Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо заўтра: суд за бел-чырвона-белы сьцяг у дзень народзінаў Караткевіча


Хрыстафор Жаляпаў падчас акцыі ў дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, 26 лістапада 2016 году
Хрыстафор Жаляпаў падчас акцыі ў дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, 26 лістапада 2016 году

Куды варта пайсьці і за чым сачыць заўтра, 13 сьнежня

Што будзе?

У Віцебску 14 сьнежня адбудзецца суд за бел-чырвона-белы сьцяг на акцыі ў дзень нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. 26 лістапада, у дзень 86-й гадавіны Караткевіча, віцябляне прыйшлі да помніка пісьменьніку. Адзначаць народзіны беларускага клясыка ўскладаньнем кветак і чытаньнем вершаў стала ўжо традыцыяй. Хрыстафор Жаляпаў, ідучы да помніка ад сваёй машыны, разгарнуў нацыянальны сьцяг. Празь некалькі дзён актывісту патэлефанавалі з РАУСа, каб паведаміць, што завялі адміністрацыйную справу.

Бел-чырвона-белыя сьцяжок і стужка на помніку Караткевічу ў Віцебску, лістапад 2016
Бел-чырвона-белыя сьцяжок і стужка на помніку Караткевічу ў Віцебску, лістапад 2016

Кіно і выставы

Дыскусія пра позьнесавецкі кінэматограф

Эўрапейскі каледж Liberal Arts (ECLAB) ладзіць кінапрагляд стужкі Валера Рыбарава «Сьведка». Пасьля прагляду — абмеркаваньне, як і чаму адбывалася пераацэньваньне ваеннай гісторыі ў савецкім кіно.

Менск, Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.

Выстава «Дыялёг скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзэрсіс»

Некамэрцыйная галерэя «Брама» прэзэнтавала 12 сьнежня выставу, якая перанясе наведнікаў зь зімовага Менску ў сонечную Італію. «Брама» — найстарэйшая ў Беларусі прыватная галерэя з 25-гадовай гісторыяй. Новая выстава — гэта супастаўленьне плястыкі і фактуры аб’ёмных аб’ектаў у тэкстылі і мэтале.

Менск, Палац Рэспублікі, мастацкая галерэя «Ўнівэрсытэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1).
Час працы: 11:00–19:00.

Літаратурныя імпрэзы

Фінал паэтычнага конкурсу «Рухавік»

Шматсэрыйны паэтычны турнір паміж маладымі літаратарамі ідзе зь верасьня. За перамогу будуць змагацца 12 творцаў. Іх задача — зьдзівіць публіку сваёй творчасьцю ўсяго за 5 хвілін.

​Менск, арт-цэнтар «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.

Літаратурная вечарына «Тутэйшых»

Незалежнае абʼяднаньне маладых літаратараў «Тутэйшыя» было заснавана ў 1987 годзе. Ня маючы магчымасьці публікаваць свае творы ў афіцыйных выдавецкіх структурах, літаратары пачалі выпускаць альманах «Літаратура». Імпрэза, у якой возьмуць удзел Уладзімер Някляеў і Міхась Скобла, будзе прысьвечана блізкаму ўжо 30-годзьдзю літаратурнага абʼяднаньня.

Менск, Палац Мастацтваў (вул. Казлова, 3).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG