Ільяш: На гэтым тыдні Свабода надрукавала матэрыял, прысьвечаны жыхару Віцебска Сяргею Трафімаву, які ваяваў на Данбасе на баку сэпаратыстаў, а вярнуўшыся ў Беларусь пазьбег крымінальнага перасьледу.
Мы ўсе памятаем неаднаразовыя заявы Лукашэнкі наконт тых беларусаў, што ваююць на Данбасе — прэзыдэнт абяцаў жорстка зь імі разабрацца, калі тыя вернуцца ў Беларусь. Прычым падкрэсьлівалася, што няма розьніцы, на баку каго яны ваявалі — за Ўкраіну, ці за «Наваросію». Але на практыцы мы бачым зусім іншае: беларускія грамадзяне, паваяваўшы за «русский мир», вяртаюцца ў Беларусь і іх тут ніхто не чапае.
калі Масква дэманстратыўна праігнаравала арышты прарасейскіх аўтараў, то наўрад ці ў Крамлі захочуць змагацца і за нейкага баевіка «ЛНР-ДНР» зь беларускім пашпартам — відавочна, што іх лёс Пуціна не хвалюе
Чаму так адбываецца? Разважаючы на гэтую тэму пэўны час таму, мне найбольш верагодным здавалася наступнае тлумачэньне: улады не арыштоўваюць баевікоў з Данбасу, бо ня хочуць ствараць дадатковых падстаў для сварак з Масквой. Але цяпер, пасьля гісторыі з арыштам аўтараў Рэгнуму і ігнараваньня іх лёсу на ўзроўні расейскіх уладаў, мне падаецца такое тлумачэньне проста недарэчным. Калі беларускія ўлады не баяцца арыштоўваць прыхільнікаў «русского мира» з Рэгнуму, то чаму яны павінны баяцца арыштоўваць баевікоў? І няўжо ўлады лічаць, што рэгнумаўцы для беларускай дзяржавы больш небясьпечныя, чым байцы «Наваросіі»?
Я мяркую, што калі Масква дэманстратыўна праігнаравала арышты прарасейскіх аўтараў, то наўрад ці ў Крамлі захочуць змагацца і за нейкага баевіка «ЛНР-ДНР» зь беларускім пашпартам — відавочна, што іх лёс Пуціна не хвалюе. Пры гэтым арышты людзей, якія ваявалі за «Наваросію», добра б паўплывалі на імідж Лукашэнкі ва Ўкраіне і былі б някепскім аргумэнтам у дыскусіях з тымі ўкраінцамі, хто кажа, што Лукашэнка зусім не міратворац, а проста хаўрусьнік Пуціна.
Як гэта можна патлумачыць? Асабіста я мяркую, што нашы ўлады, умоўна кажучы, бачаць у баевіках «сацыяльна блізкі элемэнт». Яны разумеюць матывацыю баевікоў «русского мира», для іх блізкая аргумэнтацыя гэтых людзей (усе гэтыя «дзяды ваявалі», «агульная гісторыя» і г.д.). Пры ўсім разуменьне небясьпекі, якая зыходзіць ад Крэмля, мэнтальна байцы «ЛНР-ДНР» істотна бліжэй нашай уладзе, чым байцы ўкраінскіх дабраахвотніцкіх батальёнаў — «Азову» ці «Правага сэктару».
Іншае пытаньне, наколькі гэта ўсё небясьпечна. Толькі па зьвестках Свабоды цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля дзесятка баявікоў і відавочна, што гэтыя лічба ня вычарпальная. Здаецца, гэта ня шмат. Але вы памятаеце, якая была колькасьць групы Стралкова-Гіркіна, што захапіла Славянск у красавіку 2014-го? Правільна, усяго 52 чалавекі — і гэтага хапіла каб распачаць вялікую вайну.
А як вы лічыце, калегі, ці адчувае Лукашэнка пагрозу з боку баевікоў «ДНР-ЛНР» і ці ёсьць яна насамрэч?
Гурневіч: Закон забараняе беларусам ваяваць у якасьці наймітаў, ня важна на якім з бакоў: «ДНР-ЛНР» ці Ўкраіны. То бок адзінай рэакцыяй на беларусаў-наймітаў павінен быць крымінальны перасьлед з боку дзяржавы. Такія выпадкі былі з абодвух бакоў, але нельга сказаць, што ўлада хацела зрабіць з гэтых выпадкаў урок іншым суграмадзянам.
Пра працэс старшыні праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага гудзелі ўсе тэлеканалы, выказваўся сам Лукашэнка. Маўляў, закон ёсьць закон і мы не дамо абкрадаць дзяржаву. Справу наймітаў улада магла б ператварыць у шоў, маўляў, паглядзіце, як мы баронім дзяржаву. Але гэтага няма. Чаму?
Для ўлады ў Беларусі небясьпечна ўсё, што яна не кантралюе. Калі няма гучных справаў і асуджэньня, дык можа яна гэтых наймітаў усё ж кантралюе? Гэта пытаньне, адказ на якое можа даць толькі КДБ і міліцыя?
