Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школа ад 9.00: Радасьць для меншасьці, бяда для большасьці


Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.
Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.

Усе дарослыя, напэўна, маюць гэта сярод ўспамінаў зь першых школьных клясаў: зіма, цемра, мароз, пабудка раньнім ранкам, сьняданак, які ў горла не лезе, хныканьне «не хачууууу ў школу», дарога да той школы і першы ўрок да ўзыходу сонца, калі хочацца глядзець у акно на вулічны ліхтар і серабрыстыя пералівы сьнегу на дрэвах, а ня слухаць настаўніцу.

У сярэдніх клясах гэтыя ранішнія пабудкі ўжо не выклікалі такіх эмоцыяў — наадварот, вельмі хацелася ў першую зьмену, каб да другой гадзіны «адстраляцца» з урокамі, схадзіць у музычную школу ці на трэніроўку, зрабіць урокі і пагуляцца з сябрамі. У старэйшых клясах час рабіўся яшчэ больш каштоўным, і калі з нейкай патрэбы даводзілася затрымацца ў школе гадзіны да трэцяй-чацвёртай, гэта не выклікала ніякай радасьці: трэніроўкі, танцавальныя і тэатральныя студыі, рэпэтытары і курсы для паступленьня. Таму прачыналіся з 6.00 да 7.00 ды спакойна ішлі ў школу.

Абаронцамі нявыспаных дзяцей сталі ня толькі бацькі, але і перакананыя чайлд-фры, прычым ідэя Аляксандра Лукашэнкі, бацькі сына-школьніка, успрымаецца імі як прагрэсіўны крок.

Гэта праходзілі амаль усе мы. Але калі днямі кіраўнік краіны раптам выступіў з прапановай перанесьці ўрокі ў школах на 9.00, бо дзецям трэба паспаць лішнюю гадзіну, многія бацькі успрынялі гэтую ідэю зь нечаканым энтузіязмам. Раптам знайшлося нямала тэарэтыкаў, якія даводзілі, што паводле законаў фізіялёгіі а восьмай гадзіне раніцы чалавек ня здольны да ўспрыманьня інфармацыі. Таксама выявілася, што многіх маіх суграмадзян турбуе загружанасьць транспарту і заторы на дарогах з сёмай да восьмай раніцы, калі дзяцей вядуць (вязуць) у школу. Абаронцамі нявыспаных дзяцей сталі ня толькі бацькі, але і перакананыя чайлд-фры, прычым ідэя Аляксандра Лукашэнкі, бацькі сына-школьніка, успрымаецца імі як прагрэсіўны крок.

Ідэя пачынаць урокі ў 9.00 з пункту гледжаньня псыхафізіялёгіі насамрэч выглядае рацыянальнай. Але давайце паглядзім, да чаго гэта прывядзе на практыцы. Малодшых школьнікаў павінны весьці на вучобу бацькі, або іншыя дарослыя, якіх на гэта афіцыйна ўпаўнаважаць (бабулі, старэйшыя браты-сёстры, нянькі). Калі пачынаецца працоўны дзень у большасьці працаздольных дарослых? Звычайна ў 9.00. То бок, да восьмай раніцы дзяцей прыводзяць у школу, а потым ідуць на працу. Менавіта з гэтай прычыны ўрокі пачынаюцца ранавата, калі арганізм яшчэ не прачнуўся на 100 адсоткаў.

Большасьць бацькоў будзе вырашаць квэст: як закінуць дзіця ў школу і пасьпець на працу.

Прывесьці дзіця ў школу да 9.00 і не паламаць свой працоўны графік могуць сабе дазволіць фрылансэры, хатнія гаспадыні, сем’і, у якіх да гадаваньня дзяцей актыўна падключаныя бабулі і дзядулі ці іншыя сваякі, прадстаўнікі асобных прафэсій з гнуткім або ненармаваным графікам працы, кшталту тэатральных актораў, праграмістаў ці выкладчыкаў з няпоўнай нагрузкай. А большасьць бацькоў будзе вырашаць квэст: як закінуць дзіця ў школу і пасьпець на працу.

Многім жанчынам давядзецца адмаўляцца ад неблагой працы і чакаць, пакуль дзіця не навучыцца зьбірацца ў школу самастойна — так склалася, што менавіта жанчыны ў нас ахвяруюць кар’ерай дзеля дзяцей, а не мужчыны.

Абаронцы нявыспаных дзяцей часам цьмяна ўяўляюць, што такое нармальна разьвіты малодшы школьнік.

Дарэчы, наконт самастойных збораў. Абаронцы нявыспаных дзяцей часам цьмяна ўяўляюць, што такое нармальна разьвіты малодшы школьнік і як у яго з уменьнем хутка зашпільваць гузікі на куртцы і замыкаць дзьверы ў кватэры. Гэта я не кажу пра тое, каб дзіця само прачнулася пад будзільнік, устала з ложку, пасьнедала і своечасова выйшла з дому.

Нармальнае дзіця толькі гадоў каля дзесяці дарастае да такога ўзроўню разьвіцьця валявой сфэры, каб падчас збораў у школу не адцягваць увагу на драбязу і разьлічваць свой час, упэўнена апранацца, правяраць заплечнік і самастойна сьнедаць. Калі вы пакінеце без нагляду 7-8 гадовага, ён можа дайсьці да школы ўроку на трэцім.

Пры гэтым ён верагодна забудзецца навязаць шалік, ня возьме пакет з формай на фізкультуру, пакіне ўключаным сьвятло ва ўсёй кватэры і згубіць ключы. А калі заняткі перанесьці да 9.00, то дзяцей давядзецца пакідаць адных, бо ў 8.00 самі бацькі павінны выходзіць на працу. Затое дзеткі могуць лішнюю гадзінку паспаць.

Калі ўрокі будуць пачынацца зь 9.00, то працоўны дзень у настаўнікаў стане на гадзіну даўжэйшым.

Разгледзім іншы варыянт, які адстойваюць прыхільнікі такіх рэформаў — адчыніць у школах клясы-пачакальні, куды дзяцей можна прыводзіць у любы час перад урокамі і пакідаць пад наглядам пэдагогаў. Па-першае, пачакальняў давядзецца адчыняць па некалькі на адну паралель і на іх таксама трэба ставіць дарослага пэдагога. А калі ўрокі будуць пачынацца зь 9.00, то працоўны дзень у настаўнікаў стане на гадзіну даўжэйшым (і урокі адпрацуй, і схадзі на дзяжурствы ў такія пачакальні). Па-другое, каля восьмай гадзіны такія клясы будуць перапоўненыя ўжо зусім пабуджанымі дзецьмі, якія будуць нудзіцца бяз справы да 9.00, пакуль іншыя дзеці высыпаюцца дома. Ідэя даць дзецям паспаць лішнюю гадзіну зноў правальваецца — дзеці прачынаюцца ў 6.00-7.00 і каля 8.00 прыходзяць у школу, каб нічым там не займацца, апроч беганіны па клясе і боек.

Перанос урокаў на гадзіну пазьней робіцца выгадным для бацькоў, якія самі любяць паспаць раніцай і маюць такую магчымасьць. І іх у маштабах краіны ня так ужо і шмат.

Так ці іначай, але перанос урокаў на гадзіну пазьней робіцца выгадным для бацькоў, якія самі любяць паспаць раніцай і маюць такую магчымасьць. І іх у маштабах краіны ня так ужо і шмат. Дарэчы, рэкамэндацыя адпраўляць дзяцей у ложак на гадзіну раней таксама ўспрымаецца нэгатыўна: сам кіраўнік краіны сказаў, што дзіця «ўсё адно раней не ляжа». Ляжа — калі да гэтага прывучыць. Іншая рэч, што ўкладваньне спаць таксама квэст, і ня ўсе хочуць яго рашаць.

У сярэдніх клясах вадзіць дзіця ў школу ўжо не трэба — сам зьбярэцца і прыйдзе, нават прыедзе на транспарце з перасадкамі. Але ў сярэдніх клясах большая нагрузка — музыка, танцы, спорт ды іншыя гурткі і сэкцыі паводле інтарэсаў. У старэйшых клясах — рэпэтытары, а ў некаторых выпадках нават падпрацоўкі. Сядзець у школе да 16.00, а потым да ночы разьбірацца зь іншымі справамі?

Дадамо яшчэ, што ў Беларусі нямала школаў на тысячу і болей вучняў, якія працуюць у дзьве зьмены. Калі першая зьмена будзе пачынацца ў 9.00, то і другую зьмену трэба пачынаць у 15.00. Цудоўна сабе ўяўляю, якая працаздольнасьць будзе ў школьніка на ўроках пасьля сёмай вечара...

Восьмая раніцы — сапраўды не аптымальны час для інтэлектуальнай актыўнасьці, але ж нельга сказаць, што дзеці абавязкова будуць адчуваць сябе заспанымі кажанамі ў такую рань. Чалавечы мозг ужо збольшага абудзіўся і яго можна нагружаць адносна лёгкімі заданьнямі — напрыклад, ставіць першымі ўрокі па літаратуры або геаграфіі, якія проста разагрэюць інтэлектуальную актыўнасьць.

Пры гэтым час з 13.00 да 15.00 — гэта пэрыяд натуральнага спаду, а пры пераносе заняткаў на гадзіну пазьней дзецям давядзецца працаваць тады, калі трэба рабіць паўзу на абед і прагулку, бо новы ўздым актыўнасьці будзе каля 16.00.

Я бачу мэтазгодным пачынаць урокі ў 9.00 толькі ў першым-другім клясе, каб дзеці адаптаваліся да школьнага раскладу пасьля садка.

Асабіста я бачу мэтазгодным пачынаць урокі ў 9.00 толькі ў першым-другім клясе, каб дзеці адаптаваліся да школьнага раскладу пасьля садка, дзе заняткі пачынаюцца ў такі самы час. Далей, па меры нарастаньня навучальнай нагрузкі губляць раніцай ажно гадзіну — дарагое задавальненьне.

І апошняе: цяперашнія школьнікі далёка ня ўсе будуць фрылансэрамі, праграмістамі, артыстамі і агентамі па нерухомасьці, хатнімі гаспадынямі і ўладальнікамі ўласнага бізнэсу. Некаму давядзецца працаваць на заводзе, на тэлефоне ў службе даведкі, выкладаць, кіраваць цягнікамі і самалётамі, дзяжурыць у лякарні і браць аналізы крыві ў паліклініцы, або проста быць чыноўнікамі ці офіснымі супрацоўнікамі, чый працоўны дзень пачынаецца рана. Тым, хто меў досьвед датрыманьня рэжыму і графіку, будзе лягчэй засвоіць такія ўмовы гульні ў дарослым жыцьці.

Карысны навык, хіба не?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG