Што будзе заўтра?
Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў плянуюць правесьці мітынг, прысьвечаны «20-годзьдзю антыканстытуцыйнага перавароту» — рэфэрэндуму 1996 году.
Месца правядзеньня: Менск, пл. Свабоды. Пачатак а 18-й гадзіне.
Імпрэзы і выставы
«Сьнежны чалавек у Менску»
Швэдзкая пісьменьніца Эва Суса напісала кнігу для дзяцей аб прыгодах Сьнежнага чалавека ў беларускай сталіцы. Арганізатары імпрэзы ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў абяцаюць шмат цікавінак як для дзетак, так і для бацькоў.
Месца правядзеньня: Менская абласная бібліятэка імя Пушкіна (вул. Гікалы, 4). Пачатак а 18:00. Уваход вольны.
Прэзэнтацыя кнігі Рышарда Капусьцінскага «Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка»
Народжаны ў беларускім Пінску Рышард Капусьцінскі — легенда польскай рэпартажнай журналістыкі, вандроўнік і пісьменьнік. Яго кніга — пра крывавыя рэвалюцыі, выпадковыя перамогі і паразы, расавы антаганізм, голад, эпідэміі, карупцыю, галечу. Прэзэнтацыя адбудзецца з удзелам сакратаркі пісьменьніка Бажэны Дудко і паэта Андрэя Хадановіча.
Месца правядзеньня: Менск, Галерэя ТUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9-ты паверх). Пачатак а 19-й.
Кірмаш праектаў у Маладэчне
Кірмаш праектаў — гэта конкурс ідэяў кампаніі «Будзьма беларусамі», з дапамогай якога ініцыятыўныя людзі знаходзяць партнэраў для ўвасабленьня задумы. Цягам месяца на плятформе Talaka.by зьбіраліся і абмяркоўваліся ідэі. Цяпер аўтары праектаў маюць магчымасьць прэзэнтаваць свае задумы шырокай публіцы.
Месца правядзеньня: Маладэчна, адукацыйны цэнтар «Адкрытая прастора» (вул. Валынца, 12б). Пачатак а 18:00. Уваход вольны.
Прэзэнтацыя новага альбому гурту Botanic Project
Пакуль вакаліст беларускага рэгі-гурту Botanic Project сядзіць у турме, яго калегі выдалі свой пяты альбом. У студыйную работу ўвайшла песьня «А хто там ідзе?», дзе музыкі спалучылі паэзію Янкі Купалы і музыку Боба Марлі.
Месца правядзеньня: Менск, бар Beer&Wine (вул. Кульман, 9). Пачатак а 19:00. Квіткі каштуюць 17-20 рублёў.
Выстава карыкатур на тэму клімату
У гарадзенскай выставачнай залі адкрылася швэдзка-беларуская выстава карыкатур «Сам-насам з кліматам». Выстава праходзіць у межах праекту Швэдзкага інстытуту, які распачаўся ў 2010 годзе і толькі цяпер даехаў да Беларусі.
Месца правядзеньня: Выставачная заля Горадні (вул. Ажэшкі, 43). Выстава працуе да 18 сьнежня.