Асамблея НДА Беларусі 23 сьнежня абвесьціць пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» за 2016 год. Сёлета ў шорт-ліст узнагароды патрапілі двое аўтараў Радыё Свабода: Галіна Абакунчык і Вінцук Вячорка.
На званьне Лідэра году гэтым разам прэтэндуюць: барацьбіт са стэрэатыпамі Саша Аўдзевіч, музыка Лявон Вольскі, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, вядоўца курсаў «МоваНанова» Глеб Лабадзенка і праціўнік пабудовы БелАЭС Мікалай Уласевіч.
Традыцыйна будзе ўручаная і антыпрэмія «Гарбуз году» тым дзяржаўным органам, якія заміналі працы грамадзкіх ініцыятываў.
Мастацтва і музыка
Акцыя «Захаваць мастацтва»
У межах акцыі ўваход у сталічныя музэі штопятніцу будзе вольны. Без квітка можна будзе наведаць Нацыянальны гістарычны музэй, «Галерэю ДК», Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Наведваць музэі задарма можна кожную пятніцу да канца году — 23 і 30 сьнежня.
Вечар памяці Ленарда Коэна
У апошнюю пятніцу перад Калядамі Андрэй Хадановіч, Міхаіл Валодзін і Юрась Ускоў засьпяваюць песьні канадзкага музыкі Ленарда Коэна, які памёр у лістападзе сёлета. На беларускую мову вершы Коэна перакладала паэтка Вальжына Морт.
Менск, пляцоўка Press Club (вул. Веры Харужай, 3-601).
Пачатак у 18:00.
Уваход вольны.