Для ўлады ў Беларусі небясьпечна ўсё, што яна не кантралюе. Калі няма гучных справаў і асуджэньня, дык можа яна гэтых наймітаў усё ж кантралюе?
Але сытуацыя, на маю думку, больш далікатная. Аляксандар Лукашэнка і афіцыйны Менск — галоўныя саюзьнікі Расеі. «ЛНР і ДНР» — гэта прарасейскія ўтварэньні. Як патлумачыць галоўным партнэрам на Ўсходзе, што ты масава садзіш у турмы наймітаў, якія змагаюцца за «русский мир». Калі верыць сацыялягічным дасьледаваньням, то больш паловы беларусаў падтрымалі анэксію Крыму. Гучныя судовыя працэсы маглі б моцна раззлаваць самых радыкальных прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі. Для таго, каб разгайдаць сытуацыю ў Беларусі, хопіць і пары сотняў узброеных людзей. Ахвотна паверу, што ўлады палічылі за лепшае не адкрываць «скрынку Пандоры». Бо радыкальныя прыхільнікі «русского мира» — гэта вельмі агрэсіўныя асобы. Гэта не інтэлігенты ў апазыцыі, якія прыходзяць на акцыі пратэсту са сьцягамі і пераходзяць дарогу толькі на зялёнае сьвятло.
Пасадзіць аднаго-двух, каб мець алібі — улада можа і робіць гэта. У тым ліку і з наймітамі ўкраінскага боку. Гэта своеасаблівы доказ абʼектыўнасьці і балянсу. Але сурʼёзнай кампаніі супраць наймітаў я ня бачу. Улада баіцца наймітаў, але і баіцца зь імі змагацца. Магчыма іх проста бяруць пад кантроль. Бо кожны радыкальны крок з боку ўладаў будзе непапулярны.
Карней: Магчыма, асабіста Аляксандар Лукашэнка і бачыць небясьпеку ў тым, што пэўная колькасьць ягоных падданых сьвядома змагаецца з «бандэраўцамі», смакуе перад журналістамі, як забівае «укропаў» і спыняе «фашызм» — маўляў, адступаць няма куды, ззаду Масква.
Але той жа Лукашэнка мусіць урэшце прызнаць: менавіта ягоная палітыка заігрываньня з Масквой прывяла да таго, што многія беларусы ўсур’ёз лічаць сябе «рускімі са знакам якасьці», гатовыя ісьці на перадавую «за Пуціна», як іх дзяды ішлі «за Сталіна». Рэальна ваююць некалькі дзясяткаў, а колькі яшчэ далучыліся б, але з розных прычынаў ня маюць такой магчымасьці?
Расейская прапаганда, якая вольна прысутнічае ў беларускай мэдыйнай прасторы, робіць сваю справу: наслухаўшыся салаўёвых-кісялёвых, звычайныя правінцыйныя мужыкі — будаўнікі, кіроўцы, рабочыя — раптам зараджаюцца ідэяй нейкай «вызвольнай місіі».
Самі сілавікі ў масе сваёй ня моцна адрозьніваюцца ад гэтай публікі, прынамсі ў ідэалягічнай пазыцыі
Насьцярожвае, што ва ўмоўнай прапорцыі тых, хто ваюе за Ўкраіну і за самаабвешчаныя «дэнээры-лэнээры», апошніх непараўнальна больш. Нагода задумацца, ці не настаў час спыніць замбіраваньне насельніцтва, абмежаваўшы імпэт крамлёўскіх «глашатаяў»?
А чаму праваахоўныя органы не перасьледуюць беларусаў, што ваявалі на баку «ДНР-ЛНР»? Думаю, адказ не такі і складаны. Самі сілавікі ў масе сваёй ня моцна адрозьніваюцца ад гэтай публікі, прынамсі ў ідэалягічнай пазыцыі. Яны глядзяць тыя ж самыя расейскія ток-шоў, яны ў масе сваёй падтрымліваюць палітыку Масквы на Данбасе, радуюцца што «крымнаш». Чаму павінны караць сваіх жа аднадумцаў?
Да таго ж, як вынікае з прызнаньняў саміх жа баевікоў, нават супрацоўнікі спэцслужбаў да іх ставяцца зь непрыхаванай сымпатыяй. Максымум, на што здольныя — гэта памахаць пальцам, параіўшы быць асьцярожнымі і лішні раз не высоўвацца. Допыты, ператрусы — хутчэй імітацыя сьледчай дзейнасьці, чым намер спыніць мілітарысцкі імпэт добраахвотнікаў.
Даводзіцца канстатаваць, што сфармавалася пакаленьне 30-40-гадовых мужчын з уражлівай псыхікай, якія рэальна гатовыя стаць у Беларусі пятай калёнай пуцінскай улады. Тыя, хто без асаблівага роздуму пойдуць ваяваць за Расею, але не за сваю сапраўдную радзіму. Нічым сябе не праявілі ў цывільным жыцьці, але ўзбудзіліся ад паху крыві.
Пакуль гэтая небясьпека беларускімі ўладамі недаацэненая, але яна як міна запаволенага дзеяньня: падманлівая цішыня — да пары, да часу...