Паводле папярэдніх вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўзбэкістане, што прайшлі ў нядзелю 4 сьнежня, перамогу мае атрымаць прэм’ер-міністар і цяперашні часовы прэзыдэнт краіны, 59-гадовы Шаўкат Мірзіёеў. Паводле зьвестак ЦВК Узбэкістану, у галасаваньні ўзялі ўдзел 87,8 % выбарнікаў. Камісія абвесьціць вынікі галасаваньня ў панядзелак а 14 гадзіне па менскім часе.
Апанэнтамі Мірзіёева на выбарах зьяўляюцца Хатамжон Кетмонаў, Нарымон Умараў і Сарвар Атамуратаў — вылучэнцы трох парлямэнцкіх партыяў праўладнай «кішэннай апазыцыі». Да таго дарогу да прэзыдэнцтва Мірзіёеву саступіў сьпікер Сэнату (верхняй палаты парлямэнту).
Тое, наколькі вялікай будзе перамога Мірзіёева на выбарах — рэалістычныя 65-70 адсоткаў галасоў ці 90 зь лішнім, як гэта было ў Карымава, — пакажа, наколькі сур’ёзныя намеры Ташкента ў правядзеньні палітычных і эканамічных рэформаў, лічыць казахстанскі экспэрт па Цэнтральнай Азіі Аляксандар Князеў.
Ад 1989 году да сваёй сьмерці ад інсульту ў 2016-м Узбэкістанам кіраваў Іслам Карымаў, Мірзіёеў правёў у ягоным цені больш за дзесяцігодзьдзе.
Зьмена ўлады ва Ўзбэкістане: наколькі жывучая аўтарытарная спадчына Карымава?
Нягледзячы на заявы пра захаваньне пераемнасьці, Мірзіёеў абвясьціў аб плянах правядзеньня эканамічных рэформаў, у тым ліку лібэралізацыю жорстка кантраляванага рынку абмену валюты. Ён таксама зрабіў захады дзеля зьніжэньня напружанасьці ў стасунках з суседнімі краінамі Цэнтральнай Азіі. Дыпляматы мяркуюць, што Мірзіёеў пойдзе на збліжэньне Ўзбэкістану з Расеяй, у сфэры ўплыву якой краіна знаходзілася ў савецкую эпоху.
Згодна з дыпляматычнай дэпэшай амбасады ЗША ва Ўзбэкістане ад 2009 годў, апублікаванай WikiLeaks, Карымаў лічыў, што Мірзіёеў «непрафэсійны», і плянаваў урэшце зрынуць яго, хоць і не адразу. Паводле іншай дэпэшы амбасады, датаванай 2008 годам, Мірзіёеў загадаў дзяржаўным СМІ ніколі не паказваць яго па тэлебачаньні, баючыся, што Карымаў будзе яму зайздросьціць. Карымаў пакідаў Мірзіёева на пасадзе прэмʼер-міністра празь яго ляяльнасьць да сямʼі Карымава, гаварылася ў той жа дэпэшы.
Крыніцы Reuters у дыпляматычных і бізнэс-колах паведамляюць, што Мірзіёеву ўдалося заручыцца падтрымкай уплывовых нефармальных кланаў Ўзбэкістану. Дзеля гэтага яму давялося пагадзіцца падзяліць уладу з двума іншымі палітычнымі «цяжкавагавікамі»: віцэ-прэмʼерам Рустамам Азімавым і кіраўніком Службы нацыянальнай бясьпекі Рустамам Інаятавым.
Некаторыя аналітыкі, аднак, лічаць, што гэтыя дамоўленасьці могуць толькі адтэрмінаваць барацьбу за вышэйшую ўладу ў асяродзьдзі палітычнай эліты, якая можа дэстабілізаваць мусульманскую краіну, што межавала з Аўганістанам.