Рада БНР выступіла з заявай, у якой выказала сур’ёзную занепакоенасьць паведамленьнямі аб пагрозе існаваньню тэлеканалу «Белсат».
У сваёй заяве Рада зазначае, што «ва ўмовах панаваньня ў Беларусі дыктатарскага рэжыму, які займаецца дыскрымінацыяй беларускай мовы й беларускай культуры, працягвае савецкую шавіністычную палітыку русыфікацыі і зьнішчэньня беларускасьці, „Белсат“ грае вялізную ролю ў якасьці ня толькі СМІ, але й як культурніцкая зьява».
Рада БНР мяркуе, што закрыцьцё тэлеканалу альбо ягонае перафарматаваньне «было б сур’ёзным ударам па свабодзе слова ў Беларусі» і згуляла б на карысьць рэжыму А.Лукашэнкі ў Беларусі і «ягоным традыцыйным спонсарам — агрэсіўным расейскім нацыяналістычным элітам. Гэта было б ударам па інтарэсах дэмакратыі і бясьпекі ў нашым рэгіёне».
Рада БНР зьвяртаецца да ўладаў Польшчы і да Эўрапейскага Зьвязу з просьбай падтрымаць далейшае існаваньне тэлеканалу «Белсат» як незалежнага беларускага беларускамоўнага тэлеканалу.