Гурневіч: 21 лістапада ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы прайшла служба за спачын графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі таксама як Вешальнік і Людаед. Маленьне адбылося з ініцыятывы навукова-асьветніцкага праекту «Заходняя Русь» і Брацтва ў гонар Архістратыга Міхаіла. На сайце западнарусаў напісана, што Мураўёў быў выбітным дзяржаўным, грамадзкім і ваенным дзеячам Расейскай імпэрыі. Ці ня гэтую выбітнасьць яго празвалі «вешальнікам»?
Сярод прысутных на паніхідзе быў кіраўнік праекту «Заходняя Русь» Ігар Зелянкоўскі, вядомы як ідэоляг «русского мира». Ён аўтар шэрагу публікацыі, сярод якіх «Рано или поздно в Минске восстановят памятник Александру II», «Крым — это первый шаг...», «Основная идея — единение славян». Калі сёньня яны моляцца за Мураўёва, то цікава, што будзе заўтра?
Гэта людзі, якія бачаць гісторыю Беларусі выключна праз прызму праваслаўя і рускасьці, адмаўляючы ўсё багацьце, мультыкультурнасьць, шматрэлігійнасьць, этнічную разнастайнасьць. Менавіта такія арганізацыі гадамі ў Данбасе і Крыме рыхтавалі ідэалягічную глебу для сэпаратыстаў
Гэта адыёзная пэрсона — часты госьць аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў. Можна называць яго «западнарусам» альбо «рускамірцам» сутнасьць застаецца тая ж. Гэта людзі, якія бачаць гісторыю Беларусі выключна праз прызму праваслаўя і рускасьці, адмаўляючы ўсё багацьце, мультыкультурнасьць, шматрэлігійнасьць, этнічную разнастайнасьць. Менавіта такія арганізацыі гадамі ў Данбасе і Крыме рыхтавалі ідэалягічную глебу для сэпаратыстаў. Дык напрошваецца сурʼёзнае пытаньне: навошта ім дзяржава дае трыбуну? Тым больш цэнтральныя тэлеканалы — гэта не раённая газэта.
Адказаў тут можа быць некалькі. Гэта вынік працы «западнарускага» лобі ва ўладных колах. Гэта лобі — не кансьпіралягічная тэорыя. Прафэсар Леў Крыштаповіч, вядомы «западнарус», яшчэ два гады таму зьяўляўся намесьнікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Другая вэрсія — іх прысутнасьць у дзяржаўнай публічнай прасторы — гэта спроба паказаць Крамлю, што ў нас, маўляў, і вашы ёсьць, у нас шматвэктарнасьць, і вашы ідэі нам не чужыя. І трэці адказ — беларуская дзяржава і сапраўды лічыць «западнарусізм» часткай сваёй візіі нацыянальнай ідэі.
Незалежна ад таго, які з гэтых варыянтаў блізкі да праўды, а можа ёсьць і іншыя, ідэі гэтай супольнасьці шкодзяць беларускай дзяржаве і народу. Сёньня я больш схільны разглядаць іх як фрыкаў, але гісторыя паказвае, што самыя кепскія ідэалёгіі ды ідэі выходзілі якраз з такіх маргінальных ідэй.
Карбалевіч: Самі па сабе прарасейскія суполкі не ўяўлялі б вялікай пагрозы, калі б не існаваў спрыяльны для іх грамадзка-палітычны кантэкст. Што я маю на ўвазе?
Па-першае, нізкі ўзровень беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, своеасаблівая нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў. Яна грунтуецца не на этнакультурных каштоўнасьцях, а на беларускім грамадзянстве, фармальнай прыналежнасьці насельніцтва да дзяржавы Беларусь.
Падчас апытаньня на вуліцы, задавалі пытаньне: чым адрозьніваюцца беларусы ад рускіх? Адзін з адказаў быў такі: тым, што ў беларусаў беларускі пашпарт
У адной перадачы «Дело принципа», якую вядзе Вадзім Гігін, прагучаў такі сюжэт. Падчас апытаньня на вуліцы, задавалі пытаньне: чым адрозьніваюцца беларусы ад рускіх? Адзін з адказаў быў такі: тым, што ў беларусаў беларускі пашпарт.
Безумоўна сам факт існаваньня беларускай дзяржаўнасьці фарміруе адпаведную ідэнтычнасьць, асабліва ў маладога пакаленьня. Але, як паказвае досьвед Украіны, гэта даволі хісткая аснова.
Па-другое, афіцыйная палітыка дзяржавы, яе ідэалягічны канцэпт не грунтуецца на этнакультурных каштоўнасьцях, то бок на каштоўнасьці павагі да мовы, нацыянальнай сымболікі, беларускай гісторыі. Не зроблены развод з каляніяльнай, савецкай спадчынай. Захоўваецца ідэалягічны канструкт інтэграцыі з Расеяй. Фарміруецца грамадзтва спажыўцоў, якім чарговым разам абяцаюць заробак у 500 даляраў.
Па-трэцяе, беларускае насельніцтва поўнасьцю знаходзіцца ў расейскай інфармацыйнай прасторы. Яно напоўніцу замбаванае прапагандай «русского мира». Усе падзеі расейскага палітычнага, грамадзкага і культурнага жыцьця большасьць беларусаў успрымае як свае.
Па-чацьвёртае, гэтыя «западнарусы» маюць трыбуну дзяржаўных СМІ. Галоўны рэдактар аднаго зь іхных сайтаў Аляксей Дзермант не вылазіць зь беларускіх тэлеканалаў. Прычым, як на мой погляд, яны там праводзяць лінію, адрозную нават ад афіцыйнай пазыцыі.
Па-пятае, гэтыя суполкі атрымоўваюць матэрыяльную, палітычную і ідэйную дапамогу з Расеі.
Вось у гэтым уся праблема. Калі б ня гэты вонкавы кантэкст, то ў гэтай плыні грамадзкай думкі не было б вялікай небясьпекі.
Глод: Я спачатку паглядзеў, як вызначаюць «заходнерусізм» навукоўцы. Яны кажуць, што гэта навукова-грамадзкі рух на беларускай і ўкраінскай землях, якія мелі агульную гісторыка-геаграфічную назву «Заходняя Русь». Прычым, беларускія заходнерусісты лічаць, што беларусы зьяўляюцца часткай (няхай і самабытнай) рускага народу і могуць паўнавартасна існаваць і разьвіваць сваю культуру толькі ў лоне рускай цывілізацыі.
беларускія заходнерусісты заяўляюць, што пасьля атрыманьня незалежнасьці ў Беларусі быў узяты вялікі ўхіл у нацыяналізм. Маўляў, тады адсякалася ўсё, што зьвязвала беларусаў з рускім сьветам. Ці не нагадваюць вам гэтыя словы, калегі, словы аднаго чалавека, які не аднойчы казаў, што пры ўладзе Шушкевіча рускія сядзелі ў Беларусі на чамаданах?
Вось з гэтага і пачынаецца фальсыфікацыя гісторыі, пра што ўжо казаў Дзьмітры Гурневіч. Нездарма ж беларускія заходнерусісты заяўляюць, што пасьля атрыманьня незалежнасьці ў Беларусі быў узяты вялікі ўхіл у нацыяналізм. Маўляў, тады адсякалася ўсё, што зьвязвала беларусаў з рускім сьветам. Ці не нагадваюць вам гэтыя словы, калегі, словы аднаго чалавека, які не аднойчы казаў, што пры ўладзе Шушкевіча рускія сядзелі ў Беларусі на чамаданах? І калі б ня гэты чалавек, то ўсіх рускіх дэпартавалі б зь Беларусі і іх тут цяпер не было б наагул.
Канечне, гэта выглядае дзіўна. Як быццам нешта пагражае расейцам, якія жывуць у Беларусі. Як быццам бы гэта яны, а не беларусы ва ўласнай краіне ня могуць атрымаць адукацыю на беларускай мове. Як быццам і ў электроннай інфармацыйнай прасторы і ў друкаваных СМІ толькі зрэдку можна пачуць і пабачыць расейскую, а не беларускую мову. Як быццам беларускія апазыцыянэры, а не прапаведнікі панрусізму так часта выступаюць па дзяржаўнаму тэлебачаньню.
Калі б заходні русізм праяўляў сябе як навуковы, гістарычны, грамадзкі, геаграфічны рух, то вялікай бяды тут не было б. Тады гэта былі б навуковыя, мэтадычныя спрэчкі. Але паколькі шмат хто ў Беларусі замбаваны ўсялякай расейскай прапагандай, то іх дзейнасьць прадстаўляе, на мой погляд, пагрозу для незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь.