Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году. Фота з сайту «Виртуальный Брест»
Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году. Фота з сайту «Виртуальный Брест»

За «напад на міліцыянта» судзяць маларыцкага фэрмэра Бельчука. Анлайн

У судзе Берасьцейскага раёну 23 лістапада распачаўся судовы працэс па справе Мікалая Бельчука зь вёскі Арлянка Маларыцкага раёну, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. Бяльчук ад 1 лістапада трымае галадоўку ў СІЗА.

Інцыдэнт адбыўся 9 траўня 2014 году, калі ў Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ праз самаробны трактар у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. Міліцыянт Сяргей Неліповіч сьцьвярджаў, што ў дачыненьні да яго ўжывалі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе да двух месяцаў арышту.

Мікалай пакараны ня быў, аднак праз два гады па яго ў вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. Там у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога АМАПаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, але забіралі Мікалая. Думалі, гэта бандыты.

18:09 23.11.2016

Судзьдзя абвясьціў перапынак да 10-й гадзіны раніцы 24 лістапада.

17:56 23.11.2016

Дапыталі Аляксандра Бельчука, брата падсуднага Мікалая. Аляксандра даставілі ў суд пад канвоем у кайданках зь СІЗА, дзе ён знаходзіцца, бо абвінавачваецца ў супраціве міліцыянтам 12 кастрычніка.

На пытаньне судзьдзі пра месца пражываньня ён адказаў жартам: «Камэра СІЗА».

Потым брат падсуднага апавёў пра абставіны 9 траўня 2014 году. Сказаў, што даішнік Неліповіч абурыўся, што Аляксандар назваў яго на «ты», пасьля чаго міліцыянт схапіў яго за грудкі.

«Я яму яшчэ сказаў тады, што ты хапаеш, як баба», — патлумачыў судзьдзі Аляксандар Бяльчук.

Потым, паводле Аляксандра, прыехаў участковы Сідарук, які нават прыстаўляў яму пісталет да галавы. Сьведка патлумачыў, што яго брат Мікалай імкнуўся разьняць Неліповіча і Аляксандра Бельчука, якога даішнік утрымліваў за адзеньне. Сьведка Аляксандар Бяльчук сказаў, што лічыць, супрацоўнік ДАІ парушыў закон, калі зайшоў без дазволу на двор Бельчукоў, і ніхто яго не кусаў. А на майцы Аляксандра, як паказала экспэртыза, ягоная кроў, а не пацярпелага Сяргея Неліповіча.

Аляксандар сказаў, што ніякіх пашкоджаньняў у Неліповіча не было, ніхто яго ня біў. Фэрмэр лічыць ініцыятарам канфлікту супрацоўніка ДАІ, які «перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы».

Нягледзячы на тое, што Аляксандар Бяльчук больш за месяц знаходзіцца ў СІЗА, у часе допыту ён жартаваў, адказваючы на пытаньні. У адрозьненьне ад падсуднага Мікалая, які, паводле сваякоў, моцна схуднеў праз галадоўку.

17:54 23.11.2016

Наступны сьведка, жыхар вёскі Страдзеч Веньямін Голікаў, сказаў, што ўчастковы Сідарук яго запрасіў у якасьці панятога. Яму паказалі акуляры, камізэльку, якія ўпакавалі ў пакет, і сказалі расьпісацца. Камізэльку, кажа Голікаў, надта не разглядаў, не заўважыў, ці была на ёй кроў. Голікаў сказаў, што ня памятае, ці бачыў падазраванага ў дзень здарэньня, і ў час канфлікту не прысутнічаў. На большасьць пытаньняў пракурора сьведка адказваў, што ня памятае.

17:53 23.11.2016

Дапыталі лекара хуткай дапамогі Дзьмітрыя Серага

Сьведка апавёў, што выяжджаў на выклік у вёску Страдзеч 9 траўня 2014 году, дзе ў міліцыянта Неліповіча былі выяўленыя цялесныя пашкоджаньні.

16:46 23.11.2016

Чарговы сьведка-міліцыянт ведае пра здарэньне толькі са слоў пацярпелага

У судзе дапыталі чарговага сьведку-міліцыянта — опэрупаўнаважанага па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімера Драневіча.

9 траўня 2014 году ён у складзе сьледча-апэратыўнай групы быў накіраваны ў Страдзеч на месца здарэньня. Драневіч таксама кажа пра парваную вопратку пацярпелага Неліповіча, пра кроў на ягонай руцэ.

Як і папярэднія, гэты сьведка таксама ня бачыў моманту нанясеньня пашкоджаньняў супрацоўніку ДАІ Сяргею Неліповічу.

Мікалай Бяльчук сказаў Драневічу, што лічыў яго «чэсным і справядлівым чалавекам, хаця потым вы абяцалі сыну рукі пераламаць».

Адвакатка запыталася ў Драневіча, ці не пытаўся ён пра здарэньне і ў Бельчука. Міліцыянт адказаў, што не.

16:15 23.11.2016

Наступны сьведка таксама ня бачыў моманту зьбіцьця міліцыянта

Дапытваюць сьведку-міліцыянта з крымінальнага вышуку Ўладзімера Бажко.

Сьведка распавёў, што ў дзень здарэньня паступіла каманда выехаць у вёску Страдзеч, «дзе зьбіваюць супрацоўніка ДАІ».

Міліцыянт таксама кажа, што прыехаў у вёску, калі пацярпеламу ўжо былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні і парваная куртка. Бажко таксама бачыў у пацярпелага кроў з носа і пашкоджаньне на руцэ. Але моманту нанясеньня пашкоджаньняў ня бачыў.

Падсудны фэрмэр Бяльчук упікнуў Бажко: «Які ж вы сьведка, калі ня бачылі».

Бажко сказаў, што ведае абставіны са словаў калегі Неліповіча.

Тады Бяльчук задаў пытаньне, ці будуць яго сябры сьведкамі, калі ён ім раскажа пра абставіны здарэньня?

15:51 23.11.2016

Яшчэ адзін сьведка-міліцыянт кажа пра цялесныя пашкоджаньні Неліповіча

У судзе дапытваюць сьведку Эдуарда Алешку — намесьніка начальніка Берасьцейскага РАУС.

9 траўня 2014 году ён прыбыў разам зь яшчэ двума міліцыянтамі на месца здарэньня ў Страдзеч. Сьведка кажа, што ў пацярпелага Сяргея Неліповіча былі цялесныя пашкоджаньні — распух нос, падрапаная рука, кроў на камізэльцы, адарваны пагон.

Алешка сказаў, што ня бачыў, як былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні, а ведае гэта з тлумачэньняў Неліповіча.

Сьведка адзначыў, што выклікаў у Страдзеч АМАП, бо службовыя машыны міліцыянтаў блякаваліся вяскоўцамі, якія не давалі ім праехаць.

15:17 23.11.2016

Сьведка: у пацярпелага міліцыянта быў «разьбіты твар і зрушэньне носу»

Сьведка Карповіч, калега пацярпелага міліцыянта, распавёў, што прыехаў у Страдзеч разам зь Неліповічам, але адʼехаў быў у іншую вёску. А Неліповіч застаўся разьбірацца з сытуацыяй з трактарам Бельчукоў.

Потым, кажа Карповіч, Бельчукі ўчынілі гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Карповіч кажа, што ў Страдзечы «ледзь ня сталі ўзьнікаць нейкія масавыя непарадкі», быццам міліцыянты «прыехалі на расстрэл везьці» праз адміністрацыйнае парушэньне.

Карповіч кажа, што ў Неліповіча быў «разьбіты твар», у яго ня толькі кроў была, але і «зрушэньне носу». На пытаньне пракурора сьведка сказаў, што ня бачыў, як наносілі цялесныя пашкоджаньні пацярпеламу.

13:08 23.11.2016

У судзе абвясьцілі перапынак да 14.30. У часе перапынку міліцыянты перашкодзілі журналісту Станіславу Коршунаву фатаграфаваць падсуднага, вырывалі фотаздымач. На патрабаваньне журналіста прадставіцца міліцыянт адмовіўся.

13:06 23.11.2016

Сьведка міліцыянт Вадзім Лісавец распавёў, што бачыў у Страдзечы 9 траўня 2014 году самаробны трактар, які рухаўся па дарозе без нумарных знакаў. Аб гэтым ён даклаў начальніку РАУС. На пытаньні адвакаткі сьведка блытаўся ў тым, хто ёсьць хто зь Бельчукоў.

Пасьля допыту сьведкі-міліцыянты выходзяць з судовай залі, а не застаюцца ў памяшканьні суду да канца паседжаньня. Судзьдзя гэтаму не пярэчыць.

13:04 23.11.2016

Допыт Сідарука скончыўся.

13:02 23.11.2016

Участковы Сідарук сказаў, што на момант яго прыезду ў пацярпелага супрацоўніка ДАІ Неліповіча быў адарваны пагон. На пытаньне падсуднага Мікалая Бельчука, участковы сказаў, што бачыў пакусаную руку Неліповіча, бо даішнік яму паказваў.

Падсудны Бяльчук запытаўся, як гэта экспэртыза ня выявіла на вопратцы пацярпелага крыві, калі яна была. Участковы адказаў, што ня ведае.

Бяльчук запытаўся, ці круціў яму ўчастковы руку, каб апрануць кайданкі. Участковы сказаў, што кайданкі ня ён апранаў. Бяльчук упікнуў міліцыянта, што на яго просьбу ён яму не даваў вады, калі падсудны знаходзіўся ў міліцэйскай машыне. Участковы сказаў, што ня памятае праз два гады, хацеў ці не хацеў ён даць вады Мікалаю Бяльчуку.

Адвакатка запыталася ва ўчастковага, чаму ён ня выклікаў Неліповічу хуткую дапамогу, калі пабачыў кроў. Участковы адказаў, што ня бачыў пагрозы здароўю Неліповіча. Адвакатка заўважыла, што два гады таму Сідарук у сваіх сьвежых паказаньнях не казаў нічога пра пакусаную руку Неліповіча.

Сідарук: "Я не імкнуся чытаць у інтэрнэце, што пра мяне пішуць".

Адвакатка: "А я спасылаюся на вашыя мінулыя паказаньні".

12:19 23.11.2016

Участковы бачыў кроў

Участковы Аляксандар Сідарук распавёў, што яму патэлефанаваў пацярпелы супрацоўнік ДАІ Сяргей Неліповіч, які папрасіў аказаць дапамогу. Пасьля чаго ўчастковы прыехаў і пабачыў, што пацярпелы рукой утрымліваў Аляксандра Бельчука каля плоту. Участковы кажа, што бачыў кроў на Сяргеі Неліповічы. Аляксандар Сідарук распавёў, што на момант прыезду на месца здарэньня ён ня бачыў там падсуднага Мікалая Бельчука.

Участковы кажа, што пытаўся тады ў Неліповіча, чаму ён не ўжываў табэльную зброю, каб бараніцца.

12:05 23.11.2016

Допыт скончыўся. Падсуднаму стала блага

Скончылі дапытваць Мікалая Бельчука. Ён папрасіўся прысесьці з лавы на кукішкі на падлогу, спаслаўшыся, што яму блага. Судзьдзя дазволіў.

Пачаўся допыт сьведкі Аляксандра Сідарука — участковага міліцыянта Берасьцейскага РАУС.

11:45 23.11.2016

Трактар працаваў толькі ў цяпліцы

Мікалай абверг словы міліцыянта, што іх самаробны незарэгістраваны трактар рухаўся па вёсцы. Ён кажа, што ў Страдзеч яго ўвогуле даставілі на паўпрычэпе, а выкарыстоўвалі трактар выключна для працы ў цяпліцах, дзе ня можа праехаць вялікі трактар.

11:25 23.11.2016

Міліцыянт хадзіў і пасьміхаўся

Мікалай Бяльчук распавёў, што 9 траўня 2014 году супрацоўнік ДАІ Сяргей Неліповіч зьбіраўся забіраць іх самаробны трактар, які стаяў у двары. Мікалай распавядае, што міліцыянт абурыўся, калі яго брат Аляксандар зьвярнуўся да даішніка на «ты», пасьля чаго міліцыянт схапіў Аляксандра, а Мікалай спрабаваў іх разьняць.

У выніку, кажа Мікалай, міліцыянты яму накінулі кайданкі і «закінулі» ў УАЗ. Адтуль, кажа Мікалай, ён бачыў, што на Неліповічы не было ніякай крыві, а ён, маўляў, хадзіў ды ўсьміхаўся.

11:14 23.11.2016

Допыт пацярпелага скончыўся. Пачалі дапытваць падсуднага Мікалая Бельчука.

11:13 23.11.2016

Бяльчук: я не вінаваты

Мікалай Бяльчук: «Мяне прабачаць ня трэба, мяне няма за што прабачаць, я ні ў чым невінаваты».

11:08 23.11.2016

Пацярпелы ня хоча мірыцца

На пытаньне адвакаткі аб магчымасьці прымірэньня з падсудным Неліповіч адказаў, што «лічыць гэта сьмешным».

Неліповіч: «Ну як я магу прабачыць? Чалавек, які не прызнае сваёй віны... Ну гэта ж няправільна».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG