Аднойчы я стаяла ў чарзе ў аддзеле тканінаў сталічнага ГУМа. Мне трэба было набыць мэтар штучнага футра незвычайнай, папугайскай афарбоўкі. Каштавала тое футра нядорага, каля 100 тысяч старых рублёў. Стоячы ў павольнай чарзе, я разгаварылася са сваімі суседкамі і прызналася, што працую музычным кіраўніком у дзіцячым садку, а футра патрэбнае для танца папугайчыкаў у сярэдняй групе.
— І вы набываеце за свае ўласныя грошы? — са зьдзіўленьнем спыталася адна з маіх суседак, маладая яшчэ кабета.
— А што рабіць? — паціснула я плячыма ў адказ. — Дзяржава грошай не дасьць, ад бацькоў не дапросішся, а танцы ставіць трэба.
— Слухайце, давайце я вам набуду мэтар гэтага футра? — прапанавала яна. — Усё адно гэта нядорага, дый зьніжкі...
Выпадковая жанчына, дзеці ці ўнукі якой не ходзяць у мой садок, дапамагла мне ў тым, што называюць «паляпшэньнем матэрыяльнай базы». Падала мне міласьціну.
Яна прымусіла мяне прыняць гэтае нечаканае ахвяраваньне, а я сыходзіла з ГУМа з крыху дзіўным адчуваньнем: зусім выпадковая жанчына, дзеці ці ўнукі якой не ходзяць у мой садок, дапамагла мне ў тым, што называюць «паляпшэньнем матэрыяльнай базы». Падала мне міласьціну.
Праз колькі месяцаў Папугай у касьцюме з таго футра забаўляў малых на навагоднім ранішніку, а выхавацелі пераказвалі мне, што некаторыя бацькі абураюцца просьбамі здаць па 50 тысяч старых рублёў на аздабленьне залі і падрыхтоўку да ранішнікаў. Маўляў, паборы.
За гады працы я пасьпела завесьці дурную звычку — набываць за свае грошы стужкі для танцаў, наборы цацачных музычных інструмэнтаў для самых маленькіх, тканіну для касьцюмаў (якія сама ж навучылася шыць), бліскучую самаклейную паперу і каляровы кардон, сінтэпон (зь яго атрымліваюцца прыгожыя сьнежныя краявіды для навагодняга дэкору), вышыванкі і ручнікі (бо па такой нізкай цане грэх не набыць), лапікі лёгкай тканіны для развіцьця эмацыйнай успрымальнасьці падчас слуханьня музыкі, аркушы ватману (для ялінак, сонейка і многага іншага), гумкі, якія мацуюцца да шапак і іншых элемэнтаў касьцюмаў...
Некаторыя матэрыялы я закупляю ў прамысловых аб’ёмах — калі гумка, дык мэтраў дваццаць, на пару навучальных гадоў хопіць, калі кардон, то тры наборы на адзін навучальны год. Прадавачкі шалеюць, калі я прашу пятнаццаць мэтраў стужкі з беларускім нацыянальным арнамэнтам: «А вам куды столькі?». А мне ў садок столькі, на фальклорнае сьвята. Вышыванкі ў нас у дэфіцыце, дык хоць стужкамі абыдземся, каб нікому з дзяцей не было крыўдна без касьцюма. Прычым гэтыя стужкі потым пазабіраюць дадому і ня вернуць, каб налета іншыя пакарысталіся.
У нашай сыстэме адукацыі працуе немалая колькасьць «вучылак», якія стараюцца быць цікавымі выхаванцам і вучням і ўкладваюць у свой прафэсійны рост грошы з уласнага маленькага заробку.
Часам бацькі даведваюцца пра такія выдаткі і кампэнсуюць. Часам мне выпісваюць дадатковую прэмію з фонду эканоміі. Будзем лічыць, што маё да мяне вяртаецца. Я не адна такая, магу вас запэўніць: у нашай сыстэме адукацыі працуе немалая колькасьць «вучылак», якія стараюцца быць цікавымі выхаванцам і вучням і ўкладваюць у свой прафэсійны рост грошы з уласнага маленькага заробку. Некаторыя называюць гэта служэньнем, але гэта ўжо залішняя экзальтаванасьць, як на маю думку.
Дзяржава выдаткоўвае нам капейчыну на мэтадычную літаратуру — у маім выпадку гэта 4 новыя рублі з капейкамі на месяц. Недзе тыдзень таму я акурат набыла два дапаможнікі па музычным выхаваньні, якія абышліся мне ў 15 рублёў новымі. То бок, я за раз перавысіла месячны ліміт амаль у чатыры разы. Многія рэпэртуарныя зборнікі і дапаможнікі не перавыдаюцца гадамі, а яны патрэбныя.
Дазволена спампаваць у электронным выглядзе і раздрукаваць — раздрукоўка можа каштаваць удвая болей за кніжку, асабліва, калі на працы ў прынтэры памірае картрыдж і трэба ісьці ў найбліжэйшую «ксэракопію». На друкаваньне плянаў, кансультацыяў і сцэнараў за адзін навучальны год ідзе да двух блёкаў офіснай паперы, нават з улікам таго, што чарнавікі выводзяцца на леташняй скарыстанай паперы.
Па вялікім рахунку, усе гэтыя выдаткі — нармальная інвэстыцыя ў прафэсію.
Па вялікім рахунку, усе гэтыя выдаткі — нармальная інвэстыцыя ў прафэсію. Фатограф сам сабе набывае добры фотаапарат, а праграміст — магутны кампутар, цырульнік — набор інструмэнтаў, а візажыст — касмэтыку. Але ж у Менску музычныя кіраўнікі дзіцячых садкоў зарабляюць прыкладна ад 300 да 500 рублёў «новымі» — залежыць ад адукацыі, загружанасьці, стажу і катэгорыі. Пагадзіцеся, што фінансавы «відэлец» у гэтага росту вельмі вузкі, а маральным задавальненьнем сыты не будзеш.
Зь іншага боку, кожнага разу, калі бацькі з самымі шчырымі намерамі скідваюцца на касьцюмы, атрыбутыку або іншыя патрэбныя для заняткаў рэчы і вяртаюць мне патрачаныя грошы, я адчуваю, што мне падаюць міласьціну. Кожнага разу, калі я расьпісваю, колькі каштуе новая мішура для навагодняй ялінкі і колькі сотняў шарыкаў трэба для гірлянды, я адчуваю, што прашу міласьціну.
Добрым лічыцца той пэдагог, які ўмее маніпуляваць і «раскручваць» на выдаткі, каб потым не было скаргаў.
Наша дзяржаўная сыстэма адукацыі фармальна бясплатная, таму бацькі маюць права разглядаць як паборы кожную просьбу набыць тыя ці іншыя рэчы для навучаньня сваіх дзяцей. Добрым лічыцца той пэдагог, які ўмее маніпуляваць і «раскручваць» на выдаткі, каб потым не было скаргаў. Дрэнным — той, хто наўпрост патрабуе. А той, хто набывае за свае, лічыцца вар’ятам, бо ня ўмее і не хоча прасіць міласьціны. І я думаю, што няма нічога больш прыніжальнага для «вучылкі», чым гэтую міласьціну атрымліваць. Нават калі пэдагог не ўсьведамляе гэтага прыніжэньня.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.