Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмешная дыктатура на імпарт, ці Прыручаны Ленін


Алена Германовіч
Алена Германовіч

Чвэрць стагодзьдзя таму мне было 13. «Саюз гаўкнуў!», — крыкнуў тады нехта з блізкіх-дарослых, наглядзеўшыся тэлевізару. «Гаўкнуў, хм», — задумалася я, уявіўшы гэтую гіганцкую прастору ў межах школьнай мапы, якая гаўкае. На іншыя краіны-суседкі, ці што? Шкада, вельмі шкада. А як жа тады «Клятва камсамольца», ці якая там яшчэ прысяга, якую я ўжо думала вучыць? Ужо ня трэба, значыць. Я ледзь «Клятву піянэра» вывучыла. Нам раздалі паперкі, там было напісана: «Я, прозьвішча, імя, уступаючы ў шэрагі Ўсесаюзнай піянэрскай арганізацыі, урачыста абяцаю!». «Якая бязглузьдзіца, — пакутавала я, — што значыць вось гэтае „я, прозьвішча, імя“, да чаго яно тут?». Але працягвала моршчыцца і старанна вучыць, менавіта так — «Я, прозьвішча, імя» — думаючы, што там нейкі хітры код і шыфр закладзены, не для маіх дзіцячых мазгоў, кляснай лепш ведаць, што да чаго. Яна мне потым і патлумачыла, што там трэба падставіць сваё імя і прозьвішча. А ў нейкай клятве ці прысязе камсамольца было: «Если тебе комсомолец имя, имя крепи делами своими!». Ну тут я ўжо дапетрыла самастойна, па аналёгіі з піянэрамі, што не «імя» трэба чытаць, а трэба там сваё імя падстаўляць: «Калі табе камсамолец Алена, Алену замацуй справамі сваімі!». Цьфу ты, зноў бязглузьдзіца.

Але, як сказалі дарослыя, «Саюз гаўкнуў!», то не прыйшлося больш вучыць ніякіх прысягаў ды клятваў. І наогул клятвы даваць — грэх. Гэта ўжо расказалі ў новых інстанцыях у барацьбе за нашы кволыя галовы і дзіцячыя душы.

25 гадоў, 25 гадоў. Саюз гаўкнуў, а Ленін — не! Стаіць сабе, прываблівае бліскучай лысінай варон і галубоў на цэнтральных плошчах.

Нельга іх зьнішчаць, гэта будзе правал і параза.

У дзьве гадзіны ночы ўглядаюся ў карцінкі з інтэрнэту ў помнікі правадыру бальшавікоў у беларускіх гарадах. Не, не і не! Нельга іх зьнішчаць, гэта будзе правал і параза. Што такое, дарэчы? Столькі матэрыялу, мэталу, фарбы і цэмэнту — і ўсё каб дарма? Тым больш, як казалі (а я была на адным разбураным Леніне ў Чарнігаве ў 2014 годзе) нашы суседзі: «А каго зараз паставіць замест яго — вось задача!». Напэўна, і да гэтага часу нікога яны не ўсталявалі. Можа, ня любяць мумій у саркафагах і зікуратах, ат, ім там сам чорт не разьбярэ, такі ўжо гарачы народ. Проста як гішпанцы, якія днямі ў нас гасьцявалі. Яны былі памерлі ад сьмеху, калі бачылі то ў тым горадзе, то ў іншым Леніна на плошчы — хапаліся за смартфоны і крычалі, каб я хутчэй іх здымала на такім велічным для нас і сьмешным для іх фоне. Ім гэта было «прышпільна». Таксама ім за дзень да нашых паездак туды-сюды па гарадах нядобрыя людзі нагаварылі абы-чаго пра нашу сінявокую-зялёна-чырвоную. Маўляў, дыктатура тут! «Дыктатура?», — у іхных вачах адбіўся спэктар эмоцый, якія Курт Ванэгут неяк зьвёў да дзьвюх асноўных: людзі ці паміраюць з суму, ці абміраюць са страху. Таму і кідаюцца, як апараныя, з аднаго стану ў другі. Гэтыя ж барсэлёнцы пачалі рагатаць. Ну хоць стан суму пераадолелі, і то добра.

На чыгуначным вакзале ў Гомелі — зноў Ленін! Паказвае рукой ці на алькагалічную краму (ідзіце выпіце чаго!), што працуе нон-стоп, ці на шырокі праспэкт Перамогі (беражыце апошнія дрэвы!), ці на стадыён (усім — здаць нормы ГПА!). Ці проста: «А ну-ка, ідзіце-ка вы гуляць, няма чаго больш за трох зьбірацца на вакзале!».

«А чаму ў вас людзі такія сумныя?», майго слоўнікавага запасу хапала на якраз вось гэтае слова: «Dictadura».

Той чыгуначны Ленін асабліва спадабаўся замежным гасьцям, калі глядзець на колькасьць здымкаў. Я засумавала ўжо ў чаканьні і нагадала ім, што трэба акуратней, усё-ткі дыктатура. Мне вельмі спадабалася ў стасунках зь імі гэтае слова «Дыктатура», бо гішпанскую мову я ведаю на ўзроўні зулуса, які ніколі не быў далей сваёй вёскі. А яно ўсё тлумачыла. Напрыклад, калі яны пыталіся «А чаму ў вас людзі такія сумныя?», майго слоўнікавага запасу хапала на якраз вось гэтае слова: «Dictadura». «А чаму тут мала турыстаў?», — «Dictadura ж у нас, ну, Tenemos dictadura!» (стомлена махала рукой я, і думала: мы яе маем, ці яна нас?).

Калі пры нашых групавых і індывідуальных здымках на фоне ўсіх Ленінаў пачыналі неяк дзіўна і незаўважна звужваць колы патруляваньня міліцыянэры і АМАП, гішпанка, папярэджаная нядобрымі людзьмі пра зьверствы паплечнікаў рэжыму, пачынала ледзь не лямантаваць «Me gusta mucho Lenin! Es mi amigo!». Наўрад ці тыя разумелі, але паблажліва праходзілі паўз нас. Ну, замежнікі, хай сабе цешацца.

Зьменіцца начальнік — новы твар намаляваць, новага начальніка.

І вось кажуць некаторыя — зваліць тых Ленінаў. А іншыя кажуць — нельга, бо гісторыя. Пакінуць трэба, толькі ўдасканаліць, дапоўніць сучаснымі сэнсамі, трэндамі і брэндамі. Напрыклад, калі лоеўскі Ленін паказвае на Днепр, а там сапраўды добрая рыбалка, то можна яго ўпрыгожыць адпаведнымі шыльдамі, у залежнасьці ад сэзону. Напрыклад, павесіць на руку тую, на раку ўказальную, баромэтар які, тэрмомэтар, і бягучы радок ад розных службаў на адмысловым экране. «Сёньня плюс дваццаць, шчупакі пайшлі на нераст, бярыце плотку і карасёў!», ці «Посьпеху ў зімовай рыбалцы, не хадзіце па тонкім лёдзе, беражыце рэчы ад крадзяжоў, целы — ад марозу. Не праваліцеся пад лёд, не ўтапіцеся, вас чакаюць дома». Рэцэпты, як лепш рыбу гатаваць, трансьляваць. Пускаць па экране радок ад памежнікаў, што так і так, за фарватарам ракі — Украіна, вам пагражае адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе штрафу! А самога Леніна апрануць адпаведна сэзону і месцу. У форму рыбака, ці памежніка, напрыклад. Намаляваць твар, каб быў падобны, напрыклад, на начальніка памежнай групы. Зьменіцца начальнік — новы твар намаляваць, новага начальніка. Ці старшыню выканкаму. У руку і на бягучы радок вывешваць розныя пастановы і рашэньні органу вэртыкальнай улады.

На гомельскім вакзале зрабіць зь Леніна помнік чарнігаўцам, што самаахвярна гадамі прарываюцца праз кардоны і возяць нам смачнае сала. Нічога цяжкага. Пафарбаваць трохі гіганцкага мужчыну, навешаць тых торбаў у клетку, на ўсе рукі і за плечы. Можа, ён паказвае не нам, а украінцам месца, дзе выгодней можна сала прадаць — там, за рагом, на Сялянскай ды Карповіча? Добры быў бы арыенцір. Ці рысь ля ног яго прымасьціць, а яму — ланцуг у рукі даць, капялюш саламяны на галаву — вось вам і гатовы малабюджэтны помнік першаму гамяльчаніну.

У Віцебску Ільіч атабарыўся каля філярмоніі, узьняўшы руку ў какетлівым жэсьце. Так і просіцца, каб скрыпку ў рукі ўклалі, і смычок. А што — хіба вядомых музыкантаў няма з Віцебску, каго б мог сымбалізаваць правадыр? Тут жа якраз і «Славянскі базар» праводзіцца. Быў бы сымбалем культуры.

Будзь модным, як Ленін!

Са статычнымі Ленінамі, як у Менску, я проста і ня ведаю, што рабіць. Хіба прыбіраць іх па модзе. Раз ужо стаіць каля нейкага там заканадаўчага органу — то хай будзе заканадаўцам мод. Паліто яму пашыць, моднае, прыгожае, ад беларускіх вытворцаў, шалік, капялюшык. «У гэтым сэзоне модна хадзіць о так», — пачалі б балбатаць па ўсіх каналах, прасоўваць мясцовую лёгенькую прамысловасьць, а тут сярод гораду — і наглядная агітацыя. Будзь модным, як Ленін! У народны строй апрануць, у вышыванкі.

У Брэсьце, калі ўжо так здарылася, што ён на касьцёл паказвае (ці на Польшчу?) — то і адпаведны сэнс яму надаць. Напрыклад, у руку даць трымаць экран з актуальнымі коштамі і зьнічкамі ў тэрэспальскай «Бядронцы», новыя правілы пераходу праз мяжу і так далей (канечне, я як адэпт адной з рэлігій, прыбрала б яго ў сутану, каб клікаў народ у касьцёл, але наўрад ці мне гэта дазволяць).

У Бабруйску, ці вы заўважылі, як лоўка магла б упісацца пад апушчаную руку Леніна аўтамабільная шына — сымбаль мясцовай прамысловасьці? От проста карціць мне туды яе закаціць, так бы была яна дарэчы там!

У Жлобіне можна было на ўсе рукі Леніна навешаць мяккіх цацак, якімі тут гандлююць спрадвеку век.

У Добрушы ў Леніна адна рука даўжэйшая за другую хіба два разы. А калі ў гэтую непрапарцыянальную выцягнутую руку — парцалянавы кубак мясцовага заводу? Такая б рэкляма была! Глядзіш — і палепшыўся б эканамічны стан прадпрыемства, пацягнуліся бы ў Добруш турысты. У Жлобіне можна было на ўсе рукі Леніна навешаць мяккіх цацак, якімі тут гандлююць спрадвеку век. У Церахоўцы Ленін трымае ў руках нейкую паперчыну. А чаму б там нешта не напісаць, напрыклад: «Стой! Ці маеш дазвол на праход у памежную зону?!». Этсэтэра.

Працы — непачаты край! Хай будзе Ленін. Хай са страшнага зробіцца сьмешным. І будзем тады разам з замежнікамі рагатаць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG