Падзеі 10 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.
Дата дня
10 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. У гэты дзень у 1948 годзе на Генэральнай Асамблеі ААН была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека.
Таксама ў гэты дзень
1520 — Марцін Лютэр публічна спаліў папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне пратэстантызму ад каталіцкай царквы.
1901 — былі ўручаныя першыя Нобэлеўскія прэміі.
1963 — была ўведзена ў эксплюатацыю першая чарга калійнага камбінату ў Салігорску.
1991 — цэнтральны праспэкт Менску атрымаў новую назву ў гонар Францішка Скарыны.
1991 — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Белавескія пагадненьні аб спыненьні дзеяньня Саюзнай дамовы 1922 году і аб утварэньні СНД. Супраць прагаласаваў адзін дэпутат — былы сакратар ЦК КПБ і будучы старшыня Канстытуцыйнага Суду Валер Ціхіня.
2007 — пачаліся трансьляцыі тэлеканалу «Белсат».
2015 — Сьвятлане Алексіевіч была ўручана Нобэлеўская прэмія па літаратуры.
У гэты дзень нарадзіліся
1878 — Мікола Бліядуха, беларускі акадэмік, геоляг, дасьледчык карысных выкапняў Беларусі.
1892 — Павал Аляксюк, беларускі палітык, радны БНР, старшыня Беларускай вайсковай камісіі, кіраўнік ураду пры штабе генэрала Булак-Балаховіча.
1930 — Мікола Арочка, беларускі паэт і літаратуразнавец, аўтар гістарычных паэм «Курганьне», «Крэва», «Судны дзень Скарыны», «Каранацыя Мяндоўга».
У памяці
1896 — памёр Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік, інжынэр, вынаходнік дынаміту, заснавальнік Нобэлеўскай прэміі.
2006 — памёр Аўгуста Піначэт, чылійскі дыктатар.
Куды варта пайсьці і за чым сачыць заўтра, 10 сьнежня
На «Менск-Арэне» канцэрт украінскага гурту «Акіян Эльзы». Падчас гастроляў у Беларусі лідэр гурту Сьвятаслаў Вакарчук выконваў песьні «Песьняроў» на беларускай і расейскай мовах.
У Жэнэве пройдзе нарада вайсковых экспэртаў і дыпляматаў для ўрэгуляваньня «праблемы Ўсходняга Алепа».
Імпрэзы
Казачны вечар у музэі
Нацыянальны гістарычны музэй прапануе сваім наведнікам некалькі зімовых вечароў правесьці разам за чытаньнем чароўных казак.
Вядомыя беларускія пісьменьнікі і супрацоўнікі музэю прачытаюць свае ўлюбёныя калядныя гісторыі.
Менск, Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12).
Пачатак у 17:00.
Квіток каштуе 1 рубель.
Экскурсіі і тэатар
Экскурсія «Гісторыі са старога падʼезду»
Аўтар ініцыятывы «Менскі шпацыр» Раман Абрамчук правядзе пешую экскурсію па пасёлку Трактарнага заводу. Пасёлак быў пабудаваны ў пасьляваенным Менску ваеннапалоннымі немцамі і вяскоўцамі-беларусамі. Экскурсавод называе Трактарны пасёлак сымбалем адноўленай сталіцы.
Менск, мэтро «Трактарны завод» (выхад у бок МТЗ).
Пачатак у 11:00.
Квіткі каштуюць 7–10 рублёў.
Спэктакль для дзяцей «Зубное шчасьце»
Калектыў творчай майстэрні «Тэрыторыя кіно» працягвае сэрыю пераднавагодніх спэктакляў для дзяцей. Грошы ад продажу квіткоў пойдуць на дабрачыннасьць, а ў фінале казкі маленькіх гледачоў чакаюць салодкія падарункі.
Менск, Loft Cafe (вул. Петруся Броўкі, 22).
Пачатак у 12:00.
Дзіцячы квіток каштуе 10 рублёў, дарослы — 5.
Мʼюзыкал-прыпавесьць «Апокрыф»
Нацыянальны акадэмічны народны аркестар імя Жыновіча прэзэнтуе мʼюзыкал да 125-годзьдзя Максіма Багдановіча. Паэтычныя творы Багдановіча ўзбагацілі нацыянальную літаратуру такімі формамі вершаскладаньня, як санэт, трыялет, танка, рубаі ды інш.
Менск, Беларуская дзяржаўная філярмонія (пр. Незалежнасьці, 50).
Пачатак у 19:00.