У Менску адбываецца саміт прэмʼер-міністраў краін Эўразійскага эканамічнага саюзу — Беларусі, Расеі, Казахстану, Кіргізіі і Армэніі.
Пасьля сустрэчы ў вузкім складзе за зачыненымі дзьвярыма пройдзе пасяджэньне Эўразійскай міжурадавай рады, у якім возьмуць удзел урадавыя дэлегацыі.
На пасяджэньні ў Менску плянуецца разгледзець 11 пытаньняў. Кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць праект новага Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнага саюзу і ўхваляць праект бюджэту ЭАЭС на 2017 год. Таксама бакі маюць абмеркаваць пытаньні, якія тычацца гандлёвай палітыкі і міжнароднай дзейнасьці Эўразійскай эканамічнай камісіі — наднацыянальнага рэгулюючага органа ЭАЭС.
Напярэдадні пасяджэньня прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрвію тэлеканалу «Мир 24» заявіў:
«Беларусь чакае, што краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу змогуць адысьці ад выняткаў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі».
«Мы ад ЭАЭС чакаем таго, што нашы тавары, нашы паслугі будуць мець магчымасьць бесьперашкодна распаўсюджвацца па рынку ў 180 мільёнаў спажыўцоў. Мы дабʼёмся таго, што бакі знойдуць магчымасьць узгадненьня і адыходу ад выняткаў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі і што любы тавар у любым пункце ЭАЭС ня будзе дыскрымінавацца і ўшчамляцца ў адносінах да іншых, перш за ўсё нацыянальных, тавараў на гэтай тэрыторыі. Гэта вельмі вялікая праца», — сказаў беларускі прэмʼер.