Добры вечар! Кажуць, да нас ляціць Джэкі Чан! Што там вырасла ў прэзыдэнцкім агародзе пад гэтую нагоду?
ПОСЬПЕХІ НА ЗАХОДНІМ ФРОНЦЕ. Аляксандар Лукашэнка пахваліўся, што дабіўся «ашаламляльных» вынікаў у абеларушваньні каталіцкай царквы ў Беларусі. Ён сказаў гэта на сустрэчы зь япіскапамі праваслаўнай царквы ў Беларусі, якая, дадаў, служыць узорам для іншых канфэсій, што тычыцца падрыхтоўкі сьвятароў з грамадзян Беларусі. Каб яшчэ кіраўніцтва БПЦ рыхтавалі зь беларусаў, то, можа, і быў бы нейкі ўзор.
ЯШЧЭ АДЗІН ТУРЭМНА-СУДОВЫ КАШМАР. У Слуцку хаваюць 37-гадовага Ігара Барбашынскага, які зь невядомых прычынаў памёр у турме ў Жодзіне. Ігар разам з братам пасьля наведваньня начной кавярні былі затрыманыя міліцыянтамі і дастаўленыя ў мэдвыцьвярэзьнік. Адтуль браты патрапілі ў паліклініку зь пераломамі рабрын і шматлікімі гематомамі. Калі напісалі заяву пра зьбіцьцё іх міліцыянтамі, супраць іх узбудзілі крымінальную справу і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. Ігар не дачакаў заканчэньня судовай справы.
У ГОРАДНІ ПАБОЛЬШАЕ ЖЫЦЬЦЯ. Усяго тыдзень, як у Горадні адкрыўся Цэнтар гарадзкога жыцьця. «У нас будуць адбывацца сустрэчы, прэзэнтацыі, выставы, адкрытыя дыскусіі. Мы хочам ініцыяваць сьвежыя і сьмелыя ідэі, якія павінны прасоўваць створанае гарадзенцамі і што, нават больш істотна, абуджаць у гарадзенцаў жаданьне ствараць, любіць свой горад і Беларусь» – кажа заснавальнік цэнтру Павал Мажэйка.
ПАГАДНЕНЬНЕ, АДНАК. Упершыню за 20 год Беларусь і ЗША падпісалі міжурадавае пагадненьне – аб абароне і захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў. Што гэтае пагадненьне дасьць Беларусі, ніхто нічога не паведамляе, але кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей заяўляе, што яно сьведчыць аб паляпшэньні палітычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Ура!