Натальля Пазьнякова, 41 год, вёска Копішча на Меншчыне. Адна гадуе чацьвёра дзяцей, жыве ў кватэры са статусам сацыяльнага жыльля. Працуе дворнікам. Даход - 280 рублёў.
"Майго заробку хапае на тое, каб заплаціць за кватэру, інтэрнэт, хатні тэлефон, за садок. І застаецца, каб набыць крыху самай таннай каўбасы. Нават на сваёй працы я зьбірала пляшкі, каб здаць і купіць дзецям хлеба.
Гэта суп — учорашні — зараз гатую сьвежы. Малако ўжо спажылі — сёньня аванс — зараз пайду набуду. Вось каўбаса, сыр, яйкі. Тушонка ад SOS "Дзіцячая вёска". Вось буракі, кукуруза і кавунок".
З маразілкі гаспадыня дастае невялікі скрутак фаршу, некалькі курыных крылцаў, кавалак сала. На пліце — гатовая манная каша, гатуецца суп. "Прадукты заканчваюцца, але сёньня аванс — пайду падкуплю"".
Алена Шабуня, Віцебск інвалід па зроку, гадуе двух сыноў-падлеткаў. Пэнсыя - 140 рублёў.
"У маразілцы замарожаная гародніна, а ўнізе сырая — морква і буракі. Гароднінай са мной дзеліцца сястра былога мужа, дзякуй ёй вялікі! І мая родная сястра, якая жыве ў вёсцы. У грыбы, у ягады зь ёй ходзім, калі ёсьць час.
А сёлета — проста знаёмыя далі мне сьліў, яблыкаў, і я наварыла варэньня. Вунь яно стаіць, і ў лядоўні, і ў шафе закаткі. З варэньнем я пяку печыва, самае простае — мука, масла, яйкі. Такое ў краме каштуе 50–60 тысяч за кілё, а ў мяне выходзіць нашмат таньней!
Не купляем батоны — я пяку бліны. Бяром у краме шмат таго, што на зьніжках".
Андрэевы, Ворша, жывуць у інтэрнаце. Жончына пэнсыя – 280 рублёў.
"У нас лядоўня ніколі не бывае поўнай, а маразілка — дык і ўвогуле найчасьцей пустая. Прынамсі, мясам яна забітая толькі перад Калядамі ці перад якімі іншымі сьвятамі. Але я заўжды стараюся, каб у лядоўні быў кавалачак сала".
Увесь астатні набор харчоў у лядоўні — выключна "здаровая ежа": жонка абавязкова варыць суп, у якім бульба, морква, цыбуля, кроп — усё з уласнага лецішча.
У маразілцы — замарожаныя трускалкі, у ніжэйшых скрынях — фасоля, памідоры, перац. Таксама вырашчаныя ўласнымі рукамі.
Людзьміла Лазарава, Гародня. Беспрацоўная. Гадуе 16-гадовую дачку.
"У выходныя былі ў мамы на лецішчы, мы ёй там дапамагаем, то прывезьлі яек і гародніны з садавіной. На раніцу ў нас звычайна яечня, а на абед суп з гародніны. Мяса ў супе ў нас не бывае, нават курынага. Проста дадаю трошкі алею для смаку, і ўсё…
А вячэраем, што пападзе. У краму хаджу толькі па хлеб. У мяне ўжо няма даўно бюджэту сям’і, калі, як раней, я магла плянаваць, колькі і на што выдаць".
Міхаіл Кавалькоў, Менск, 73 гады, пэнсіянэр. Інвалід другой групы. Пэнсыя – 360 рублёў.
"Вось атрымаў пэнсію 360 рублёў. Мушу зь іх набыць лекі, заплаціць за камунальныя паслугі і харчавацца. А тым часам у нашым доме капітальны рамонт: загадалі набыць новую газавую пліту, інакш не падключаць газ.
Гэткім чынам, аддаў 240 рублёў і набыў пліту. У выніку — на харчаваньне грошай не засталося. Пазычыў грошай і закупіў прадуктаў.
Міхаіл Васільевіч паказвае зьмесьціва сваёй лядоўні: дзясятак яек і яечня на патэльні. Костка зь мясам — ялавічына — і ўжо звараны боршч. Палова булкі жытняга хлеба, трыста грамаў сырых курыных вантробаў і гэтулькі ж — варанай каўбасы. Літровы слоік з замарынаванымі памідорамі, трохлітровы слоік зь вішнёвым кампотам і некалькі малых слоікаў з варэньнем — пачастунак ад магілёўскай пляменьніцы.
Яўгенія Казлова, Ворша. Пэнсыянэрка. Пэнсыя – 260 рублёў.
"З пэнсіі купляю курыныя сьпінкі. Або цэлую курыцу, яе адразу рэжу на часткі. Суседка са Смаленску прывозіць рыбу марожаную, я ў яе часам купляю скумбрыю. Стараюся купляць і есьці тварог, каб не было остэапарозу. Але тварагу сёньня не купляла.
Зараз зірнем, што ў лядоўні засталося", — Яўгенія Казлова адчыняе дзьверку. За ёй — пара бляшанак рыбных кансэрваў, малако, кефір, слоік салёных гуркоў, суп у рондліку, на "бакавінцы" — кавалачак сыру і дзясятак яек.
Аляксандар Валошчык, вёска Стайкі, Берасьцейшчына, беспрацоўны
"Калі ласка, зазірніце ў лядоўню — кефір, маянэз, кавалак каўбаскі ды яйкі. Вось так і жыву. У краме набываецца толькі самае неабходнае. Ратуе свая бульба з гароду, гуркі, памідорчыкі і ўсё іншае з гароду.
Неяк і жывем. А што тут зь лядоўні беднага селяніна ўзяць — мыш там павесілася".
Валянціна і Юры Конышкі, Ворша. Падвакном кватэры ў шматпавярховіку разьбілі гарод на дзьве соткі. Пэнсыя Юрыя – 280 рублёў.
Паліцы лядоўні ажно прагінаюцца пад слоікамі: тут і морква, і гуркі, і кабачкі, і фасоля. У маразілцы — і трускалкі, і вішні, і маліны… Чаго толькі не вырошчваюць на дзьвюх сотках пад вокнамі двое пэнсіянэраў.
"Даводзіцца пакруціцца, пастарацца! Я ж раней да 90 кіляграмаў памідораў вырошчваў, але ў 2008 годзе загадалі ліквідаваць парнікі. Гэта было перад "Дажынкамі", мусіў прыехаць Лукашэнка, дык баяліся, што ў парніку схаваецца снайпэр…"
Алеся Мятла, Віцебск, у адпачынку па доглядзе за дзіцём. Дзяржаўная дапамога – 245 рублёў.
"Мы ямо кашы, а вось бульбу нам нельга, моркву — толькі трошкі (у малой Эліны алергія). Мяса дзіцяці трэба? Трэба. Але зубоў яшчэ малавата, і курыцу ёй нельга. А можна толькі цяляціну і індычаціну. Філе індычкі — гэта надта дорага, таму я купляю нагу, перакручваю на фарш.
Малой трэба два кілё мяса на месяц, гэта як мінімум. І суп трэба з чагосьці варыць, праўда ж? Тады бяру трошкі цяляціны. Вось яшчэ стаяць слоічкі, гэта пюрэ зь ялавічыны — 1 рубель 25 капеек за кожны.
Што яшчэ? Звычайнае малако Эвэліне нельга, і мы ўжываем гіпаалергенную малочную сумесь. На ноч разводжу ёй NAN, 6 бляшанак на месяц па 20 рублёў кожная".