Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе мяжа эканамічнай цярплівасьці беларускага грамадзтва?


Ільяш: Учора ў цэнтры ўвагі беларускіх СМІ нечакана апынуўся трагічны выпадак у Бабруйску. Як стала вядома, 38-гадовы сьлесар Дзьмітры Аляксееў, які працаваў на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, павесіўся ў заводзкім падвале. Сваякі нябожчыка распавялі СМІ, што на крайні крок яго прымусілі пайсьці фінансавыя праблемы, зь якімі сутыкнулася сям’я. Напярэдадні ён атрымаў квіток зь мінусавым заробкам.

З аднаго боку, я б не хацеў шмат увагі засяроджваць менавіта на гэтым выпадку, тым больш што ўсіх акалічнасьцяў гэтага здарэньня мы ня ведаем — магчыма, цяжкае фінансавае становішча было не галоўнай, або не адзінай, прычынай самагубства. Зь іншага боку, выпадак у Бабруйску ўсё роўна прымушае задумацца пра эканамічнае становішча краіны, а гэтае становішча сапраўды складанае, што, вядома, не навіна. Дарэчы, каб пераканацца ў тым, што значная частка насельніцтва Беларусі ледзь зводзіць канцы з канцамі, дастаткова паглядзець у дадзеныя Белстату наконт сярэдніх заробкаў — напрыклад, тых жа бюджэтнікаў.

У гэтай сувязі мне згадваецца досыць распаўсюджаны ў беларускім паліталягічным дыскурсе тэзіс пра тое, што найслабейшае месца палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — неэфэктыўная эканоміка. Маўляў, эканамічная сытуацыя будзе непазьбежна пагаршацца, раней ці пазьней грошы ў дзяржаве скончацца — і ўжо тады пачнуцца масавыя пратэсты, якія прывядуць ці да рэвалюцыі, ці, прынамсі, да кардынальнай трансфармацыі палітычнай мадэлі. Карацей кажучы, эканоміка па-над усім.

Не скажу, што гэты тэзіс ня мае права на жыцьцё, але, на маю думку, падзеі апошніх пяці гадоў хутчэй абвяргаюць яго. Выявілася, што мяжу эканамічнае цярплівасьці беларусаў знайсьці досыць складана.

Рэзкае зьніжэньне даходаў беларусаў у 2011 і 2015 гадах, некалькі хваляў калясальнай па сваіх маштабах дэвальвацыі, хранічная інфляцыя і павышэньне тарыфаў, увядзеньне новых падаткаў — усё гэта ні да якага сацыяльнага выбуху ці хаця б істотнага росту апазыцыйных настрояў не прывяло. У апошнія гады ў Беларусі назіралася істотнае падзеньне ўзроўню жыцьця, але гэта не справакавала ніякіх прыкметных пратэстаў.

І гэта пры тым, што, з аднаго боку, у апошні год, калі пайшла так званая лібэралізацыя, сілавікі наагул не разганяюць мітынгі, а зь іншага боку, да эканамічных хваляваньняў беларускія ўлады заўсёды ставяцца больш уважліва, чым да выключна палітычных пратэстаў. Мне здаецца, што наагул адзіная пратэстная акцыя за апошнія гады, якая прымусіла ўлады пайсьці на саступкі, — гэта была акцыя «Стоп-бэнзін» у 2011 годзе. Выпадак насамрэч проста выключны.

На маю думку, у прынцыпе памылкова лічыць, што эканамічныя праблемы аўтаматычна прыводзяць да рэвалюцыяў або проста трансфармацыяў палітычных сыстэмаў. У рэчаіснасьці ніводная з эўрапейскіх рэвалюцыяў канца XX стагодзьдзя — пачынаючы з «аксамітных» рэвалюцыяў 1980-х гадоў і заканчваючы двума ўкраінскімі Майданамі — не была вынікам «галодных бунтаў». Відавочна, што далёка ня кожны эканамічны крызіс прыводзіць ня толькі да рэвалюцыяў, але і да масавых пратэстаў. Тут патрэбныя і іншыя ўмовы.

А як вы лічыце, калегі, ці можа эканамічны крызіс у Беларусі прывесьці да сацыяльнага выбуху? І дзе мяжа эканамічнай цярплівасьці беларускага грамадзтва?

Глод: Цягам апошніх гадоў, калі лета набліжаецца да заканчэньня, Генадзь Фядыніч, Аляксандар Бухвостаў ды некаторыя іншыя лідэры прафсаюзнага і рабочага рухаў абяцаюць: вось наступіць восень, і ў краіне пачнуцца масавыя пратэсты працоўных. Наступае восень, і... нічога не зьмяняецца. Чаму?

Давайце вернемся да гісторыі Дзьмітрыя Аляксеева. Паглядзіце, як яе камэнтуе кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў. Ён кажа, што калі б самагубца зьвярнуўся да сваіх начальнікаў ці да каго-небудзь яшчэ па дапамогу, то на гэта закрылі б вочы. Не дапамаглі б і таварышы — цяпер такія часы, што ніхто ня можа дастаць з кішэні грошай і пакласьці іх на стол. Некалькі гадоў таму рабочыя на гэтым заводзе атрымлівалі па 500–700 даляраў на месяц, а сёньня ў сярэднім каля 280. Асобныя катэгорыі рабочых і ўвогуле маюць толькі ад 100 да 150 даляраў. Здаецца, калі начальству ўсё роўна, а рабочыя ўсе бедныя, то самы раз пачынаць страйкаваць. Гэта ў тэорыі.

А насамрэч той жа прафсаюзны лідэр лічыць самагубства Аляксеева «прыватным выпадкам, які ня можа даваць ацэнку настроям іншых работнікаў». То бок калегі Аляксеева на вуліцу ня пойдуць. Хоць сытуацыя ў прамысловасьці шмат дзе набліжаецца да крытычнай — многія заводы перайшлі на няпоўны працоўны тыдзень, людзей скарачаюць, заробкі падаюць.

Цяпер многія згадваюць самыя масавыя страйкі і пратэсты рабочых у Беларусі ў красавіку-траўні 1991 году. Тады дзясяткі тысяч працаўнікоў з большасьці менскіх заводаў выйшлі на цэнтральныя праспэкты і плошчы сталіцы, пратэстуючы супраць падвышэньня цэнаў. Некаторыя лічаць, што гэта можа хутка паўтарыцца.

Я да такой магчымасьці стаўлюся скептычна. У 1991 годзе людзі працавалі на савецкіх прадпрыемствах, калі дзяржава і заканадаўства абаранялі працоўных у тым сэнсе, што чалавек не баяўся страціць працу. Людзей прывучылі, што праца заўсёды ёсьць. Гэта першае. Па-другое, гэты выхад на плошчу быў тады, калі цэнтралізаваная ўлада страчвала сілу. Савецкі Саюз развальваўся на вачах. І адміністрацыйная сыстэма ўжо не спрацоўвала. Таму людзі не баяліся выходзіць: праца ёсьць, кантрактнай сыстэмы няма, улады амаль што няма. Зусім іншая была сытуацыя.

Я думаю, пакуль народ на вуліцы ня выйдзе. Ён выйдзе толькі тады, калі дойдзе да стану галечы. Дый у лідэраў свабодных прафсаюзаў не хапае сілаў, каб абвясьціць страйк. Пакуль рабочыя зносяць усё, што зь імі робяць улады. А трываць яны яшчэ будуць невядома колькі. Таму я асабіста і не бяруся акрэсьліць дакладную мяжу цярплівасьці беларусаў.

Карбалевіч: Я б ня стаў рабіць з гэтага трагічнага выпадку ў Бабруйску нейкіх вялікіх высноваў. Бо там, мусіць, былі і асабістыя праблемы. Дзьмітры Аляксееў выпіваў, зь сям’ёй былі праблемы.

Але, зразумела, існуе вялікая праблема ў пляне таго, што беларускае грамадзтва псыхалягічна не гатовае да сацыяльна-эканамічнага крызісу. Бо ў рамках беларускай сацыяльнай мадэлі дзяржпрадпрыемствы выконвалі, акрамя эканамічнай, яшчэ і сацыяльную функцыю. Яны забясьпечвалі поўную занятасьць і гарантаваны мінімум заробкаў. Лукашэнка доўгі час забараняў звальняць работнікаў. Людзі прызвычаіліся да стабільнасьці. Мабільнасьць працоўнай сілы была нізкая. Большасьць працоўных псыхалягічна не гатовыя да таго, каб мяняць месца працы і месца жыхарства.

Я ўзгадваю, як колькі гадоў таму па БТ паказвалі сюжэт пра паездку Лукашэнкі ў адзін з правінцыйных гарадоў. Падчас сустрэчы з жыхарамі адна з жанчын дзякавала прэзыдэнту за шчасьлівае жыцьцё і казала, што я тут пражыла ўсё жыцьцё, мае дзеці тут жывуць і працуюць і, спадзяюся, мае ўнукі таксама тут будуць жыць і працаваць. Вось гэта добрая ілюстрацыя да беларускай мадэлі, да патрыярхальнага сьвету беларускай правінцыі, да беларускай мары, беларускай псыхалёгіі.

Але ў ХХІ веку так жыць немагчыма. Мадэрнізацыя патрабуе мабільнасьці грамадзтва, мабільнасьці працоўнай сілы. У рынкавай эканоміцы кожны год тысячы фірмаў банкрутуюць і адначасова тысячы зноў ствараюцца. Таму беларусам трэба будзе перажыць сацыяльна-псыхалягічную ломку.

Прычым беларусы аддаюць перавагу індывідуальнаму выхаду, а не калектыўнаму. Таму і няма масавых пратэстаў, хоць ужо другі год адбываецца крызіс.

Што тычыцца мяжы цярплівасьці. Ніхто яе ня ведае. Гэта, хутчэй, псыхалягічная праблема. Цяжка прагназаваць нейкія сацыяльныя забурэньні, бо гэта залежыць ад псыхалягічных чыньнікаў, якія цяжка пралічыць.

Беларусы не пратэстуюць з розных прычынаў. Тут і страх рэпрэсіяў, і кантрактная сыстэма, якая паралізуе ўсякі пратэст, і спадзеў на ўладу, якая абяцае, што вось-вось эканоміка запрацуе. І адсутнасьць мэханізмаў ці інстытутаў, з дапамогай якіх можна было б арганізаваць пратэст. Напрыклад, няма сапраўдных прафсаюзаў.

Магчыма, толькі затрымкі з выплатай заробкаў могуць стаць тым чыньнікам, які падштурхне да пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG