Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэйзаж з паводкай


Валянцін Акудовіч, «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне»; «Логвінаў», 2015.

Калі пішаш пра такіх сур’ёзных людзей, як Акудовіч, то найперш хочацца і сябе дурнем ня выставіць, адначасова і вываліць усё, што пра яго ведаеш, а яшчэ і пра канкрэтную кнігу трэба нешта сказаць. Усё гэта ад вялікай любові. І ў той жа час ад пастаяннай спрэчкі (унутранай, чытацкай) з Валянцінам Васільевічам, якая ў мяне прынамсі цягнецца паўтара дзясятка гадоў.

Зрэшты, Акудовіча ўсе крытыкуюць. Вось і мой малы падышоў да кнігі, якую я сьпярэсьціў алоўкам упоперак і ўздоўж, ды і сказаў: «Ну і што,"прачнуцца ранкам у сваёй краіне". Я, напрыклад, кожны раз так прачынаюся. Так не бывае, каб прачынацца ў чужой». Ня стаў я дыскутаваць з нашчадкам, гаварыць пра незалежнасьць, пра Беларусь, якая, канечне, ёсьць і тым ня меней увесь час прагне праваліцца ў якую-небудзь лужыну — аж да сваёй адсутнасьці. Пазьней, выпрабоўваючы на людзях сваю беларускую мову, ён сам адчуе подых Няма, у яго найпрасьцейшай праяве. І можа быць, успомніць пра гэтую кнігу і паспрабуе даведацца пра аўтара.

Акудовіч сапраўды надзейны філёзаф — тэмы, якія яго турбуюць, вырастаюць з самай трывіяльнай беларускай рэчаіснасьці

Рэч у тым, што ў гэтым пляне Акудовіч сапраўды надзейны філёзаф — тэмы, якія яго турбуюць (ён сказаў бы «вярэдзяць»), вырастаюць з самай трывіяльнай беларускай рэчаіснасьці, якая ў нашых бясконцых дажджах, сьнягах і неверагодных вёснах і летах. За гэта Акудовіча ня надта каб шануюць у акадэмічным асяродку, ды і некаторыя інтэлектуалы з маіх знаёмых ставяцца да мысьляра, скажам так, дваіста. Разам з тым, навошта Беларусі яшчэ адзін інстытуцыялізаваны філёзаф? Хіба мы заўважым зьнікненьне ці зьяўленьне аднаго зь іх? Сярод пяці дзясяткаў акадэмікаў НАН Беларусі двое — філёзафы, але я ня ўпэўнены, што нават на ганку Міністэрства культуры мінакі назавуць сацыёлягам гэтыя прозьвішчы.

А ўсё таму, што акадэмія наша — па-ранейшаму ў мінулым, і ад сучаснай культуры адгароджаная надзейным парканам квадратна-гнездавога піяр-мэнэджмэнту, а Валянцін Акудовіч — неадлучная частка найноўшай беларускай культуры. Пры тым, я б нават сказаў, што ён — частка беларускай прозы, што ўжо зусім ніяк з акадэмічнасьцю не карэлюе, бо гэта «ненавукова» й «недысэртабэльна». За ўсім тым разнатраўем тэмаў, якое красуе й буяе ў кнізе «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне», у кожным тэксьце, у кожным фрагмэнце ці афарызьме — праглядаецца закончанасьць літаратурнага твору, і менавіта яго эстэтычная вартасьць, зноў жа, прынамсі мяне заўсёды прыцягвала найперш.

То бок ня важна, пра што — але Акудовіча чытаеш абавязкова, бо гэта будзе якасна. Магчыма, і яму самому гэта не абыякава; добра валодаючы інструмэнтарыем і тэрмінасыстэмамі некалькіх філязофскіх школ, ён і ў новай кнізе адыходзіць на два крокі назад ад акадэмічнага «макрамэ» ў бок літаратуры. Безумоўна, яму гэтага ніколі не даруюць.

Неназваны аўтар анатацыі папярэджвае, што «гэта ня кніга, а збор тэкстаў», але па прачытаньні такога ня скажаш. Як падалося, уважлівыя чытачы Акудовіча, акрамя новых і даўно знаёмых тэкстаў, адкрыюць для сябе нечаканыя, у нейкім сэнсе элегічныя, інтанацыі. Роздум (аўтар бы сказаў «здумленьне») над прыродай творчасьці ў самім сабе, лёгкія афарызмы і накіды-зацемкі, якія ня стануць дакладам на нейкім чарговым сымпозіюме, але менавіта ў іх выдатна чуецца хрыплаваты голас Акудовіча. То бок, бясспрэчна, тая канцэптуалізацыя кожнай кнігі, якая была вельмі важнай для мысьляра ўсю дарогу — «Мяне няма», «Разбурыць Парыж», «Дыялёгі з Богам», «Код адсутнасьці», «Кніга пра Нішто» — сканцэнтраванасьць на адной скразной мэтафары тут непрысутная. Ці непраяўленая. Разам з тым, «шматкі дыскурсаў» на скразьняках дыскрэтнасьці хіба таксама ствараюць пэўны вобраз? Як і ўсё, што «трапляе ў пераплёт» — бо гэта, увогуле, уласьцівасьць кнігі як факту культуры.

