Камітэт Генэральнай асамблеі ААН па правах чалавека 15 лістапада прыняў ініцыяваную Ўкраінай рэзалюцыю па акупаваным Расеяй украінскім Крыме, у якой даецца крытычная ацэнка правоў чалавека на паўвостраве. Расея ўпершыню называецца дзяржавай-акупантам на такім узроўні.
Мэтай рэзалюцыі называецца абарона канстытуцыйных правоў украінцаў (у тым ліку крымскіх татараў) на акупаваных тэрыторыях. У рэзалюцыі агучаны заклік да Расеі прадставіць міжнародным праваабаронцам мэханізм бесьперашкоднага доступу ў Крым дзеля маніторынгу сытуацыі з правамі чалавека. Таксама яе заклікаюць вызваліць незаконна затрыманых грамадзянаў Украіны, якіх судзяць, не прытрымліваючыся элемэнтарных стандартаў правасудзьдзя, вярнуць грамадзянаў Украіны, вывезеных з Крыму на тэрыторыю Расеі. Забарону Мэджлісу крымска-татарскага народу заклікаюць скасаваць.
За рэзалюцыю былі 73 дэлегацыі, супраць — 23, яшчэ 76 устрымаліся. У ліку тых, хто быў супраць: Расея, Беларусь, Віетнам, Вэнэсуэла, Інданэзія, Індыя, Ірак, Іран, Кітай, Куба, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Паўночная Карэя, Сынгапур, Сырыя, Таджыкістан, Узбэкістан, шэраг краінаў Афрыкі.
Беларусь спрабавала заблякаваць некалькі рэзалюцыяў — па Іране, Крыме, Паўночнай Карэі і Сырыі — праз працэдуру «No action motion» (прапанову наогул не разглядаць парадак дня). Але гэтую прапанову падтрымалі толькі 32 дэлегацыі, 101 — галасавала супраць.
Раней Беларусь не галасавала па «крымскай» рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ: 5 ліпеня ў Тбілісі без удзелу Беларусі прынялі спэцыяльную рэзалюцыю «Парушэньні правоў чалавека і асноўных свабодаў у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль».
На пытаньне «Чый Крым?» ня могуць адказаць і беларускае Міністэрства замежных справаў, і глёбусы, што прадаюцца ў Беларусі.