Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп плянуе падаць у суд на газэту The New York Times. Пра гэта заявіў адвакат мільярдэра.
На мінулым тыдні выданьне апублікавала артыкул, у якім сьцьвярджаецца, што Трамп у падатковай дэклярацыі за 1995 год абвясьціў аб стратах на суму больш за 900 мільёнаў даляраў. Гэта дазволіла мільярдэру легальна зьнізіць падатковыя выплаты на наступныя 18 гадоў.
Газэта не ўдакладніла, ці скарыстаўся Трамп падатковымі паслабленьнямі. Адвакат Трампа назваў публікацыю незаконнай, паколькі падатковая справаздачнасьць апублікаваная бяз згоды бізнэсоўца.
Супернік Трампа на выбарах — кандыдат ад дэмакратаў Гілары Клінтан — раней неаднаразова крытыкавала мільярдэра за адмову апублікаваць падатковую дэклярацыю. Пасьля артыкулу The New York Times яна назвала Трампа неплацежаздольным бізнэсоўцам. Прыхільнікі мільярдэра ў адказ заявілі, што ён стварыў дзясяткі тысяч працоўных месцаў для амэрыканцаў.