Кажучы пра элегічнасьць, трэба гаварыць і пра адсутнасьць, улюбёную тэму Акудовіча, спрафанаваную ў хохмах, але, як на мяне, вельмі важную для кожнага, хто вучыцца здароваму розуму. Акудовічаўская «адсутнасьць» бачыцца сынонімам дэканструкцыі, галоўнай прыладай працы філёзафа і, магчыма, адзіным мэтадам, які трывала прыжыўся ў нас, пераляцеўшы ад поструктуралістаў. То бок, тыя дзясяткі вялікіх князёў і каралёў, якія раптоўна былі прынесеныя ў Беларусь зьменлівым ветрам перабудовы, былі Валянцінам Акудовічам акуратна разабраныя і ўрэшце выявіліся голымі. Падобная галізна сэнсу, пасьля акудовічаўскага разбору палётаў, часам і нават часта ўводзіла групы абрабаванага нацыянал-дэмакратычнага насельніцтва ў тугу па страчаным стэрэатыпе, а то і ў ятру. А ён працягваў свой няўдзячны чын: дэканструяваўся БНФ, Пазьняк, Арлоў, беларускі нацыяналізм, магчымая беларусізацыя, адзіная канцэпцыя нацыянальнай гісторыі, адзіны літаратурны працэс — урэшце ўсё «адзінае», за якім бачыўся нялюбы лёгацэнтрызм, і ў тым ліку — Бог.

Там, дзе пішацца пра Беларусь і беларусаў зь іх прагай да аўтарытарных, маналягічных практык, з Акудовічам цяжка не пагаджацца і гэтак жа цяжка зь ім не спрачацца, калі вядзецца пра дэканструкцыю Бога.

Баруканьне, а не дыялёг з Богам ўзьнікае ў першай кнізе Акудовіча і цягнецца ўжо амаль два дзясяткі гадоў, і «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» тут ня выключэньне, адно што багаборства тут праяўляецца ў розных жанрах — нават і зусім малафарматных, як постніцшэанскія афарызмы ці чаранаўска-розанаўскія мініятуры. Недзе ў гэтым рэчышчы і праходзіць разлом і мая асабістая спрэчка тэкстамі Акудовіча, бо там, дзе пішацца пра Беларусь і беларусаў зь іх прагай да аўтарытарных, маналягічных практык, з Акудовічам цяжка не пагаджацца і гэтак жа цяжка зь ім не спрачацца, калі вядзецца пра дэканструкцыю Бога. Да таго ж вядзецца даволі эмацыйна, зухавата і, на мой чытацкі погляд, недзе і вульгарызавана.

Чамусьці я ўвесь час змушаны вяртацца да вышэйзгаданага — магчыма, гэтак паводзіцца дыктуе сам матэрыял, сам аўтар, які ня раз і ня два ўваходзіў у свае ўлюбёныя тэмы цягам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў — аднак зноў хачу ўчапіцца за памянёную элегічнасьць кнігі «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне». Пад ёю я маю на ўвазе ня толькі лёгкую настальгію мысьляра па мінулым, асабліва ярка выяўленую ў тэксьце пра мужчынскі клімакс і лішак жыцьця, але і пэўны роздум на руінах былых ілюзій — можа быць, на палях выйграных некалі бітваў, перамога ў якіх не прынесла сьветлае будучыні. Інтэрнэтная будучыня сама зьмяніла ўсе сацыяльныя практыкі, прастору і ўрэшце самую культуру, дзе цяпер і аналітыкі-дэканструктары, як і аналітыкі наагул, мусяць добра пашукаць сабе месца і сэнс існаваньня.

Гэтак мне ўбачылася кніга — як пэўная «справаздача па роспачы».

Гэтак мне ўбачылася кніга — як пэўная «справаздача па роспачы», у якой і сам мысьляр зноў апынаецца на былым юначым раздарожжы. Перад ноччу і новым днём.

«Падлеткам я вельмі моцна шкадаваў людзей, якія жылі ў ранейшыя, натуральна, спрэс цёмныя эпохі, і моцна зайздросьціў тым, хто будзе жыць яшчэ і пасьля мяне — у бляску скрозь праменістай будучыні. Мінула ўсяго колькі там дзесяцігодзьдзяў, але як перайначыўся сьвет! Сёньня я шкадую маладых людзей ды зайздрошчу сабе, падлетку, які марознымі вечарамі выходзіў з хаты на ганак і пільна ўглядаўся ў зіхоткае прадоньне на галавой. Натуральна, тады я нічога яшчэ ня ведаў пра Альбэрта Швэйцэра, які заклікаў штодня знаходзіць час, каб хоць якую гадзіну пасумовіцца сам-насам зь нябёсамі. Хоць і безь яго заклікаў быў пэўны, што чалавек магчымы адно таму, што ёсьць неба.

Цяпер я цешуся са сваёй адсутнасьці ў будучым, бо яго на маіх вачах вылегчылі ад вышыні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG