Унучак, няўрымсьлівы ветрык, носіцца па сьцежках-дарожках у яе кветкавым раі, гольцае праз сходкі, пераскоквае праз высокія камяні на кветкавай горцы. Спрытны хлопчык. Ды ўсё ж часам падае, набівае сінякі. Яна прамывае, загладжвае, залечвае ягоныя ранкі. Прыкладвае лісток бабкі, што расьце тут жа, між кветак. А яшчэ абвязвае сваім мяккім шалікам:
Паглядзіш: дапамагае.
Хлопчык верыць. Боль сыходзіць...
Унучак ляціць у хату, выскоквае з шалікам для малое стрыечніцы, што плача, бо параніла пальчык. Падае ёй, каб абвязаць, настойліва даводзячы:
Паглядзіш: дапамагае!
Унучак адлятае. Так далёка, куды і вецер тутэйшы не даляціць. Яна дае яму шалік:
Калі будзе балець табе, любы, памятай: дапамагае...
Альжбета Кеда
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org