Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра крызіс у Вэнэсуэле


Дэманстрацыя з заклікам да адстаўкі прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура
Дэманстрацыя з заклікам да адстаўкі прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура

1. Падзеньне ВУП на 4,8%

Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле пачаўся пасьля падзеньня цэнаў на нафту. Экспарт «чорнага золата» быў адным з галоўных даходаў краіны. Зьмяншэньне паступленьняў ад продажу нафты выклікала ланцуговую рэакцыю ў эканоміцы. Чакаецца, што валавы ўнутраны прадукт Вэнэсэулы ў 2016 годзе зьменшыцца на 4,8%.

Сутыкненьні паміж паліцыяй і дэманстрантамі, якія патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Мадура, кастрычнік 2016 году.
Сутыкненьні паміж паліцыяй і дэманстрантамі, якія патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Мадура, кастрычнік 2016 году.

2. Бэнзін таньнейшы за ваду

Краіна перажывае гіпэрінфляцыю, руйнуюцца дзяржаўныя даходы, людзі бяруць на абардаж мяжу з Калюмбіяй, каб набыць там туалетную паперу, нападаюць на аўтобус з футбольным клюбам і здымаюць зь іх штаны, але ёсьць рэч, наконт якой вэнэсуэльцам могуць пазайздросьціць шмат дзе ў сьвеце. Цана літра высакаякаснага бэнзіну складае ўсяго 6 балівараў, па курсе «чорнага рынку» — менш за адзін цэнт. Гэта больш як у 100 разоў таньней чым той жа аб’ём мінэральнай вады. Праехаць уздоўж усёй мяжы Беларусі (а гэта амаль 3 тысячы км.) можна было б трошкі больш чым за даляр.

3. Даляр на чорным рынку амаль у 600 разоў даражэйшы за афіцыйны курс

Афіцыйны курс даляра складае 8 балівараў за даляр. Наколькі гэты курс адарваны ад рэальнасьці, сьведчыць вартасьць вэнэсуэльскай валюты на чорным рынку. Месяц таму за 1 даляр там прапаноўвалі 2 000 да балівараў, на гэтым тыдні — 4 600. За выплату з банкамату эквіваленту 5$ машына выдае кіпу грошай прынамсі са 100 банкнотаў. Паводле правілаў, некаторыя банкаматы павінна папаўняцца грашыма кожныя 3 гадзіны.

4. Інфляцыя ў наступным годзе складзе 1500%

Паводле МВФ, інфляцыя ў Вэнэсуэле складзе сёлета 720%. Імпартныя тавары каштуюць фантастычныя сумы. Напрыклад, слоік шакаляднага крэму «Нутэла» — 15 даляраў. Нават у Лёндане, адным з самых дарагіх гарадоў сьвету, такі слоік можна набыць за 4,5 даляры. Пры гэтым 15 даляраў — гэта палова мінімальнага заробку ў краіне.

Упакоўка з 36 прэзэрватывамі каштуе 4760 балівараў. Паводле афіцыйнага курсу гэта амаль 600 даляраў. За гэтую суму ў ЗША можна купіць iPhone6. Сытуацыя з доступам да прэзэрватываў хвалюе арганізацыі, якія змагаюцца з праблемай ВІЧ-інфэкцыі.

У наступным годзе інфляцыя, паводле падлікаў МВФ, складзе ажно 1500%.

Кукурузная мука на паліцы крамы ў Вэнэсуле. Паводле афіцыйнага курсу яна каштуе больш 900 даляраў. Паводле курсу «чорнага рынку» — менш за два даляры.

5. Bachaquero

Так у Вэнэсуэле называюць людзей, якія робяць пакупкі на чорным рынку. Гэта назва ўзялася у гонар мураша, які можа панесьці на сабе больш за сваю вагу. Мяркуецца, што амаль палова вэнэсульцаў (а гэта каля 15 млн чалавек) карыстаюцца паслугамі чорнага рынку.

6. 14 гадоў турмы за пакупкі

Ад пачатку году за празьмерна вялікія пакупкі харчаваньня ў Вэнэсуэле было арыштавана больш за 10 тысяч чалавек. Затрымаць у краіне могуць і за чаргу каля крамы ў неадпаведных гадзінах. Увосень за такое правапарушэньне ў адной зь мясцовасьцяў было затрымана цягам адных выходных каля 4 000 чалавек. Чэргі каля крамаў даводзіцца кантраляваць нават войску. За гэтыя парушэньні грамадзяне абавязаныя прыбіраць вуліцы, выконваць іншыя грамадзкія працы. Але нават гадзіны ў чарзе не гарантуюць здабыцьця харчовых прадуктаў. 80% тавараў першай неабходнасьці, такія як рыс, цукар, туалетная папера, у Вэнэсуэле здабыць амаль нелегальна.

Нікаляс Мадура (справа) паціскае руку Хесусу Тарэальба, прадстаўніку апазыцыйнай кааліцыі на перамовах у сталіцы Вэнэсуэлы, Каракасе, 30 кастрычніка, 2016 году.
Нікаляс Мадура (справа) паціскае руку Хесусу Тарэальба, прадстаўніку апазыцыйнай кааліцыі на перамовах у сталіцы Вэнэсуэлы, Каракасе, 30 кастрычніка, 2016 году.

7. І далей чавэсаўскім курсам

У сярэдзіне лістапада ўрад Вэнэсуэлы і прадстаўнікі правацэнтрысцкай апазыцыйнай кааліцыі заявілі, што будуць праводзіць перамовы дзеля выхаду краіны з крызысу. Дыялёг пачаўся дзякуючы пасярэдніцтву Ватыкану. Аднак тыдзень таму прэзыдэнт краіны Нікаляс Мадура выйшаў зь перамоваў — як мяркуецца, праз скандал з наркотыкамі. Як паведамляе Reuters, два пляменьнікі Мадуры абвінавачаныя ў кантрабандзе наркотыкаў на мільёны даляраў. Даходы ад продажаў нібыта павінны былі дапамагчы сямʼі прэзыдэнта захаваць сваю ўладу.

Нікаляс Мадура прыйшоў да ўлады пасьля сьмерці Уга Чавэса і працягнуў сацыялістычны курс Вэнэсуэлы. Адно з апошніх выступленьняў прэзыдэнта адбылося падчас жалобнай цырымоніі на Кубе з нагоды сьмерці Фідэля Кастра. «Мы ўсе, мы рэвалюцыянэры ўсяго сьвету, павінны зьберагчы яго спадчыну і працягваць яго справу» — заявіў прэзыдэнт Вэнэсуэлы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG