Калі бялковыя целы з фэрмаў і падворкаў сканчаюць зямны шлях, яны патрапляюць у рай на радзіму Дантэ Флярэнцыю, Цэнтральны рынак, мясныя крамы.
Вясёлы прадавец працягвае шынку, потым лусту сальцісону, тасканскае сала, іншую шынку, новы сальцісон... Я кажу, што ў Беларусі крывянка лепшая, яго голас узьлятае як у опэры, і я мушу пакаштаваць з нажа яшчэ тры гатункі крывянкі. Японцы, амэрыканцы, немцы апладзіруюць.
Нарэшце плачу, забіраю, іду на выхад, але вяртаюся:
— Джузэпэ, чаму ты ня тоўсты?
— Сіньёр, вы, я бачу, сур’ёзны чалавек.
Джузэпэ падымае рукі ўгору як у малітве і выдыхае:
— Сіньярыны!
Аўтар «Боскай камэдыі» мог нарадзіцца толькі тут.
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org