Павал Севасьцян паведаміў Свабодзе, што суд над ім адбыўся ў Сьвіслачы, але ён на ім не прысутнічаў. Паводле яго, не было сэнсу ехаць, паколькі рашэньне суду вядомае зараней:
«Ехаць сто кілямэтраў са Слоніму да Сьвіслачы – гэта сёньня дорага, а вынік і так вядомы. Я толькі запытаўся па тэлефоне, колькі мне прысудзілі, а болей нават не задаваў пытаньняў. Няма сэнсу, бо і так у судах ніхто нашых спраў не разглядае, дастаткова аргумэнту, што ты там быў, а яшчэ і зь бела-чырвона-белым сьцягам. Улады хочуць вынішчыць і вытруціць усё беларускае, хочуць сьцерці памяць пра нашых нацыянальных герояў. Думаю, гэта марныя намаганьні, нічога ў іх не атрымаецца».
На працягу апошніх 20 гадоў актывісты з самых розных гарадоў Беларусі зьяжджаюцца ў Сьвіслач у апошнюю нядзелю кастрычніка, каб на Дзяды ўшанаваць памяць паўстанцаў Каліноўскага. Сёлета на мерапрыемстве прысутнічала каля пяцідзесяці чалавек, суды ўжо адбыліся над дзясяткам актывістаў.