Цыганкоў: Ангела Мэркель 20 лістапада ўвечары афіцыйна на прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне абвясьціла, што будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду канцлера ФРГ чацьвёрты раз.
Будучыя выбары ў бундэстаг Мэркель назвала «самымі складанымі з моманту ўзьяднаньня Нямеччыны». Яна выказала ўпэўненасьць у тым, што прыняла правільнае рашэньне і запэўніла, што ёй хопіць жаданьня прайсьці гэты шлях разам з краінай.
Парлямэнцкія выбары, па выніках якіх вырашыцца, хто зойме пасаду канцлера, пройдуць у Нямеччыне напрыканцы лета або, што больш верагодна, увосень 2017 году. 62-гадовая Мэркель займае пасаду канцлера з 2005 году, вось ужо 11 гадоў.
Як перадае «Нямецкая хваля», паводле дадзеных дасьледаваньня, праведзенага сацыялягічным інстытутам Emnid, большасьць немцаў выступае за тое, каб Ангела Мэркель засталася на пасадзе фэдэральнага канцлера на новы тэрмін. Такое жаданьне выказваюць 55 адсоткаў рэспандэнтаў, 39 адсоткаў — выступаюць супраць.
Прыведзеныя вынікі азначаюць, што папулярнасьць кіраўнікоў Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) сярод нямецкіх выбаршчыкаў за апошні час прыкметна павысілася. Толькі ў жніўні за далейшае знаходжаньне Мэркель на пасадзе канцлера выступалі толькі 42 адсоткаў немцаў, 50 працэнтаў — былі супраць.
У палітычна нестабільнай Эўропе Мэркель выглядае пэўным выключэньнем, нават цудам. Калі па ўсім кантынэнце атрымліваюцца крызысы і паўстаньне новых, самых нечаканых палітычных сілаў, ад крайне левых да крайне левых
У палітычна нестабільнай Эўропе Мэркель выглядае пэўным выключэньнем, нават цудам. Калі па ўсім кантынэнце атрымліваюцца крызысы і паўстаньне новых, самых нечаканых палітычных сілаў, ад крайне левых да крайне левых. Год таму ў многіх палітолягаў было такое адчуваньне, што так званы мігранцкі крызыс даволі моцна пахіснуў пазыцыі Мэркель. Гэта сапраўды адбылося. Ня толькі паводле сацыялягічных апытаньняў яе рэйтынг паменшыўся, але крытыка ў яе адрас гучала нават унутры самой яе партыі. Здавалася многім, што Мэркель занадта шырока адчыніла дзьверы для міграцыі. Разам з тым стала інтэрнэт-мэмам яе фраза «Мы справімся» — зь яе шмат сьмяяліся, і Мэркель засталася вернай сваёй фразе, паўтарыўшы яе яшчэ раз, але сказала, што ня хоча больш яе паўтараць, выклікаць такія вялікія дыскусіі, і нават выказалася, што фраза была трохі вырваная з кантэксту.
Але яе стаўленьне засталося: Нямеччына ёсьць адкрытай дзяржавай для ўцекачоў, тым ня менш афіцыйныя працэдуры трэба захоўваць. Зусім нядаўна была інфармацыя, што Нямеччыны высылае 12 тысяч аўганцаў, заяўкі якіх на права быць уцекачом не былі падтрыманыя. Цікава, што калі большасьць немцаў крытыкуе Мэркель менавіта за гэтае занадта лібэральнае стаўленьне да мігрантаў, то па Эўраньюз я бачыў, як эўрадэпутат з Патрыі Зялёных раскрытыкавала яе, што яна занадта строга ставіцца да ўцекачоў, што трэба яшчэ шырэй адкрываць дзьверы і дазваляць узьяднаньне сем’яў, а нямецкая дзяржава занадта халодна і бюракратычна да гэтага падыходзіць. Так што самыя розныя гучаць меркаваньні.
Магчыма, Ангела Мэркель увойдзе ў гісторыю як самы пасьпяховы, прынамсі доўгатэрміновы, канцлер Нямеччыны. А пакуль можна даць такі прагноз, што яна будзе абраная канцлерам, паколькі і яе партыя мае моцныя пазыцыі, і партнэры па кааліцыі ня бачаць у нямецкай палітыцы яркую і больш прывабную альтэрнатыву.
Гурневіч: У Ангелы Мэркель ёсьць выдатныя шанцы, каб узначаліць урад Нямеччыны чацьвёрты раз. Хаця, канешне, пасьля перамогі Трампа трэба зарубіць на носе, што нішто ў нашым сьвеце няпэўнае. Але Мэркель гэта ўсё ж ня Клінтан, яна тры тэрміны ўзначальвала нямецкі ўрад і паказала, на што яна здольная. Мэркель вельмі пасьпяховы палітык. Вельмі эфэктыўная. Яна застаецца адным з самых моцных палітыкаў у сьвеце, а ня толькі ў Нямеччыне.
Саюз Мэркель па-ранейшаму апярэджвае сацыял-дэмакратаў на 8-10%. Пры непасрэдным параўнаньні зь яе верагодным канкурэнтам Зігмарам Габрыэлем рэйтынг Мэркель ва ўсіх апытаньнях значна лепшы.
Перадвыбарная барацьба лягераў у гэтым дапаможа: патэнцыйныя выбаршчыкі AFD ў гэтай сытуацыі сур’ёзна задумаюцца, ці можна пакінуць Саюз у бядзе і, такім чынам, даць шанец «чырвона-чырвона-зялёнай кааліцыі».
Страта папулярнасьці Мэркель, як казаў Віталь, зьвязаная і зь яе гасьціннай палітыкай адносна бежанцаў. Можна дапусьціць, што калі канцлерка зробіць некалькі моцных заяваў на гэтую тэму, трошкі падкарэктуе палітыку, каб залагодзіць незадаволеных прыхільнікаў, то сытуацыя зьменіцца
Дапамагчы ёй можа і той факт, што сацыял-дэмакраты фліртуюць зь зялёнымі. Таму CDU-CSU можна палохаць пагрозай левага ўраду кансэрватыўны электарат і такім чынам мабілізаваць яго на сваю карысьць. Тут я маю на ўвазе электарат «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (AFD), які можа палічыць больш карысным галасаваць за Мэркель, каб не драбіць галасы.
Страта папулярнасьці Мэркель, як казаў Віталь, зьвязаная і зь яе гасьціннай палітыкай адносна бежанцаў. Можна дапусьціць, што калі канцлерка зробіць некалькі моцных заяваў на гэтую тэму, трошкі падкарэктуе палітыку, каб залагодзіць незадаволеных прыхільнікаў, то сытуацыя зьменіцца. Зрэшты, эмігранцкі крызыс ужо і сьціх. Гэта таксама не на карысьць AFD. Ды і па вялікім рахунку Нямеччына выйшла зь яго сухой. Там, на шчасьце, не было ані замахаў, ані відовішчных антытэрарыстычных кампаній.
З пункту гледжаньня Беларусі канцлерка Мэркель — гэта найлепшы выбар на гэтую пасаду. Сваёй працай яна паказала сябе вельмі эфэктыўным эўрапейскім лідэрам, спакойнага і прынцыповага.
Цыганкоў: Нагадаю, што ў Нямеччыне не прамыя выбары, яны адбудуцца ў парлямэнце, і тая партыя, якая набярэ больш галасоў, і будзе выбіраць канцлера Нямеччыны. А прамога галасаваньня ў Нямеччыне няма.
Глод: На пачатку я хачу параўнаць сытуацыю ў Нямеччыне з Беларусьсю. Калі падыходзіць час чарговых выбараў беларускага прэзыдэнта, то ад людзей часта можна пачуць: а хто, калі ня ён — Лукашэнка? Ведаеце, калегі, раней мне здавалася, што гэтае пытаньне існуе толькі ў таталітарных краінах. Аднак, праглядаючы матэрыялы зь Нямеччыны, можна заўважыць і там такое ж меркаваньне. Хоць фармулюецца яно трошкі інакш: Ангела Мэркель пераможа таму, што ў Нямеччыне цяпер дэфіцыт на яркіх палітыкаў.
Мабыць, у нейкай ступені гэта сапраўды так. Міністар замежных спраў Франк-Вальтэр Штайнмайер, як альтэрнатыва ад сацыял-дэмакратаў? Але ж ён аднойчы ўжо саступіў на выбарах канцлера той жа Мэркель. Да таго ж цяперашні кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства нібыта зьбіраецца стаць прэзыдэнтам. Пасада гэта, канечне, высокая. Але па сутнасьці прадстаўнічая.
Канечне, у Мэркель вялікія ранейшыя заслугі. Немцы пра гэта ведаюць і гэта цэняць. А нямецкія выбарнікі да таго ж яшчэ і традыцыйна кансэрватыўныя
Канечне, у Мэркель вялікія ранейшыя заслугі. Немцы пра гэта ведаюць і гэта цэняць. А нямецкія выбарнікі да таго ж яшчэ і традыцыйна кансэрватыўныя. Але ж, з другога боку, існуюць і адмоўленыя для канцлеркі фактары: па-першае, яна цяпер не папулярная праз сваю міграцыйную палітыку, пра што ўжо казаў Віталь Цыганкоў. Па-другое, нельга скідваць з разьлікаў і звычайную стомленасьць ад адной і той жа асобы.
Аднак для многіх вельмі нечакана, што бліжэй да сёлетняй восені Мэркель выйшла са свайго піку непапулярнасьці, які ўзьнік праз мігранцкі крызіс. Менавіта палітыка адчыненых дзьвярэй прывяла да той абструкцыі, якую на пастку зрабілі спадарыні Мэркель яе землякі.
Аднак я хацеў бы заўважыць, што перш, чым Нямеччына абярэ канцлера, у краіне пройдуць парлямэнцкія выбары — выбары ў бундэстаг. Нямецкія экспэрты лічаць, што яны прынясуць перамогу ХДЗ-ХСЗ. І тады сумнеўна, што кіруючая каманда захоча замяніць Мэркель кімсьці зь іншых палітыкаў. Але ж Брэкзіт у Вялікай Брытаніі і прэзыдэнцкія выбары ў ЗША парушылі ўсе здавалася б верныя прагнозы. Так што давайце пачакаем да завяршэньня выбараў у бундэстаг.