Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэст дзявочага азадка на фоне манумэнта Перамогі


Чаму грамадзтва так узрушыла гісторыя з эратычнай фотасэсіяй на плошчы Перамогі?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Ластоўскі разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота дзяўчыны, якая зьнялася ў майтках каля помніка Перамогі ў Менску. «Як быць? Зразумець і дараваць ці знайсьці і пакараць?» — спытаў міліцыянт парады ў аўдыторыі.

Ён адзначыў, што да яго прыйшоў запыт ад аднаго з карыстальнікаў сацыяльных сетак з просьбай адрэагаваць. Праз некалькі дзён Ластоўскі ўжо выдаліў допіс са сваёй старонкі, патлумачыўшы гэта тым, што было надта шмат камэнтароў.

Натуральна, што тэма выклікала гарачую дыскусію ў сацыяльных сетках, адгукнуліся на яе і многія СМІ.

Размову тут варта весьці ў двух кірунках — юрыдычна-прававым і маральна-этычным.

Любы чалавек можа здымацца на любым фоне, нават у майтках.

Як увогуле можна караць за гэты здымак? Маё стаўленьне да гэтага ў юрыдычна-прававым сэнсе абсалютна адназначнае: любы чалавек можа здымацца на любым фоне, нават у майтках, тым больш, што, напрыклад, улетку няма асаблівых адрозьненьняў у адзеньні людзей ад таго, што было на гэтым здымку. Сама пастаноўка пытаньня, прапанаваная спадаром Ластоўскім, падалася мне проста няправільнай, паколькі няма ніякіх падставаў з боку міліцыі караць гэтую дзяўчыну. У дараваньні яна не мае ніякай патрэбы, бо яна не зрабіла нічога супрацьзаконнага.

Другая тэма — наколькі гэта фотаздымак этычны і эстэтычны? Ці можа ён зьневажаць пачуцьці, паколькі фон — менавіта Плошча Перамогі і манумэнт? Некаторых людзей могуць зьняважыць і элемэнты адзеньня, і нестандартны зьнешні выгляд нефармалаў, і г. д. З гэтага пункту гледжаньня тэму зьнявагі пачуцьцяў мы маглі больш жорстка абмяркоўваць пасьля падзеяў у Эўропе, карыкатураў на Мухамэда, Хрыста.

Я на баку тых, хто лічыць, што ніякага пакараньня не патрэбна.

Тут выпадак значна больш мяккі, але мой падыход такі: калі лічыць, што некаторыя рэлігійныя альбо эстэтычныя пачуцьці зьняважаныя, і людзі патрабуюць за гэта пакараньня, то грамадзтва становіцца на вельмі сьлізкую дарожку, калі кожны можа вырашаць — ці дзяржава, ці нейкая супольнасьць — што зь іх пункту гледжаньня зьяўляецца абразай. Я на баку тых, хто лічыць, што ніякага пакараньня не патрэбна.

Усё ж такі манумэнт Перамогі не зьяўляецца нейкім сакральным месцам. Гэта ня Яма, дзе пахаваныя ахвяры Галакосту, гэта не Курапаты, ня могілкі. На Яме, у Курапатах гэта было б зьнявагай з пункту гледжаньня маралі і памяці тых людзей, якія там пахаваныя. Плошча Перамогі ўсё ж такі ўспрымаецца як месца публічнае, у цэнтры гораду, куды прыяжджаюць вясельлі, на якіх нявесты часам апранутыя ў кароткія сукенкі, з глыбокім дэкальтэ, і ніхто не называе гэта абразай пачуцьцяў.

Дракахруст: Сапраўды, такая цікавасьць да гэтай сытуацыі — ў шэрагу іншых падобных падзеяў, якія мы бачым у сьвеце. Гэта справа Pussy Riot у Расеі, акцыі FEMEN, масавыя пратэсты ў Эўропе супраць аднаполых шлюбаў, гэта пэўны элемэнт, дарэчы, і сёлетняй амэрыканскай выбарчай кампаніі.

Для людзей вельмі важнымі робяцца маральныя нормы. Яны заўсёды былі важнымі, але цяпер мы перажываем сусьветны экзыстэнцыйны крызыс, і таму такія тэмы часам выклікаюць значна большыя жарсьці, чым чыстая палітыка. Таму што гэта тычыцца месца чалавека ў сьвеце, сэнсу яго жыцьця.

З аднаго боку, можна сказаць, што гэта такі трэнд. Цікавы быў у свой час, на нейкі дзень сьвяткаваньня Перамогі, камэнтар сацыёляга Лідзіі Міхеевай, якая гаварыла пра «гламурызацыю Перамогі». Пра тое, што яна ператвараецца ў нейкі «няшны» пэрфоманс. І гэта не таму, што ўлада такая дурная і безгустоўная.

Ну і ўлада, можа, ня надта такая разумная і густ у яе ня надта вытанчаны, але і грамадзтва нейкім чынам пераходзіць у такі фармат сьвяткаваньня, радасьці з нагоды таго, што каштавала Беларусі мільёны жыцьцяў.

А калі б тая дзяўчына здымалася ў Курапатах? А на Яме? Таксама нармальна? Мяркую, што не.

Але вы, Віталь, на мой погляд, праводзіце правільную аналёгію, хаця я і не падзяляю вашу выснову. А калі б тая дзяўчына здымалася ў Курапатах? А на Яме? Таксама нармальна? Мяркую, што не.

Але я не зусім згодны, што Плошча Перамогі — гэта зусім іншае. Я думаю, што для многіх у Беларусі гэта таксама месца сьвятое, гэта своеасаблівая Магіла невядомага салдата. Як пісаў Бэнэдыкт Андэрсан, для нацыі «магіла невядомага салдата сьвятая менавіта таму, што там ніхто не ляжыць».

Невялічкі штраф, на мой асабісты старамодны погляд, гэтай дзяўчыне даць было б варта. Зразумела, на 2 гады заканапаціць, як «пусей» — ня трэба, але з тым, што шануецца нацыяй, так абыходзіцца ня варта.

Цыганкоў: А па якім артыкуле вы хацелі б даць ёй штраф?

Карбалевіч: Зьнявага грамадзкай маралі.

Дракахруст: Напрыклад. Вы ж самі сказалі, што такая фотасэсія ў Курапатах ці на Яме была б справай, якую нельга талераваць.

Цыганкоў: Я казаў толькі пра маральную ацэнку, ніякага штрафу юрыдычна не павінна быць гэтай дзяўчыне за падобны здымак ні на фоне Ямы, ні ў Курапатах, ні на плошчы Перамогі. Магло б быць толькі маральнае асуджэньне.

Карбалевіч: Калі б фота было не на фоне помніка Перамогі, то ўвогуле не было б пра што гаварыць. А тут можна казаць пра блюзьнерства, зьнявага над сьвятынямі. Гэта як танцы ў храме Pussy Riot ці карыкатуры пра прарока Мухамеда.

Недэмакратычныя рэжымы заўсёды больш акцэнтуюць увагу на тэмы маралі.

Увогуле, варта адзначыць, што недэмакратычныя рэжымы заўсёды больш акцэнтуюць увагу на тэмы маралі, яны нібыта стаяць на варце маральнасьці. Тое, што ў дэмакратычным грамадзтве зьяўляецца хутчэй тэмай грамадзкай дыскусіі, то ў недэмакратычным — гэта клопат дзяржавы. Прычым, спосабы барацьбы з грамадзкім непатрэбствам заўсёды адны і тыя ж: пакараць, забараніць, не дапусьціць да спажыўца, гледача ці слухача. Нават нейкая адмысловая камісія па маралі на чале з Мікалаем Чаргінцом існуе.

Але ўлады ставяцца да тэмы маралі вельмі выбарчна. Вось масавае адкрыцьцё казыно нібыта ніяк не шкодзіць грамадзкай маралі. Ці пэрыядычнае зьяўленьне кіраўніка дзяржавы на публіцы ў атачэньне маладых жанчын таксама нікога не напружвае.

Што тычыцца камэнтаў да гэтага фота. Там шмат сьцёбу. Калі па сутнасьці, то публіка раскалолася дзесьці папалам. Але нават тыя, хто асуджае, не вельмі патрабуюць жорсткага пакараньня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG