Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трамп не адмовіцца ад НАТО, бо гэта вельмі моцная сіла ў барацьбе з Расеяй»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.

Гурневіч: Пасьля перамогі Трампа журналіст The Wall Street Journal Джо Паркінсан напісаў у Твітары:

«Я магу ўявіць, што вы чуеце, як падае іголка ў Таліне, Рызе, Вільні, Кіеве, Кішынёве, Тбілісі, Сафіі...»

Паркінсан правёў аналёгію зь перадвыбарчымі заявамі Трампа пра бессэнсоўнасьць НАТО, пра зьмяншэньне выдаткаў на гэтую арганізацыю і пра наладжваньне добрых адносінаў з Расеяй. Журналіст удала прыкмеціў, што ва ўсходнеэўрапейскіх краінах перамога Трампа магла шмат каго ўсхваляваць. НАТО для краін, якія ўваходзілі ў склад альбо ў сфэру ўплываў СССР, зьяўляецца гарантыяй бясьпекі. Бясьпекі ад Расеі. Неістотна, што Ўкраіна і Грузія ня ў НАТО, мы ведаем, што альянс супрацоўнічае з гэтымі краінамі і праводзіць сумесныя вучэньні. Яны маглі заўсёды разьлічваць на Амэрыку.

Не без трывогі ва ўсходнеэўрапейскіх сталіцах чакаюць прызначэньня новага дзяржсакратара. Ужо пішуць, што ім стане Ньют Гінгрыч. Некалі ён сказаў, што ня варта рызыкаваць атамнай вайной праз Эстонію, паколькі гэта ня больш, чым прадмесьце Пецярбургу

Не без трывогі ва ўсходнеэўрапейскіх сталіцах чакаюць прызначэньня новага дзяржсакратара. Ужо пішуць, што ім стане Ньют Гінгрыч. Некалі ён сказаў, што ня варта рызыкаваць атамнай вайной праз Эстонію, паколькі гэта ня больш, чым прадмесьце Пецярбургу. Калі ўжо Эстонія для яго прадмесьце расейскага гораду, то цікава, чым у такім разе зьяўляецца Беларусь? Мікрараёнам Саратава? Для параўнаньня нагадваю, што казаў Буш-малодшы падчас візыту ў Вільню: «Тыя, хто б выбраў Літву сваім ворагам, стануць і ворагам ЗША».

Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп казаў, што Амэрыка і далей будзе гарантаваць бясьпеку хаўрусьнікаў па НАТО толькі ў тым выпадку, калі і яны выканаюць свае абавязкі адносна Амэрыкі. Дарэчы, што да Эстоніі, то яна адной зь першых у Эўразьвязе павялічыла свае выдаткі на абарону да 2% бюджэту. Увогуле НАТО ўжо даўно рэкамэндавала сваім чальцам пайсьці на гэты крок і многія так робяць.

У ліпені экс-міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт напісаў артыкул у The Washington Post пра пытаньне, якое мы тут абмяркоўваем. Ён выказаў думку, што ў замежнай палітыцы абавязковым зьяўляецца элемэнт непрадказальнасьці. Маўляў, патэнцыйныя ворагі не павінны прадбачыць рэакцыю на іх любыя дзеяньні. На яго думку, стратэгія Трампа заключаецца ў тым, каб ня стрымліваць дэспатаў, а рабіць зь імі бізнэс. Калі Трамп зьменіць падыход да хаўрусаў ЗША, то гэта стане найбуйнейшай стратэгічнай зьменай у ЗША на працягу ўсяго пакаленьня. А наступствы будуць вельмі сурʼёзнымі, лічыць Більдт.

Я перакананы, што гэта разумее і Трамп, і людзі, якія будуць ягонымі дарадцамі. Адзіная справа — палітычная кампанія, а іншая — рэальныя адносіны на міжнароднай арэне. Замежная палітыка ЗША на працягу дзесяткаў гадоў мянялася мінімальна.

Каліноўскі: Я б тут паставіў пытаньне крыху іначай, з іншага боку, з расейскага. Ці пойдзе Трамп на нейкія саступкі Расеі на шкоду краінам Усходняй Эўропы?

У Крамлі, зразумела, гэтага хацелі б. Але не да канца. Расея зрабіла з Барака Абамы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, свайго галоўнага ворага, Расея спадзявалася, што прэзыдэнтам будзе Клінтан і ўжо загадзя яе дэманізавала ў сваёй прапагандзе.

я б не сьпяшаўся з думкамі, што ЗША могуць здрадзіць Польшчы, Чэхіі, краінам Балтыі. Магчыма ЗША будуць больш патрабавальныя да эўрапейскіх членаў НАТО, каб яны больш выдаткоўвалі на абарону, каб не паразытавалі на вайсковай моцы ЗША і не спадзяваліся толькі на 5 пункт Статуту НАТО

А тут выйграў іншы кандыдат, у Дзярждуме пілі шампанскае. А дарма. Магу тут спаслацца на апазыцыйнага расейскага палітыка Дзьмітрыя Гудкова, які па выніках выбараў у ЗША і рэакцыі на іх у Расеі напісаў даволі цьвярозы пост у Фэйсбуку пра тое, што ўжо ў Крамлі не выключаюць, што Трамп не апраўдае іх спадзяваньняў.

Гуркоў далей піша: «Расейскай уладзе не патрэбен цяпер мір з Амэрыкай. Ёй патрэбен вобраз зьнешняга ворага, супраць якога будзе гуртавацца «расейская нацыя». Трамп у гэтым пляне, вядома, усіх зьдзівіў, але, цалкам магчыма, і ён хутка стане «чмом». Гэтак зьняважліва некаторыя расейцы абзывалі Барака Абаму.

Таму ў гэтым кантэксьце я б не сьпяшаўся з думкамі, што ЗША могуць здрадзіць Польшчы, Чэхіі, краінам Балтыі. Магчыма ЗША будуць больш патрабавальныя да эўрапейскіх членаў НАТО, каб яны больш выдаткоўвалі на абарону, каб не паразытавалі на вайсковай моцы ЗША і не спадзяваліся толькі на 5 пункт Статуту НАТО, які гарантуе, што ў выпадку агрэсіі звонку ўсе краіны блёку абараняюць краіну на якую напалі.

Гэта было б лягічна, каб Эўропа вучылася бараніць сябе сама і больш сродкаў выдаткоўвала на абарону.

Глод: 5 параграф Статуту НАТО — гэта так званы мушкецёрскі прынцып, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. І калі Трамп раптам адмовіцца ад падтрымкі НАТО, гэта будзе нейкая своеасаблівая адмоўная сэнсацыя! Але ўсё ж гэта, па-мойму, нерэальна. Па-першае, словы Трампа — гэта ўсё ж перадвыбарчая кампанія, па-другое, і дарадчыкі яго, і іншыя людзі проста не дазволяць гэта зрабіць, бо зламаць сыстэму НАТО — што можа быць больш страшнае, асабліва для эўрапейскіх саюзьнікаў? Канешне, вельмі вялікія спадзяваньні ўскладаюцца на сілы НАТО. Мой адзін калега нядаўна вярнуўся з Таліну, зь міжнароднай канфэрэнцыі, і сказаў, што зайшоў у гатэлі, у якім жыў, у бар, і там сядзяць нямецкія вайскоўцы. Пазнаёміліся — гэта якраз той батальён Нямеччыны, які знаходзіцца ў Эстоніі, якраз па лініі супрацоўніцтва з НАТО. І вось гэтыя сувязі зламаць, мне падаецца, усё ж нерэальна.

Але зьвярну вашу ўвагу на словы кіраўніка Эўракамісіі Жана-Клёда Юнкера. Ён заявіў у Бэрліне на мерапрыемстве, арганізаваным фондам імя Конрада Адэнаўэра, што стварэньне эўрапейскай арміі непазьбежнае. «Амэрыканцам мы многім абавязаны..., але яны ня будуць у доўгатэрміновай пэрспэктыве клапаціцца пра бясьпеку эўрапейцаў, — цытуе словы Жана-Клёда Юнкера РІА „Навіны“. — Гэта мы павінны зрабіць самі, і таму нам трэба даць новы ход пытаньні пра эўрапейскі абарончай саюзе аж да... стварэньня эўрапейскай арміі. Гэта музыка будучыні, і яна ўжо гучыць, толькі многія эўрапейцы пакуль яе ня чуюць».

тое, што НАТО будзе існаваць нават пры стварэньні адзінай эўрапейскай арміі — непазьбежна

Гэта заява, у якую, з аднаго боку, цяжка паверыць, а з другога можна прадставіць сабе такую сытуацыю, калі стварэньне эўрапейскай арміі і існаваньне НАТО не будуць супрацьстаяць адно другому і, магчыма, што нейкім чынам гэтая адзіная армія і ўпішацца ў гэты блёк. Ён можа неяк трансфармавацца, не ведаю, ці адыдуць ад традыцыйнай назвы, але тое, што супрацоўніцтва паміж заходнімі краінамі, Эўразьвязам і ЗША, у вайсковай галіне не можа быць падарванае, гэта аксіёма. Іншая справа, што нішто ня вечнае, усё мяняецца, знаходзяцца нейкія формы, і, магчыма, будзе сапраўды нейкае даволі істотнае зьмяненьне. Але тое, што НАТО будзе існаваць нават пры стварэньні адзінай эўрапейскай арміі — непазьбежна. Менавіта на НАТО спадзяюцца сёньня ва ўсёй Усходняй Эўропе, Таліне ці Рызе, Вільні ці Сафіі і інш. Апошнія падзеі ў Чарнагорыі: праз што там хацелі расейцы арганізаваць пераварот? Праз тое, што гэта невялічкая краіна хоча ўступіць у НАТО. Тое, што Эўразьвяз, гэта ня так непакоіць. Але тое, што НАТО — ужо вымушае прарасейскія элемэнты ўнутры Чарнагорыі, у Сэрбіі, вельмі моцна хвалявацца. НАТО — гэта вельмі моцная сіла ў барацьбе супраць Расеі і такая, якой ніхто ня будзе грэбаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG