня іроніяй лёсу яны ў цэнтры, а, напрыклад, вуліца Ўсевалада Ігнатоўскага, знаходзіцца на Каменнай Горцы. Гэта ненармальная зьява.

Мне падаецца, што ўсё ж такі сёньня нейкай цэнтралізаванай забароны не існуе.

Мне падаецца, што ўсё ж такі сёньня нейкай цэнтралізаванай забароны не існуе. Доказ гэтаму — вуліца згаданага Ігнатоўскага, то бок даюць назвы такіх беларускіх дзеячоў. Пытаньне, што на ўскраінах, але сам факт, што яны ёсьць, сьведчыць пра тое, што магчыма падстрахоўваюцца чыноўнікі, не будзем высоўвацца — цішэй едзеш, далей будзеш.

Калі нехта плача, што нельга ад савецкай спадчыны адмаўляцца, трэба, маўляў, яе шанаваць, бо гэта частка нашай гісторыі, я прапаную іншы варыянт. Ён можа ўсіх задаволіць. Трэба сапраўды пакінуць частку савецкіх назваў, альбо і надаць вуліцам імёны, напрыклад, Максіма Танка, які быў старшынём Вярхоўнага савету БССР, Міхася Лынькова, Аркадзя Куляшова, які быў дэпутатам гэтага савету, Кірылы Мазурава, беларуса, які быў сакратаром ЦК КПБ. Ён быў беларускамоўным, хацеў прасоўваць беларускую мову, але быў камуністам па сваёй натуры. Чаму б не назваць адну з цэнтральных вуліц сталіцы ці іншых гарадоў імем Гілевіча, які таксама лічыў сябе камуністам? Ёсьць імёны нашых касманаўтаў з савецкай эпохі, навукоўцаў. Нельга цалкам адмаўляцца ад савецкіх назваў вуліц, бо частка зь іх нашыя.

У маім горадзе Стоўбцах, радзіме Якуба Коласа, няма помніка Якубу Коласу. Ёсьць помнік у вёсцы Мікалаеўшчыне, кілямэтраў 15 ад Стоўбцаў. А гэта візытоўка Беларусі, родны горад аднаго з нацыянальных клясыкаў. Я калісьці зьвяртаўся ў Міністэрства культуры з гэтай нагоды, каб яму паставілі помнік ці перайменавалі плошчу ў цэнтры гораду — няма такой гаворкі. Сказалі, што ёсьць завулак Якуба Коласа, ёсьць вуліца Якуба Коласа, і гэтага дастаткова. І гэта зноў жа перастрахоўка.

Я праяжджаю часта праз Ваўкавыск і кожны раз бачу назву вуліцы — 135-й танкавай дывізіі, нейкай омскай ці нешта такое. Абсалютна нешта чужое, ня наша, ніякага дачыненьня не мае да нашай гісторыі. З гэтым, канешне, трэба завязваць, як казаў клясык і нарэшце пераходзіць да сваіх назваў. Я перакананы, што палітычная воля на гэта сёньня ёсьць. Міні-праект на Радыё Свабода пра дэкамунізацыі паказаў, што ў нас ужо зьнікла 32 помнікі Леніну. Гэта таксама значная лічба. Ніхто ж нікога не звальняў, не садзіў у турмы з гэтай нагоды. Я думаю, што пачатак ёсьць. Проста трэба, каб чыноўнікі сьмялей рабілі гэтыя крокі, каб хтосьці паказаў гэтую ініцыятыву, нехта адзін больш сьмелы, і іншыя падцягнуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG