Сэнс жыцьця
Сэнс жыцьця
Палачанін Мікалай Панкрат стварыў адзіны ў Беларусі музэй Леніна і СССР

У 2007 годзе ў Полацку адкрыўся першы ў Беларусі музэй савецкай атрыбутыкі — «Эпоха Леніна». На двух паверхах свайго дома Мікалай Панкрат выставіў сотні бюстаў Леніна, савецкія значкі, цацкі і радыёпрыёмнікі — усяго каля 50 тысяч экспанатаў. Ён не бярэ платы за ўваход і не прадае музэй за 1,5 мільёна даляраў, якія яму прапаноўваюць.
Прайшоў час, і я гляджу, што Ленін стаў нікому не патрэбен
Сярод былых краінаў СССР лічыцца, што менавіта ў Беларусі савецкая спадчына найбольш захавалася. Але асобнага музэю, які б быў прысьвечаны савецкаму часу, дзе перададзены савецкі побыт, у нас няма.
Для музэю Мікалай Панкрат дабудаваў да свайго дома частку на 220 квадратных мэтраў
Напрыклад, у Літве ў 2001 годзе адкрыўся парк Грутас, куды з усёй краіны зьвезеныя савецкія скульптуры. Такі ж парк існуе ў Вугоршчыне. У цэнтры Бэрліна працуе музэй ГДР.
Не дачакаўшыся, пакуль такі музэй адкрыецца ў Беларусі, Мікалай Панкрат у 2007 годзе аддаў пад яго частку свайго дома. І назваў «Эпоха Леніна».
«Усе рэчы тут — з Савецкага Саюзу», — кажа Панкрат.
У 1990-я Панкрат прывозіў да сябе са сьметніцы цэлыя помнікі
Калекцыянэр зь дзяцінства, усё жыцьцё Мікалай Панкрат зьбіраў маркі і атрыбутыку, прысьвечаную Пушкіну. Будучы музэй пачаўся з адной статуэткі Дзяржынскага і шасьці бюстаў Леніна. Іх Панкрату аддалі знаёмыя, якія зьяжджалі ў Ізраіль. А ў пачатку 1990-х ён стаў прывозіць дахаты бюсты і нават помнікі Леніну, якія ў той час вывозілі на сьметніцу.
«Прайшоў час, і я гляджу, што Ленін увогуле стаў нікому не патрэбен, — кажа Панкрат. — Пакуль людзі спалі ці зьнішчалі ўсё гэта, я захоўваў».
Музэй бясплатны. Як можна ацаніць мінулае?
У хаце зьяўлялася ўсё больш бюстаў і шыльдаў, і месца для экспанатаў стала бракаваць. Адмыслова для іх Мікалай Панкрат пабудаваў другую частку дома — два паверхі плошчай 220 квадратных мэтраў. У 2007 годзе адкрыў сваю калекцыю для наведнікаў.
Толькі бюстаў Леніна тут больш за 400 штук
Афіцыйна "Эпоха Леніна" ня мела статусу музэю. Панкрат называе яго музэем нават не прыватным, а хатнім.
Тут сапраўды ўсё па-хатняму. Ад стэнда зь Ленінамі можна збочыць у кабінэт Панкрата, а далей — ты ўжо ў жылой частцы дома. Раніцай, калі прыяжджаюць карэспандэнты, у музэі пахне смажанай рыбай: гатуецца абед.
Усяго тут каля 50 тысячаў экспанатаў
Нават грошай за ўваход Панкрат не бярэ. Але не таму, што не дазваляе падатковая інспэкцыя. Музэі, лічыць ён, павінны быць бясплатнымі. Бо дзяржава ня мае права браць грошы за тое, што паказвае людзям іхнае мінулае.
«Мінулае — гэта ж не тавар, — кажа Панкрат. — Паводле якіх крытэраў я магу ацаніць ягоны кошт?»
З 2007 году ў музэі некалькі разоў зьмянялася экспазыцыя і нават назва. Сёньня былая «Эпоха Леніна» – гэта музэйны комплекс «Сэнс жыцьця» ў складзе музэяў «А.С.Пушкін. Погляд зь мінулага» і "Выгада Айчыны — нашая выгада".
«Гэты музэй сапраўды прысьвечаны майму жыцьцю. Спачатку ў ім было больш Пушкіна, а потым савецкая эпоха стала мяне цікавіць».
На першым паверсе ў Панкрата ўсё расстаўлена храналягічна. Савецкія цацкі — ягонае дзяцінства; школьныя граматы і значкі — час вучобы; вайсковыя атрыбуты — служба ў войску.
Куток Сталіна
Адзін пакой цалкам застаўлены савецкімі радыёпрыёмнікамі і тэлевізарамі. Панкрат кажа, што ўсё ў працоўным стане.
«Ды ў мяне тут будзе зь дзясятак гатовых тэматычных музэяў: Пушкіна, Леніна, Дзяржынскага, радыёпрыёмнікаў — што заўгодна».
Усяго ён мае каля 50 тысяч экспанатаў, многія зь якіх сапраўды ўнікальныя. Кубак матроса, што служыў на Аўроры, ці арыгінальная шыльда зь месца гібелі Гагарына — усё гэта ён ці атрымаў у падарунак, ці набыў за свае грошы, ці абмяняў.
«Мне тут месца не хапае, — кажа Панкрат. — Адсоткаў 70 выстаўлена, а ўсё адно трэба большае памяшканьне. Прынамсі разоў у пяць».
Я ўсіх папярэджваю, каб не задавалі пытаньня, чаму тут вісіць «Пагоня»
Мікалай Панкрат ратаваў ленінаў са сьметніц, выкупляў за ўласныя грошы дзяржынскіх і сталінаў. Але ніякай камуністычнай ідэалёгіі ў стварэньне свайго музэя ня ўкладаў. Нават у Кампартыі ня быў.
«Вось так паміж дума сьцягамі я і жыву», — кажа Панкрат
«Вы ня думайце, што я паказваю, якім добрым быў Савецкі Саюз, — кажа Панкрат. — Так, нешта сапраўды там было цікава. Але нічога добрага я там ня бачыў. Толькі пяць гадоў, што працаваў у ГДР».
Таксама вельмі не па-камуністычнаму на ўваходзе ў музэй вісіць бел-чырвона-белы сьцяг і цэлая калекцыя «Пагоняў».
«У мяне пад гэтым сьцягам вучыўся сын, — кажа Панкрат. — Гэта таксама маё жыцьцё. Гэта гісторыя».
Бела-чырвона-белы і чырвона-зялёны сьцягі вісяць у музэі побач. Як і ляжаць выданьні Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў. Тут жа гіпсавы Скарына і партрэт Лукашэнкі.
«Пагоня – гэта частка нашай гісторыі», - кажа Панкрат
«Я нікога не баюся. Я ўсіх папярэджваю, каб не задавалі пытаньня, чаму тут вісіць "Пагоня". Ня раю. Сваю думку можаце пакінуць у кнізе водгукаў».
Хачу, каб дзяржава купіла музэй у мяне, бо гэта здабытак нашай краіны
Музэй вядомы па-за межамі Полацку, але трапіць без навігатара туды складана. Ён месьціцца ў Задзьвіньні — раёне прыватнага сэктару. Нідзе няма паказальнікаў. А пошукавік не знаходзіць сайту музэю ні па якіх ключавых словах.
«У мяне ўжо брэнд раскручаны, людзі з усяго сьвету едуць. А горад нават паказальнік ня можа паставіць. Хоць я ж гэтым музэем Полацак падымаю, а не сябе».
І хоць «Сэнс жыцьця» не ўваходзіць у звычайныя турыстычныя маршруты, за дзевяць гадоў гэты хатні музэй наведалі 13 тысяч чалавек з 58 краінаў сьвету.
Экспанатаў тут хапае на некалькі тэматычных музэяў
На ўсіх гэтых тысячах наведнікаў Панкрат зарабіў 50 даляраў — столькі грошай яму пакінулі ў скарбонцы на ўваходзе ў музэй. Адзінае, што прыносіць прыбытак, — продаж падвойных экспанатаў. Але й яны хутка скончацца.
Каб калекцыя і адзіны музэй савецкай эпохі захаваліся, Мікалай Панкрат хацеў бы прадаць яго цалкам. Але пры ўмове, што музэй застанецца ў Беларусі.
Экспанатаў тут хапае на некалькі тэматычных музэяў
«Мне расейцы 1,5 мільёна даляраў прапаноўвалі. Хоць заўтра забяруць усё. Але я хачу, каб ён застаўся ў нас. Хачу, каб нашая дзяржава знайшла грошы і купіла музэй у мяне. Бо гэта здабытак нашай рэспублікі».
Credits

Аўтар: Антон Трафімовіч. Фота: АШ, Дызайн і распрацоўка Pangea Design.

2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода