Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кондрусь
Уладзімер Кондрусь

Пракурор запатрабавала для апошняга вязьня Плошчы Кондруся 3 гады абмежаваньня волі

26 сьнежня а 16.00 у Маскоўскім раённым судзе Менску чакаецца вырак удзельніку Плошчы-2010 Уладзімеру Кондрусю. Судовае пасяджэньне сёньня прайшло без прысутнасьці падсуднага.

Жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Актывісту пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня.

17:06 26.12.2016

Уладзімер Кондрусь сказаў, што не шкадуе, што прыходзіў на Плошчу ў 2010 годзе і гатовы гэта паўтарыць. «Гэта не апошняя Плошча», — зазначыў былы палітвязень. Пра здароўе пасьля галадоўкі сказаў, што цяпер пачуваецца добра.

Сваякі пасадзілі яго ў машыну, за стырном быў бацька, сям’я Кондрусеў ад’ехала ў Рудзенск.

16:53 26.12.2016

Уладзімер Кондрусь асуджаны на паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым амбуляторным лячэньнем. Яго звольнілі з-пад варты.

Суд лічыць віну Кондруся ва ўдзеле ў масавых закалотах 19 сьнежня 2010 г. даказанай. Але суд не знайшоў доказаў таго, што Кондрусь наносіў цялесныя пашкоджаньні супрацоўнікам міліцыі, і выключыў гэта з абвінавачаньня. Суд прызнаў наяўнасьць у Кондруся зьмешанага разладу асобы. Таму суд прызначыў Кондрусю пакараньне ў выглядзе 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня з прымусовым амбуляторным лячэньнем па месцы жыхарства. Вярнуць Кондрусю сканфіскаваную маёмасьць.

12:43 26.12.2016

Прысуд будзе агучаны сёньня а 16.00.

12:42 26.12.2016

Адвакат: Апраўдаць!

У судовых спрэчках выступіў адвакат Кондруся Вадзім Мушынскі. Найперш абаронца заявіў, што падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску нельга назваць масавымі беспарадкамі. «Былі пашкоджаныя 8 мэтраў вадасьцёкавых труб і 5 кустоў ядлоўца», — вось і ўся пашкоджаная маёмасьць. Таксама «нямоцнымі» назваў адвакат пашкоджаньні, якія атрымалі міліцыянты. Адвакат просіць апраўдаць Кондруся.

12:32 26.12.2016

Пракурор: 3 гады абмежваньня волі з прымусовым наглядам і лячэньнем

Пракурор лічыць, што дзеяньні Ўладзімера Кондруся трэба кваліфікаваць паводле 2 часткі 293 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Але пракурор адзначае, што раней Кондрусь не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, лічыць, што трэба прызнаць стан здароўя як зьмякчальныя віну абставіны.

«У пэрыяд тых дзеяньняў ня мог асэнсоўваць цалкам свае дзеяньні», — лічыць пракурор. Яна мяркуе, што Кондруся трэба прызнаць недастаткова здольным да адбыцьця пакараньня і ўжыць адносна яго 70-ы артыкул — больш мяккае пакараньне. У выніку пракурор просіць для Кондруся 3 гады абмежваньня волі з прымусовым наглядам і лячэньнем.

12:32 26.12.2016

Судовае сьледзтва скончанае, пачаліся судовыя спрэчкі

Выступае пракурор: Кондрусь абвінавачваецца ў тым, што 19 сьнежня 2010 году «далучыўся да натоўпу, які бясчынстваваў» і ўзяў удзел ў масавых беспарадках, у выніку якіх была пашкоджаная дзяржаўная маёмасьць болей як на 3 тысячы рублёў, пацярпелі супрацоўнікі міліцыі.

Спрабаваў патрапіць у Дом ураду, біў пакункам з паперай па акну, падняўся на аконны праём, біў трубой па шкле, біў кулаком па шчыце. Віна Кондруся даказаная, лічыць пракурор, якая спаслалася таксама на судовыя рашэньні адносна іншых удзельнікаў Плошчы, паводле якіх факт масавых беспарадкаў ужо быў пастаноўлены. А рэчавыя доказы і экспэртызы відэа даказваюць факт удзелу Кондруся ў масавых беспарадках.

12:05 26.12.2016

Дыягназ: Абвостранае разуменьне сваіх правоў, пратэстная рэакцыя

Вынікі комплекснай экспэртызы, якая праводзілася пасьля пачатку суду: «Кондрусь пакутуе на зьмешанае шызоідны разлад псыхікі. Дысгармонія асобы, пратэстная рэакцыя, няздольнасьць падтрымліваць доўгатэрміновыя адносіны зь людзьмі, падвышаны самааналіз, абвостранае разуменьне сваіх правоў. Але памяць добрая. Адмова ад прыёму ежы і знаходжаньня ў судзе — рэакцыя пратэсту. Можа знаходзіцца ў судзе. Але з-за парушэньня ў эмацыйнай сфэры недакладна трактуе паводзіны іншых людзей. Патрэбны нагляд і лячэньне».

Агалошваньне матэрыялаў справы завершанае, пачынаецца агляд рэчавых доказаў.

11:59 26.12.2016

Высновы псыхіятрычнай экспэртызы Кондруся: Патрэбнае лячэньне

«На момант інкрымінаванага яму дзеяньня хварэў на разлад псыхікі, у яго неадэкватная рэакцыя на рэчаіснасьць і ролю сваёй асобы. Цяпер можа ўсьведамляць свае дзеяньні, але застаўся разлад у ацэнцы сваёй асобы. Патрэбнае лячэньне», — адзначаецца ў псыхіятрычнай экспэртызе.

11:53 26.12.2016

Агучваюцца цытаты з электроннай перапіскі Кондруся

У cудзе агучаныя зьвесткі з кампутара Кондруся, дзе ён пісаў камусьці па-беларуску, што быў удзельнікам Плошчы-2010.

Яшчэ зьвесткі з кампутара Кондруся: што 13 сьнежня 2010 году ён з Масквы пісаў, што зьбіраецца ўдзельнічаць 19 сьнежня ў выбарах у Беларусі і нібыта «зьбіраецца ўжываць сілу адносна супрацоўнікаў міліцыі», — гэтак зачытала пракурор.

11:45 26.12.2016

20 удараў вадасьцёкавай трубой

Згадваецца пра факт з запісам падзеяў 19 сьнежня, спачатку каля Палацу прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы, потым на плошчы Незалежнасьці каля Дома ўраду. Указаныя хвіліны відэафайлу, калі на іх зьяўляецца Кондрусь: б’е па вокнах. Удараў ня меней за 20, вадасьцёкавай трубой. Яшчэ б’е па шчыту міліцыянта — ня меней за 5 удараў, потым — як уцякае з Плошчы, стаіць насупраць міліцыянтаў. На галаве Кондруся чорная шапка.

11:30 26.12.2016

Перайшлі да 7-га тома

Пракурор згадвае агляд рэчаў, якія забралі пры ператрусе 14 чэрвеня, калі сярод іншага былі забраныя з дому Кондруся ў Рудзенску ягоны мабільнік, кампутар. У кампутары знойдзеныя скрыншоты падзеяў 19 сьнежня 2010 году на Плошчы, у тым ліку са здымкамі Кондруся. Ёсьць пастанова аб прызнаньні гэтых рэчаў «рэчавымі доказамі».

Пракурор Вольга Герасімовіч
Пракурор Вольга Герасімовіч

11:28 26.12.2016

У Кондруся забралі курткі і шапкі

Гучыць спасылка на рапарт службовай асобы, паводле якога Кондруць Уладзімер Уладзімеравіч быў удзельнікам падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Прагучала дата затрыманьня Кондруся — 14 чэрвеня 2016 году, у 6.50. У яго пры вобшуку забралі куртку, 2 вязаныя чорныя шапкі і 3 крамнінныя шапкі.

11:16 26.12.2016

Рэмэйк судоў 2011-га за Плошчу

У матэрыялах, якія гучаць, згадваюцца прозьвішчы асуджаных за Плошчу — Малчанава, Новіка, Атрошчанкава — ды іншых.

Таксама прагучалі прозьвішчы Някляева, Палажэнка, Дзьмітрыева.

Згадваецца, што Саньнікаў, Мірзаянаў, Ліхавід, Статкевіч, Квяткевіч, былі асуджаныя па падзеях 19 сьнежня 2010 году.

11:16 26.12.2016

Пракурор сьпяшаецца

Пракурор Герасімовіч зачытвае дадзеныя пра рэчы, якія былі знойдзеныя на плошчы Незалежнасьці пасьля разгону мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня выбараў 19 сьнежня 2010 году. Пра «65 абрэзкаў вадаправодных» трубаў ды іншыя рэчы: абломкі дручкоў, сьцягі, бутэлькі... (Усё падобнае на матэрыялы са справаў 2011 году пра Плошчу).

«Са сьлядамі рук, якія непрыдатныя для экспэртызы», пракурор чытае і праглядае матэрыялы хутка, ужо пачала 3-ці том. Там копіі экспэртызаў пацярпелых. Празь 2 хвіліны ўжо перайшла да 4 тому. Яшчэ засталося 5 тамоў, але калі такімі тэмпамі суд будзе вывучаць матэрыялы, дык праз 10 хвілінаў пачнуцца судовыя спрэчкі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG