Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: Чаму сацыёлягі так моцна памыліліся ў сваіх прадказаньнях у 2016 годзе


Сацыялягічныя службы імкнуцца аднавіць свой аўтарытэт пасьля таго, як многія зь іх памылкова прадказалі вынік сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША і рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі наконт сяброўства краіны ў Эўразьвязе. Тэму дасьледуе карэспандэнт Радыё Свабода Рон Сынавіц.

Для сацыялягічных цэнтраў 2016 год быў годам памылковых прадказаньняў, якія падарваў давер да вывучэньня грамадзкай думкі.

У выніку, прафэсійныя асацыяцыі сацыёлягаў у Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатах пачалі расьсьледаваньне, чаму так многія сацыялягічныя службы няправільна прадказалі вынікі згаданых выбараў і плебісцыту ў 2016 годзе.

Амэрыканская асацыяцыя дасьледаваньняў грамадзкай думкі спрабуе вызначыць, чаму амаль кожнае буйное апытаньне ў ЗША памылкова прадказвала, што дэмакратычная кандыдатка Гілары Клінтан пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, і недаацаніла падтрымку для абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Брытанская рада сацыялягічных апытаньняў расьсьледуе, чаму многія зь яе ўдзельнікаў ня здолелі прадказаць, што большасьць выбаршчыкаў у рэфэрэндуме 23 чэрвеня прагаласуе за выхад Брытаніі з Эўразьвязу.

Праблему няправільных сацыялягічных прадказаньняў аналізуе і Асацыяцыя па сувязях з грамадзкасьцю і камунікацыях у Брытаніі.

Дык што пайшло не так? Хоць канчатковыя вынікі гэтых дасьледаваньняў будуць вядомыя толькі ў траўні 2017 году, сацыёлягі ўжо называюць патэнцыйныя праблемы.

Адсутнасьць адказу

Падчас выбарчай кампаніі ў ЗША Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў сродкі масавай інфармацыі як «прадузятыя» супраць яго і адхіліў большасьць дасьледаваньняў грамадзкай думкі як «брудныя апытаньні», якія проста даюць «ліпавыя лічбы».

Вашынгтонскі дасьледчы цэнтар Pew лічыць, што недавер сярод прыхільнікаў Трампа ў адносінах да СМІ і і іхных апытаньняў, верагодна, выклікаў памылку, зьвязаную з «адсутнасьцю адказу» ў тэлефонных апытаньнях і новых анлайнавых мэтадах апытаньня, якія праходзяць выпрабаваньні.

Ранейшыя дасьледаваньні паказваюць, што менш адукаваныя белыя выбаршчыкі менш схільныя, чым выпускнікі унівэрсытэтаў, адказваць на пытаньні сацыёлягаў па тэлефоне.

Істотным у прэзыдэнцкіх выбарах 2016 было якраз тое, што менш адукаваныя белыя выбаршчыкі актыўна падтрымалі Трампа.

Дасьледаваньні таксама паказваюць, што тыя, хто галасаваў рэдка або наогул не галасаваў у мінулым, менш схільныя, каб адказаць на пытаньні сацыёлягаў.

Клаўдыя Дын, віцэ-прэзыдэнт дасьледчага цэнтру Pew, сказала нашаму радыё, што Трамп у сёлетняй кампаніі атрымаў падтрымку ад людзей, якія не прагаласавалі ў 2012 годзе. «Расчараваньне і антыінстытуцыйныя настроі, якія сілкавалі кампанію Трампа, таксама маглі спалучацца зь нежаданьнем адказаць на апытаньні», — сказала Дын.

«У выніку, той сэгмэнт насельніцтва, які моцна падтрымліваў Трампа, проста не праявіўся ў апытаньнях грамадзкай думкі ў такой прапорцыі, якую ён насамрэч займаў у цэлым насельніцтве», — адзначыла яна.

Эфэкт «маўклівага выбарніка»

За тыдзень да выбараў у ЗША, калі большасьць апытаньняў прадказвалі перамогу Клінтан, рэспубліканскія актывісты настойвалі, што значная колькасьць «сакрэтных выбарнікаў Трампа» ня хоча прызнацца сацыёлягам, што яны падтрымліваюць Трампа.

Некаторыя крытыкі мяркуюць, што нэгатыўная рэакцыя на сацыяльныя мэдыі, магчыма, пабольшыла лік «маўклівых выбарнікаў», якія не схацелі раскрыць сваіх поглядаў незнаёмцу па тэлефоне ці ў анлайн-апытаньні.

Прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан папулярызаваў гэты тэрмін — «маўклівы выбарнік» — у 1969 годзе, калі ён выкарыстаў фразу «вялікая маўклівая большасьць», каб апісаць амэрыканскіх выбарнікаў, якія падтрымлівалі яго, але не выказвалі свайго меркаваньня публічна.

Дын кажа, што «гіпотэза аб маўклівых выбарніках Трампа» — «вялікае агульнанацыянальнае пытаньне», на якое спрабуе адказаць Амэрыканская асацыяцыя дасьледаваньняў грамадзкай думкі .

Але яна дадае, што ставіцца да гэтай гіпотэзы скептычна, таму што яе ўласныя дасьледаваньні і назіраньні «пакуль што» не даюць ніякіх доказаў, якія пацьвярджалі б гэтае дапушчэньне.

Аналягічна, у палітычнай лексыцы Вялікай Брытаніі існуе тэрмін «чыньнік маўклівых торы» для апісаньня падобных сытуацый з «маўклівымі выбарнікамі», якія назіраліся палітолягамі на парлямэнцкіх выбарах у краіне ў 1992 і 2015 гадах.

Некаторыя сьцьвярджаюць, што «чыньнік маўклівых торы» быў прысутны і перад сёлетнім галасаваньнем адносна выхаду з Эўразьвязу.

Але Джон Кэртыс, прэзыдэнт Брытанскай рады сацыялягічных апытаньняў, сказаў Радыё Свабода, што няма доказаў таго, што чыньнік «маўклівых выбарнікаў» істотна паўплываў на апытаньні грамадзкай думкі ў Злучаным Каралеўстве напярэдадні рэфэрэндуму.

Кэртыс таксама сказаў, што няма «ніякіх істотных доказаў» і ў глябальным маштабе, што кансэрватыўныя выбарнікі больш схільныя замоўчваць свае палітычныя сымпатыі перад сацыёлягамі, таму што яны нібыта ня хочуць выглядаць «сацыяльна непажаданымі».

Вызначэньне патэнцыйных выбарнікаў

Экзыт-полы, праведзеныя за межамі выбарчых участкаў у дзень выбараў, як правіла, зьяўляюцца больш дакладнымі, чым апытаньні грамадзкай думкі, праведзеныя напярэдадні галасаваньня. Гэта таму, што экзыт-полы дасьледуюць людзей, якія фактычна кідаюць выбарчы бюлетэнь.

У перадвыбарчых апытаньнях грамадзкай думкі трэба дадаткова вызначыць, колькі рэспандэнтаў з выпадковай выбаркі насамрэч пойдзе галасаваць у дзень выбараў.

Дасьледчыкі, як падаецца, памылкова ацанілі яўку ў некаторых дэмаграфічных цэнтрах ЗША. Напрыклад, яны недаацанілі гатоўнасьць прыхільнікаў Трампа пайсьці на выбары.

Зь іншага боку, дасьледчыкі, па ўсёй бачнасьці, пераацанілі колькасьць прыхільнікаў Клінтан, якія насамрэч укінулі выбарчыя бюлетэні ў ключавых штатах. Экзыт-полы паказалі, што ў некалькіх штатах Клінтан атрымала меншую падтрымку, чым прадказвалі сацыёлягі, сярод гішпанамоўных выбарнікаў, жанчын і афраамэрыканцаў.

У штаце Флорыда, напрыклад, яўка выхадцаў з Лацінскай Амэрыкі і выбарнікаў ва ўзросьце да 30 гадоў, якія падтрымлівалі Клінтан, была меншай, чым прагназавалася. Тым часам падтрымка Трампа сярод гішпанамоўных выбарнікаў у Флорыдзе была вышэйшай, чым чакалася — дастаткова, каб перахіліць выбарчыя шалі ў яго карысьць.

Выпраўленьне памылак

Брытанская рада сацыялягічных апытаньняў настойвае на тым, што большасьць сацыёлягаў ЗША правільна вызначылі вынік нацыянальнага галасаваньня ў 2016 годзе.

Канчатковыя вынікі паказваюць, што Клінтан атрымала прыблізна на 2,8 мільёна галасоў больш, чым Трамп — і выйграла агульнанароднае галасаваньне зь перавагай больш чым на 2 працэнтныя пункты.

Але пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША вызначае калегія электараў, а не народнае галасаваньне. Так што насамрэч мае значэньне прагназаваньне пераможцы ў кожным паасобным штаце.

У калегіі электараў Трамп выйграў зь перавагай каля 80 тысяч галасоў у трох штатах — і ў кожным з гэтых вырашальных штатаў яго перавага над суперніцай была меншая, чым на 1 працэнтны пункт.

Амаль усе буйныя сацыялягічныя службы памылкова спрагназавалі вынік выбараў у гэтых крытычных штатах — Пэнсыльваніі, Мічыгане і Вісконсіне.

Апытаньні ў іншых нявызначаных штатах, як правіла, знаходзіліся ў межах чаканай трохпрацэнтнай хібнасьці.

Аднак для Дын той факт, што амаль усе сацыялягічныя апытаньні дапусьцілі падобную памылку ў дзевяці ключавых штатах — няправільна прадказвалі перамогу Клінтан — паказвае на наяўнасьць сыстэмных праблем.

Апытаньне праведзенае службай USC/Los Angeles Times было адзіным, якое правільна прадказала перамогу Трампа.

Службай кіруе Эйры Каптэйн з Унівэрсытэту Паўднёвай Каліфорніі. Каптэйн сказаў Los Angeles Times, што незвычайная мэтодыка дапамагла ягонай камандзе ацаніць «верагодных выбарнікаў» і вызначыць зьмены ў яўцы выбарнікаў, якія ня ўзялі пад увагу больш традыцыйныя апытаньні.

Замест таго, каб пытаць, за якіх кандыдатаў рэспандэнты прагаласавалі б, служба Каптэйна прасіла людзей ацаніць, на шкале ад 0 да 100, іх імавернасьць галасаваньня за кожнага кандыдата.

Але Джон Кэртыс крытычна ставіцца да апытаньня USC/Los Angeles Times, адзначаючы, што яно памылкова прадказала перамогу Трампа ва ўсенародным галасаваньні.

Сапраўднай праблемай для дасьледчыкаў грамадзкай думкі, паводле Кэртыса, зьяўляецца тое, што людзі ў цяперашні час «значна менш ахвочыя» адказваць на тэлефонныя апытаньні грамадзкай думкі. А ў інтэрнэт-апытаньнях, дадаў ён, вынік залежаць толькі ад людзей, якія хочуць зарэгістравацца. У абодвух выпадках вельмі цяжка атрымаць выпадковыя выбаркі, якія сапраўды могуць адлюстроўваць галасаваньне насельніцтва, лічыць Кэртыс.

Дын з цэнтру Pew заключае, што на дадзены момант ёсьць «шмат спэкуляцый, але няма дакладных адказаў» наконт прычынаў памылковых сацыялягічных прадказаньняў у 2016 годзе.

Дын адзначае, што сацыёлягі ведаюць, што іх прафэсія «сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі» і што «аднаўленьне даверу да апытаньняў» зьяўляецца вельмі важным заданьнем.

Таму сацыялягічныя службы як у Злучаных Штатах, так і Вялікай Брытаніі будуць уважліва вывучаць вынікі дасьледаваньняў іх прафэсійных асацыяцый у траўні 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG