Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба есьці для здароўя вачэй?


Мабыць, самы вядомы стэрэатып — для здароўя вачэй трэба есьці моркву. Так, морква — крыніца бэта-каратыну, папярэдніка вітамінаў А, які неабходны для падтрыманьня зроку. Аднак, калі грызьці моркву проста так, то карысьці будзе няшмат.

Бэта-каратын лепш засвойваецца ў кампаніі тлушчаў. Так што маркоўны салат ежце з алеем або сьмятанай, а ў маркоўны сок дадавайце вяршкі або алей. Дарэчы, морква — далёка не адзіны прадукт, які спрыяе здароўю вачэй. У гэтым артыкуле я распавяду пра навукова пацьверджаныя карысныя для вачэй рэчывы і прадукты.

Бэта-каратын

Каратыноід бэта-каратын, акрамя морквы, знойдзем у аранжавай і жоўтай садавіне і гародніне: гарбузе, жоўтых яблыках, абрыкосах, пэрсіках, аранжавай дыні. Бэта-каратын у чалавечым арганізьме пераўтвараецца ў вітамін А, які дапамагае падтрымліваць здароўе сьлізістых абалонак, скуры і вачэй.

Зэаксантын

Зэаксантын зьяўляецца адным з найбольш распаўсюджаных каратыноідаў, якія сустракаюцца ў прыродзе. Гэты пігмэнт сынтэзуецца ў расьлінах і надае ім характэрны аранжавы і жоўты колер. Назва паходзіць ад Zea Mays (гатунак звычайнай кукурузы, у якім зэаксантын забясьпечвае асноўны жоўты пігмэнт) ды Хanthos, грэцкае слова «жоўты». Зэаксантын зьяўляецца асноўным кампанэнтам пігмэнту ў сятчатцы вока. Невялікая колькасьць зэаксантыну таксама ўтрымліваецца ў мазгах. Зэаксантын грае важную ролю ў функцыянаваньні вачэй, бо ён адказны за вастрыню цэнтральнага зроку (яснасьць, зь якой аб’екты вылучаюцца ад іх асяродзьдзя), ён таксама памяншае наступствы асьляпленьня (так званага сіняга сьвятла). Важныя крыніцы для атрыманьня зэаксантыну зь ежы: кукуруза, жоўты і аранжавы перац і сухая папрыка, шафран, усе гатункі гарбуза, кабачок, ківі, вінаград, апэльсінавы сок, ягады годжы.

Лютэін

Яшчэ адзін каратыноід, які ў значнай колькасьці знаходзіцца ў сятчатцы чалавечага вока — лютэін. Навукоўцы даўно заўважылі, што лютэін крытычны для зроку. Нядаўні іспыт, праведзены ў Кітаі, у якім было задзейнічана 120 кіроўцаў-начнікоў, прывёў да цікавых высноў. Рэгулярнае ўжываньне лютэіну паляпшае начны зрок і зрок пры нізкай асьветленасьці. Выдатныя крыніцы лютэіну — яечны жаўток, кукуруза, шпінат, чырвоны вінаград, агурок, сьцёблы салеры, зялёны перац.

Верагодна, што лютэін і зэаксантын функцыянуюць сынэргічна, гэта значыць, разам ад іх больш карысьці, чым паасобку.

Вітамін Е

Доказы карысьці ўжываньня пэўных мікраэлемэнтаў дзеля супрацьстаяньня ўзроставай макулярнай дэгенэрацыі (УМД) паступаюць з розных тыпаў дасьледаваньняў. Лябараторныя досьледы, іспыты на жывёлах і эпідэміялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што спэцыфічныя пажыўныя мікраэлемэнты могуць аказваць дабратворнае ўзьдзеяньне на фільтраваньне вокам кароткіх хваляў сьвятла, памяншаючы акісьленьне і запаленчае пашкоджаньне, а таксама памяншаючы апаптоз (сьмерць клетак) і ангіагенэз (утварэньне новых крывяносных сасудаў з ужо існуючых). Напрыклад, маштабнае дасьледаваньне ўзроставай акулярнай паталёгіі Pola (1999) паказала, што рызыка позьняй УМД памяншаецца аж на 82% у людзей з высокім узроўнем вітаміну Е ў крыві ў параўнаньні зь людзьмі з нізкім узроўнем гэтага мікраэлемэнту.

Цынк

Далёка ня ўсе ведаюць, што мікраэлемэнт цынк вельмі важны для зроку. Яго хранічны дэфіцыт можа прывесьці да начной («курынай») сьлепаты. Самай багатай крыніцай цынку зьяўляюцца вустрыцы: адна вустрыца ўтрымлівае сутачную дозу гэтага мінэралу. Шмат цынку таксама ў іншых морапрадуктах, мясе, ёгурце і тварагу. Наступныя расьлінныя прадукты багатыя на цынк: суцэльныя крупы, бабовыя і соевыя прадукты (асабліва тофу), гарох, арахіс, арэхі, семкі (асабліва сланечнікавыя), аўсянка, капуста брокалі.

Рыбафлявiн

Вітамін В-2 (рыбафлявiн) таксама неабходны для здаровых вачэй. Гэты вітамін абараняе глютаціён, які зьяўляецца важным антыаксыдантам ў воку. Нацыянальная мэдэцынская бібліятэка ЗША (NLM) паведамляе, што дыета, багатая рыбафлявінам, можа зьнізіць рызыку разьвіцьця катаракты. Добрыя крыніцы гэтага вітаміну — малочныя і кісламалочныя прадукты, грыбы, шпінат, кукурузная крупа.

Доказагексаенавая кіслата

Ну і напрыканцы хачу зьвярнуць вашу ўвагу на доказагексаенавую кіслату (ДГК). ДГК належыць да сямейства Амэга-3. ДГК ня толькі спрыяе падтрыманьню нармальнага зроку дарослых: яе спажываньне цяжарнымі і кормячымі істотна для нармальнага разьвіцьця зроку плоду і немаўлят на грудным гадаваньні. ДГК сустракаецца амаль выключна ў рыбе і іншых морапрадуктах. Асабліва тлустая рыба кшталту скумбрыі, ласося, вугра, селядца і сардзінаў зьяўляецца важнай крыніцай гэтых кіслот, бо рыба наўпрост захоўвае іх у сваёй тлушчавай тканіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG