Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Матыліцкая: «Ліцьвіноў» не было ў дзяржаўных рэестрах, але нас слухалі з захапленьнем!


Сьпяваюць «Ліцьвіны» — Алена Шэўчык, Натальля Хрышчановіч, Уладзімер Бярбераў, Мікола Трус, Натальля Матыліцкая, Натальля Захаранка. Кіеў, 1991 год. Фота Сяргея Шапрана
Сьпяваюць «Ліцьвіны» — Алена Шэўчык, Натальля Хрышчановіч, Уладзімер Бярбераў, Мікола Трус, Натальля Матыліцкая, Натальля Захаранка. Кіеў, 1991 год. Фота Сяргея Шапрана

Дваццаць пяць гадоў споўнілася гурту «Ліцьвіны», які прынёс на беларускую сцэну нязвыклае гучаньне аўтэнтычнага фальклёру і шматкроць прадстаўляў Беларусь на прэстыжных міжнародных фэстывалях. Госьцяй перадачы — першая салістка «Ліцьвінаў» Натальля Матыліцкая.

— Натальля, я памятаю першыя выступы «Ліцьвінаў». Усё тады было дзівам, і дуда, і аўтэнтычныя строі, і само выкананьне — без усялякіх аранжыровак, так, як сьпявалі бабулі па вёсках... Але пачнем з пачатку — як утварыўся ваш гурт?

— У «Ліцьвінаў» ёсьць свая перадгісторыя, і немалая — ажно чатыры гады. Яна пачалася з нашай сустрэчы з Уладзімерам Бярберавым у 1987 годзе. Гэта адбылося нетрывіяльна — на вясельлі маёй філфакаўскай аднакурсьніцы Марыны Місько і барда Зьмітра Сідаровіча. У канцы вясельля маладая нечакана папрасіла пасьпяваць вясельныя песьні зь Любанскага раёну, дзе мы нядаўна пабывалі на фальклёрнай практыцы. Ну я і засьпявала: «Ой, кляновы лісточак» і «Каб я знала ды я ведала». Гэта ўразіла гасьцей. А Бярбераў хуценька падбег да мяне і спытаў: «Скуль паненка?» А я бойка адказала: «Са Случчыны!» Уладзімер тады вельмі хацеў стварыць свой гурт, і я яго падтрымала, бо таксама захаплялася аўтэнтычнымі сьпевамі. Так пачаліся нашы выступы ў Доме літаратара, у летніку «Грунвальд». Напрацоўвалі рэпэртуар, набывалі інструмэнты і строі. Мне пашэнціла набыць аўтэнтычны ляхавіцкі строй, які дагэтуль са мною «ў страі».

Першая салістка музычнага гурту «Ліцьвіны» Натальля Матыліцкая. Фота Анатоля Клешчука
Першая салістка музычнага гурту «Ліцьвіны» Натальля Матыліцкая. Фота Анатоля Клешчука

— Хто з музыкаў і сьпевакоў уваходзіў у зорны склад «Ліцьвінаў»? Я маю на ўвазе час выхаду першага і найлепшага альбому «Галуб на чарэшні, галубка на вішні».

— Неўзабаве да нас далучылася скрыпачка Ксенія Дзягілева, потым я знайшла Марыну Грыбок і выдатнага тэнара Міколу Труса. Канчаткова дапамагла гурту сфармавацца студэнцкая паездка ў Кіеў у 1991 годзе. Мы тады правялі сапраўдны кастынг (хоць слова такога ня ведалі) на філфаку БДУ. І да нас у выніку прыйшлі Алена Шэўчык і Натальля Захаранка. Кіеўскім слухачам «Ліцвіны» спадабаліся — нас адразу пасьля першага выступу пацягнулі на другі. У Беларусі было складаней. У той час сярод тых, хто сьпяваў фальклёр на сцэне, існавала закасьцянелая думка, што аўтэнтычным песьням месца толькі на вёсцы. А на гарадзкой сцэне, маўляў, патрэбны «акультураны гук». Для мяне гэта было алягічна, я лічыла, што на сцэне павінна гучаць тое, што цікава ў музычным пляне. Мяне проста абражалі адносіны некаторых прафэсіяналаў, якія, дарэчы, не маглі засьпяваць ніводнай песьні аўтэнтычным гукам, да носьбітаў фальклёру. Я лічыла і лічу, што бабулі і дзядулі ў сваім жанры — сапраўдныя профі, якія дадуць фору ўсім, хто спрабуе гэтаму навучыцца. Але шмат хто горача вітаў зьяўленьне «Ліцьвінаў». Асабліва мяне парадавала падтрымка Ніла Гілевіча, які, апрача ўсяго, яшчэ і выдатны фальклярыст. А крытык Вітаўт Мартыненка назваў першы склад гурту легендарным. Гэта было прыемна. У 1992 годзе мы запісалі і выдалі першы альбом «Галуб на чарэшні, галубка на вішні». Зорны склад праіснаваў чатыры гады.

— Дзе тады даводзілася выступаць «Ліцьвінам»? Наколькі помніцца, вам неаднойчы даводзілася прадстаўляць Беларусь на замежных фэстывалях — у тым ліку ў Польшчы, ва Ўкраіне, у Францыі, у Расеі. Як там вас прымалі і ўспрымалі?

Мы рыхтуемся, і тут падбягае арганізатарка: «Белорусы, вы пойдёте с Россией!» Мы абурыліся — у чым справа? «Ну, не хотите с Россией, пойдёте с Польшей!»

— Цікавасьць да «Ліцьвінаў» адразу ўзьнікла ў нашых суседзяў. У тым жа 1992 годзе нас запрасілі на вельмі вядомы міжнародны фэстываль у Вільні «Зьвініце, зьвініце, гусьлі» («Skamba, skamba kankles»). Між іншым, на яго можна патрапіць толькі аднойчы, але мне ўдалося пабываць там яшчэ раз — ужо ў складзе гурту «Юр’я». Той фэстываль асабліва запомніўся Міколу Трусу, бо яму давялося несьці старыя цяжкія цымбалы на гару Гедыміна. У тым жа годзе мы выступалі на фэсьце беларускай культуры ў Лодзі, у 1993-м — на фэстывалі «Вялікае Княства Літоўскае» ў Варшаве. Беларусь як незалежная краіна толькі заяўляла пра сябе ў сьвеце, і часам даходзіла да кур’ёзаў. Фэстываль «Балтамір» у Калінінградзе праходзіў проста на стадыёне, і ў пачатку ўсе дэлегацыі мусілі прайсьці перад трыбунамі, як спартсмэны на алімпіядзе. Мы рыхтуемся, і тут падбягае арганізатарка: «Белорусы, вы пойдёте с Россией!» Мы абурыліся — у чым справа? «Ну, не хотите с Россией, пойдёте с Польшей!» Мы ізноў запратэставалі. Аказалася, што мясцовы аркестар ня ведаў ніводнай беларускай мэлёдыі! Мы з Уладзімерам Бярберавым падышлі да аркестрантаў, і я гукнула: «Ёсьць хто зь Беларусі?» Падняўся флейтыст: «Я зь Ляхавічаў». Ён ведаў «Лявоніху», дык мы пад яе і дэфілявалі па стадыёне!

Вокладка альбому «Галуб на чарэшні, галубка на вішні»
Вокладка альбому «Галуб на чарэшні, галубка на вішні»

— Памятаецца, «Ліцьвіны» ўдзельнічалі ў гіт-парадзе Радыё Свабода (1994) і — што было таксама дзівам для ўсіх — перамаглі папулярны на той час рок-гурт «Мрою». Як фальклёр змог атрымаць перамогу над рокам?

— Пра тую перамогу пазьней пісаў музычны крытык Вітаўт Мартыненка: «Песьня „Туман ярам“ скарыла гіт-парад „Свабоды“ яшчэ ў 1993 годзе. А песьня „Восень мая доўгая“ трымала стабільны рэйтынг у гарачай беларускай дзясятцы ажно 8 месяцаў (з чэрвеня 1993-га да студзеня 1994-га)». Ад сябе дадам, што пасьля таго гіт-параду газэтай «Чырвоная зьмена» быў выдадзены прыгожы постар зь «Ліцвінамі» і тэкстам песьні-пераможцы.

— Пасьля «Галуба на чарэшні, галубкі на вішні» былі і іншыя, ня менш цікавыя альбомы, — «Неба і зямля», «Ой у лузе, лузе». А што за гісторыя з альбомам пад назвай «5 сакавіка»? Уладзімер Бярбераў на поўным сур’ёзе гаварыў, што так «Ліцьвіны» адзначылі чарговую гадавіну сьмерці Сталіна...

— Вядома ж, гэта быў жарт. Уладзімер Бярбераў валодае вельмі своеасаблівым пачуцьцём гумару. Проста 5 сакавіка адбыўся канцэрт «Ліцьвінаў». Аднак, гэта было ўжо безь мяне, як і ўдзел гурту ў перадачы Андрэя Макарэвіча «Макарэна» на расейскім тэлебачаньні.

Данчык і «найпрыгажэйшыя на сьвеце беларускія дзяўчаты»
Данчык і «найпрыгажэйшыя на сьвеце беларускія дзяўчаты»

— Дзіўнымі і шматспадзеўнымі былі 90-я. Я памятаю, зь якім фурорам праходзілі ў Менску выступы сьпевака зь Нью-Ёрку Данчыка. Дарэчы, ён неаднойчы ўхвальна выказваўся пра «Ліцьвіны».

— Так, Данчык вёў перадачу на Радыё Свабода і назваў «Ліцьвіны» найлепшым фальклёрным гуртом. Гэта нас вельмі натхніла. А ў адзін з прыездаў Данчыка ў Беларусь мы адмыслова для яго далі канцэрт. Здаецца, ён у нас не расчараваўся.

Канцэрт для Данчыка ў Менскай політэхнічнай гімназіі. 1993 год
Канцэрт для Данчыка ў Менскай політэхнічнай гімназіі. 1993 год

— Альбом «Неба і зямля» праславіўся тым, што адразу дзьве песьні зь яго трапілі ў амэрыканскі зборнік «Музыка Ўсходняй Эўропы» («Ublocked. Music of Eastern Europe» ЗША, 1997). «Ды было ў Юр’я тры дачушачкі» — у вашым сольным выкананьні. Адкуль вы ўзялі гэтую песьню? Як увогуле папаўняўся рэпэртуар «Ліцьвінаў»?

Амэрыканская музычная кампанія адслухала шмат тагачасных фальклёрных гуртоў і выбрала «Ліцьвінаў».

— Валачобную песьню «Ды было ў Юр’я тры дачушачкі» мы зь Бярберавым запісалі ў вёсцы Белая Лужа на Случчыне. Амэрыканская музычная кампанія адслухала шмат тагачасных фальклёрных гуртоў і выбрала «Ліцьвінаў». Мы ня значыліся ні ў якіх дзяржаўных рэестрах, але на канцэртах нас слухалі з захапленьнем! Папаўняўся наш рэпэртуар пераважна ў экспэдыцыях, мы ўвялі такую моду. Потым многія выканаўцы пачалі актыўна прышпільваць да сваёй творчасьці прыметнік «аўтэнтычны» і спасылацца на экспэдыцыі, хаця самі не валодалі такім сьпевам. На жаль, у наш час існуе вельмі шмат падробак у розных сфэрах, і разабрацца простаму чалавеку ва ўсім цяжка. І таму я хачу зьвярнуцца да суайчыньнікаў — давярайце прафэсіяналам і людзям, якія займаюцца справай зь любоўю, а ня толькі за грошы. Усё ж душа ў народнай песьні — галоўнае.

— Чаму «Ліцьвіны» замоўклі? Як мне здаецца, сёньня яны былі б ізноў запатрабаваныя. Вось жа і сучасныя музычныя крытыкі называюць гурт непераўзыдзеным, а зусім нядаўна вас запрашаў у сваю праграму на расейскім Радыё Свабода Ігар Памяранцаў.

— «Ліцьвіны» ніколі не замаўкалі, проста былі перапынкі, зьмянілася некалькі складаў. Спадзяюся, што яшчэ засьпяваюць і зайграюць. Калі? Гэта ўжо пытаньне да кіраўніка гурту Ўладзімера Бярберава. А даўнія запісы з задавальненьнем слухаюць і сьпяваюць, напрыклад, студэнты Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, дзе я выкладаю. І гэта добра, што маладое пакаленьне пераасэнсоўвае нашу творчасьць. А пасьля перадачы Памяранцава песьні з майго сольнага альбому «Пчолачка» трапілі ў рубрыку «Любімыя пласьцінкі»... Бяжыць час, а мне ўсё ўспамінаюцца выступы «Ліцьвінаў». Я запявала «Восень маю доўгую», адметным тэмбрам падхопліваў Мікола Трус, затым далучаўся і басіў Уладзь Бярбераў, аксамітным нізкім сапрана вяла Натальля Захаранка і ўздымалася жаўранкам у вышыню Алена Шэўчык. Здавалася, мы луналі над прасторай, над нашай Беларусьсю, зь якой адчувалі такую шчымлівую еднасьць. Гэта помніцца, як сёньня, праўду нехта сказаў, што ўсё мінецца, а застанецца толькі тое, што зроблена зь любоўю.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG