Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незалежнасьць зь неба» і Гедройць — адзін на траіх?


Пра асноўныя падзеі 24 кастрычніка з сайту Свабоды

3,5 ГАДОЎ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ ЗА ПАТРЫЯТЫЗМ

Пазбавіць свабоды стваральніка сайту 1863x.com Эдуарда Пальчыса на тры з паловай гады запатрабаваў пракурор на закрытым судовым працэсе, які адбываўся сёньня ў Менскім гарадзкім судзе. «Усіх, хто абвінавачвае мяне ў тым, што я люблю Беларусь — я лічу здраднікамі» — сказаў Пальчыс у сваім апошнім слове, тэкст якога перадала ў СМІ ягоная адвакатка. Вынясеньне прысуду Эдуарду Пальчысу адбудзецца ў пятніцу.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ЯК ВЫНІК ЗМАГАНЬНЯ

Палітык і гісторык Валянцін Голубеў адказаў аматарам параўноўваць незалежнасьць Беларусі са сьнегам («Незалежнасьць звалілася беларусам на галаву»). «Тым, хто не змагаўся ці змагаўся супраць, проста гаварыць. На іх гэтая незалежнасьць звалілася. Мы, дэпутаты апазыцыі — я сур’ёзна гэта кажу, я не баюся гэтых словаў, гэта ня патас, гэта праўда, — мы за гэта змагаліся. Мы ня ведалі, чым гэта скончыцца для нас, але незалежнасьць Беларусі — для нас гэта была ідэя, гэта быў ідэал. І мы змагаліся, і мы дабіліся. І мы перамаглі ў гэтым, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай».

У ВОРШЫ ГІНЕ ПОМНІК АРХІТЭКТУРЫ 18 СТАГОДЗЬДЗЯ

Шмат гадоў змагаліся аршанскія актывісты за тое, каб помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя — кляштарам базыльянаў — прывялі ў належны стан. Пра паўнавартасную рэстаўрацыю нават ня марылі — хаця б уратаваць ад сьнегу, дажджу і ветру, бо дах абваліўся, а вокны выбітыя. З 2006 году будынак перададзены Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы, і толькі цяпер усталяваны дах. На вокны грошай, паводле прадстаўнікоў эпархіі, няма. І пакуль помнік старажытнага беларускага дойлідзтва гіне — тая эпархія распачынае будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ў Віцебску.

ПРЭМІЯЛЬНАЯ АРЫТМЭТЫКА

Толькі-толькі сьціхлі (альбо прыпыніліся) спрэчкі ды сваркі з нагоды літаратурнай прэміі Гедройця, як у адзін дзень былі ўручаныя аж тры літаратурныя прэміі: імя Алеся Адамовіча, Францішка Багушэвіча і Карласа Шэрмана. Ляўрэатамі адпаведна сталі Уладзімер Арлоў (за кнігу «Імёны Свабоды»); Сьвятлана Марозава (за кнігу «Сваёй веры ламаць ня будзем...»: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 — 1839 гады) і Дзяніс Лісейчыкаў (за працу «Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596 — 1839)»); Якуб Лапатка (за пераклад зь фінскай мовы эпас «Калевала», выдавец Зьміцер Колас).

Як бачым, прэміі — тры, а ляўрэатаў — чатыры (і нельга сказаць, што нехта зь іх ня варты ўзнагароды). Між іншым, у практыцы літаратурнай набэліяны здаралася, калі прэмію дзялілі паміж двума ляўрэатамі; ну а Нобэль у фізыцы звычайна і даюць тром, а то і двум. І падумалася: а магчыма, і Гедройця трэба даваць аднаго — на траіх? Грошай будзе меней, затое меней і сварак :)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG