Інфармацыя пра радыкальнае скарачэньне бюджэту Белсату і магчмымы перавод вяшчаньня на расейскую мову стаў адной з тэмаў абмеркаваньня польскіх палітыкаў і лідэраў грамадзкай думкі.
Адрыян Зандбэрг, адзін зь лідэраў левай партыі «Разам»:
«Сяброўства з новым ключавым саюзьнікам Права і Справядлівасьці, прэзыдэнтам Лукашэнкам, плённа разьвіваецца: МЗС у практыцы ліквідуе Белсат».
Марцін Палядэ, сацыёляг: «Здаецца, што МЗС адумаўся і значна скараціў датацыі Белсату. Найлепшая пара для сыгналу TVP Polonia ў Беларусі».
Гжэгаж Кастшэва-Зорбас, публіцыст:
«Замест Белсату па-беларуску, будзе Западная Россія ТВ па-расейску».
Галоўны рэдактар польскай вэрсіі «Newsweek» Томаш Ліс:
«Бедная пані Рамашэўска. Такая цяжкая праца для ПіС і ня здолела зразумець, небарака, што Беларусь гэта ўжо наш саюзьнік».
Міхал Патоцкі, публіцыст штодзёньніка «Dziennik»:
«Калі пацьвердзіцца інфармацыя пра зьмяншэньне бюджэту Белсату, то гэта будзе горш, чым злачынства. Гэта памылка. І ў дадатку без нічога ўзамен».
Пшэмыслаў Шубартовіч, публіцыст:
«Агнешка Рамашэўская, верная сымэтрыі, ня піскнула ў абарону ахвяр ПіС у Польскай Тэлевізіі і Польскім радыё, але ўдар ПіС па Белсаце — гэта тая самая „добрая зьмена“ (перадвыбарчы спокліч партыі ПіС — Свабода)».
Эўгэніюш Смоляр, былы дыплямат, вэтэран польскай антыкамуністычнай апазыцыі:
«Шакуючыя пляны МЗС практычна ліквідацыі Белсату — інвэстыцыя ў інтарэсы з Лукашэнкам??? Вар’яцтва!»