Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы ЗША ідэнтыфікавалі расейцаў, якія перадавалі WikiLeaks узламанае ліставаньне — СМІ


Амэрыканскія спэцслужбы ідэнтыфікавалі расейцаў, якія, паводле сьцьверджаньняў спэцыялістаў, перадалі ўзламаную электронную перапіску сайту WikiLeaks у спробе паўплываць на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Пра гэта паведамілі 5 студзеня The Washington Post і Reuters.

Паводле гэтых дадзеных, ЦРУ вызначыла расейскіх чыноўнікаў, якія праз трэціх асобаў па ўказаньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна перадалі матэрыялы Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі і лідэраў гэтай партыі.

Агенцтва Reuters заявіла, што гэтыя высновы ўтрымліваюцца ў сакрэтнай частцы дакладу, які спэцслужбы перадалі прэзыдэнту Бараку Абаме 5 студзеня і плянуюць даць абранаму прэзыдэнту Дональду Трампу 6 студзеня.

Гэтыя дадзеныя маюць важнае значэньне, паколькі заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж адмаўляе атрыманьне ўзламанай перапіскі ад расейцаў, а Трамп указваў на заявы Асанжа, калі казаў, што сумняецца ў датычнасьці Расеі да кібэрнападаў.

Раней у чацьвер у Кангрэсе, у камітэце па справах сілавых структураў Сэнату, адбылося слуханьне, прысьвечанае кібэрпагрозам, у асноўным з боку Расеі, у першую чаргу падчас выбарчай кампаніі ў ЗША.

Як сказаў дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клапэр, «ня думаю, што мы калі-небудзь мелі справу з больш агрэсіўным і прамым намаганьнем у мэтах умяшацца ў нашы выбарчыя працэсы, чым на гэты раз».

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы заявіў, што згодны з дадзенымі выведкі пра датычнасьць вышэйшага кіраўніцтва Расеі да кібэрнападаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG