Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бойцеся ня тлушчаў, але вугляводаў


Амэрыканскія навукоўцы сьцьвярджаюць, што цяперашняя эпідэмія атлусьценьня ў ЗША зьяўляецца вынікам «спрошчаных дыетычных рэкамэндацый, якія стварылі фобію тлушчу».

Пачынаючы з 1970-х гадоў вынікі дасьледаваньняў паказвалі, што дыета з высокім утрыманьнем насычаных тлушчаў і халестэрыну зьяўляецца важным фактарам рызыкі разьвіцьця сардэчна-судзінных хваробаў, а дыетычныя рэкамэндацыі заклікалі людзей спажываць менш тлушчаў.

І хоць мэдычныя парады канцэнтраваліся на прадуктах з высокім утрыманьнем жывёльных тлушчаў, людзі перанесьлі іх на ўсе тлушчы і сталі выбіраць прадукты з паніжаным утрыманьне тлушчаў або зусім абястлушчаныя, але багатыя на вугляводы, напрыклад, салодкія ёгурты. У выніку асабліва ўзрасло спажываньне двух тыпаў вугляводаў — рафінаванага крухмалу і цукру, што прывяло да росту выпадкаў атлусьценьня і дыябэту другога тыпу.

Як сказаў доктар Франк Гу з Гарвардзкай школы грамадзкага здароўя, памылка была зроблена тады, калі акцэнт рабіўся на нізкім утрыманьні тлушчу, а на ўтрыманьне вугляводаў увага не зьвярталася. У выніку стварылася ўражаньне, што ўсе тлушчы дрэнныя, а ўсе вугляводы добрыя. А насамрэч, паводле доктара Гу, важна адрозьніваць дрэнныя і добрыя тлушчы, як і дрэнныя і добрыя вугляводы.

Насычаны тлушч, які зьмяшчаецца ў ежы жывёльнага паходжаньня, такой як мяса і малочныя прадукты, падвышае ўзровень халестэрыну ў крыві і не зьяўляецца здаровым, а вось алеі, такія як аліўкавы, рапсавы, авакадавы або арэхавы — хоць і маюць столькі ж калёрый, як мяса і малочныя прадукты, але зьяўляюцца монаненасычанымі тлушчамі і не прыяюць падвышэньню ўзроўню халестэрыну і яго шкодным адкладаньням у крывяноснай сыстэме.

Такія вугляводы, як цукар і крухмал, у арганізьме чалавека распадаюцца на глюкозу, якая цыркулюе ў крыві. Прыток глюкозы выклікае сэкрэцыю інсуліну, каб яе перапрацаваць. Цукар распадаецца хутчэй, крухмалы — больш павольна. Такія рафінаваныя вугляводы, як белы хлеб і белы рыс, дзейнічаюць у арганізьме, як цукар. Пры спажываньні вугляводаў звыш меры можа ўзьнікнуць рэзыстэнтнасьць да інсуліну, што спрыяе тлушчавай хваробе печані.

На вялікі жаль для беларусаў, самая папулярная гародніна — бульба — дзейнічае ў арганізьме чалавека, як рафінаваныя вугляводы і цукар. Ва ўсіх іх ёсьць тое, што называецца глікемічны індэкс — здольнасьць падвышаць узровень глюкозы ў крыві.

Паняцьце глікемічнага індэксу было прапанаванае доктарам Дэвідам Джэнкінсам і яго калегамі ў 1981 годзе. У 2002 годзе доктар Дэвід Людвіг з Гарвардзкай школы грамадзкага здароўя апублікаваў градацыю прадуктаў паводле глікемічнага індэксу, якая сёньня дапамагае лекарам і пацыентам шукаць правільныя шляхі лячэньня і прэвэнцыі хваробаў.

Сымы высокі глікемічны індэкс мае звычайная бульба (111), пасьля ідуць белыя багеты (95), кукуруза (93), белы рыс (89), салодкія булкі (83), салодкая аўсяная каша (83), рысавыя аладкі (82) і бульба фры (75). Гэтыя прадукты спараджаюць больш высокія ўзроўні глюкозы ў крыві, чым звычайны белы хлеб, і таму іх лепш за ўсё ўжываць рэдка і ў невялікай колькасьці.

На іншым канцы глікемічнага спэктру аўсяныя шматкі (55), макаронныя вырабы (46 для спагеці і 32 для фэтучыні-лапшы), яблыкі (39), морква (35), абястлушчанае малако (32), чорныя бабы (30), сачавіца (29 ), чарнасьліў (29), ячмень (28), грэйпфрут (25), нут (10), арахіс (7) і гумус (6). Гэтыя прадукты маюць меншы ўплыў на ўзровень глюкозы ў крыві. А такая зялёная гародніна, як брокалі, мае занадта малы глікемічны індэкс, каб яго вымяраць.

Ёсьць яшчэ паняцьце глікемічнай нагрузкі, якая шчыльна зьвязана з глікемічным індэксам, але не ідэнтычная яму. Індэкс вымярае, наколькі той або іншы прадукт падымае ўзровень цукру ў крыві, а нагрузка бярэ пад увагу велічыню порцыі. Таму, напрыклад, кавун з высокім глікемічным індэксам мае нізкую глікемічную нагрузку, бо большую частку гэтай ягады складае вада.

Так што якія прадукты есьці, выбіраць вам. І ня трэба забывацца, што лішак калёрый можна ліквідаваць фізычнымі практыкаваньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG