Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вызвалілі Эдуарда Пальчыса


Удзельнічаюць ​Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў: Рэдактар сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сыльвэр, асуджаны на адзін год і дзевяць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў залі суду. Мера стрыманьня зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе. Такое рашэньне прыняў 28 кастрычніка Менскі гарадзкі суд.

Эдуарда Пальчыса засудзілі за ягоныя публікацыі: у дзевяці зь іх суд знайшоў «экстрэмізм», а ў адной — «распаўсюд парнаграфіі». Пракурор патрабаваў для яго 3,5 года турмы. Калі б гэта быў звычайны суд, гэта было б досыць нетыпова, калі судзьдзя дае нашмат менш, чым патрабуе пракурор. Але тыповым гэты суд назваць было нельга. Можна сказаць, што рашэньне суду было вельмі ў стылі беларускай улады — і прызналі вінаватым (у беларускай судовай сыстэме, як вядома, невінаватых не асуджаюць), і чалавек на волі. Такое геапалітычна «мудрае» рашэньне — дагадзіць і Расеі, і Захаду.

Праваабаронцы лічаць абвінавачаньне палітычна матываваным, Пальчыса яны прызналі палітвязьнем. «Рэпартэры бязь межаў» заклікалі яго вызваліць.

Беларуская ўлада паспрабавала ўседзець на двух крэслах.

Гэтае рашэньне суду, прынамсі для мяне, было досыць прадказальнае. Беларуская ўлада паспрабавала ўседзець на двух крэслах. Для Масквы пакралі блогера, які піша «антырасейскія» рэчы, і паказалі грамадзянскай супольнасьці, усім блогерам і журналістам, што такія рэчы ў Беларусі будуць карацца. А Захаду паказалі, што мы ж літасьцівыя і гуманныя.

Зьвярну ўвагу і на ўнутрыпалітычны аспэкт. Гэта пасыл грамадзянскай супольнасьці. Менавіта ж дзякуючы намаганьням і пратэстам грамадзянскай супольнасьці такі прысуд стаў магчымым. Справа Пальчыса стала знакавай, адной з самых важных для беларускага грамадзтва. Апошнія дні суду праходзілі пікеты, сам Эдуард прызнаваўся, што ён чуў, як пікетоўцы крычалі яго імя і «Свабоду Пальчысу», і гэта было для яго вялікай падтрымкай. Так што ўвага грамадзкасьці і яе актыўныя дзеяньні тут сталі значным плюсам.

Уладзімер Глод: Тры суб’екты чакалі гэтага прысуду: у Менску — грамадзянская супольнасьць, у Брусэлі — эўраструктуры, у Маскве — расейскія ўлады.

Ва ўчорашнім «Трайным удары» я выказаў сваё меркаваньне, чаму суд над Эдуардам Пальчысам быў закрыты. Улады вельмі не хацелі, каб гэты працэс стаў гучным. Усё ж ня любяць беларускія чыноўнікі, калі іх параўноўваюць са сталіністамі 1937-га. Адначасова, я думаю, улады прыглядаліся, як будзе рэагаваць на справу Пальчыса міжнародная супольнасьць, як будзе паводзіць сябе дэмакратычная супольнасьць Беларусі.

І, мне падаецца, рэакцыя істотна паўплывала на рашэньне ўладаў. Акцыі пад судом трывалі падчас кожнага паседжаньня. Пальчыс фармальна не журналіст. На яго нельга распаўсюджваць усе крытэры журналісцкай дзейнасьці. Але ён блогер. Чалавек, які працуе з інфармацыяй. Ён яе распаўсюджвае, выказвае свае думкі. Таму арганізацыя «Журналісты бязь межаў» патрабавала спыніць перасьлед і вызваліць яго.

Добра папрацавалі і беларускія праваабаронцы.

Добра папрацавалі і беларускія праваабаронцы. Часам мы забываем сказаць добрае слова пра іх, а менавіта яны запатрабавалі незалежнай міжнароднай экспэртызы тэкстаў, і яна засьведчыла, што выказваньні Пальчыса — не распальваньне варожасьці, а проста выказваньне думкі, прычым у дапушчальных формах.

Суд знайшоў праявы экстрэмізму. Міжнародная супольнасьць гэтага не знайшла, і калі б прысуд Эдуарду Пальчысу быў больш сур’ёзны, то можна было б класьці на шалі паперы з аднаго боку — суду, і з другога — міжнародных экспэртаў. Эўрапейская грамадзкасьць упэўнілася, што чалавек асуджаны не за тое, што ён зрабіў нешта экстрэмісцкае альбо распаўсюджваў парнаграфію, а менавіта за свае палітычныя погляды, пра што і казала ўвесь час дэмакратычная супольнасьць.

Менск чарговы раз правіў хітраватасьць, хуткую рэакцыю на магчымыя наступствы. Але я хачу заўважыць галоўнае ў гэтай справе: раней беларускія ўлады ня так прыслухоўваліся і ня так рэагавалі, ня думалі пра рэакцыю ў Брусэлі і Маскве. Цяпер падобна, што і з Масквой, і з Захадам усё ж ідзе вельмі сур’ёзная гульня, кожная стаўка ў якой вельмі важная. І таму мы неўзабаве пабачым і нейкія новыя крокі, фігуры, зьявы ў гэтай гульні.

Валер Карбалевіч: Зразумела, суд ня мог апраўдаць Эдуарда Пальчыса, таму што беларускія суды фактычна не выносяць апраўдальных прысудаў. Але я разьлічваў, што яму залічаць час знаходжаньня ў турме ў пакараньне і вызваляць безумоўна. Трохі памыліўся.

Учора ў нашай перадачы мы шмат казалі, што гэтая справа нікому не патрэбная. Чаму яна ўсё ж узьнікла?

Тут дзейнічала лёгіка палітычнага працэсу.

Акрамя задачы барацьбы з распальваньнем міжнацыянальнай варажнечы, як лічаць улады, тут дзейнічала лёгіка палітычнага працэсу. Завялі крымінальную справу. А Пальчыс зьехаў за мяжу. Праваахоўныя органы паводле стандартнай працэдуры падалі дакумэнты ў міжнародны вышук. Гэтага патрабаваў гонар мундзіра. І калі яго арыштавалі на расейскай тэрыторыі, дэпартавалі ў Беларусь, ён і быў пасаджаны за краты. Цяпер вызваляць яго пад падпіску аб нявыезьдзе было немагчыма.

Другі момант. Пакуль над чалавекам няма суду, яго цяжка называць паўнавартасным палітвязьнем. Гэтым і скарысталіся беларускія ўлады. Маўляў, які ж палітзьняволены, калі не было прысуду.

І, з гледзішча ўладаў, яны выйшлі з сытуацыі з найменшымі стратамі. Чалавек праседзеў шмат часу ў турме — значыць, пакараны. А паводле рашэньня суду выйшаў на волю, нібыта і няма палітвязьня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG